Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы дэсант расейскіх журналістаў у Беларусь


Ігар Карней, Менск Ад 9 да 12 кастрычніка з чарговым прэс-турам у Беларусі будзе знаходзіцца вялікая група супрацоўнікаў расейскіх мэдыяў. Гэта адзін з найбольш масавых дэсантаў прадстаўнікоў СМІ Расеі за апошнія гады: беларускі бок арганізуе прыезд і разьмяшчэньне журналістаў 72 рэгіянальных і 6 фэдэральных рэдакцый, зь іх 11 – тэлерадыёкампаніі. Усяго – болей за сто чалавек. Зь якімі мэтамі яны накіроўваюцца ў Беларусь?

Арганізатарам туру традыцыйна выступае амбасада Беларусі ў Маскве.

У праграме вандроўкі – сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаўных ведамстваў, наведваньне прамысловых, сельскагаспадарчых, вайсковых, культурных аб’ектаў у Менску і на Магілёўшчыне. Як кажа Натальля Радзіна, рэдактарка інтэрнэт-сайту “Хартыя-97”, некаторыя расейскія журналісты ў складзе вялікіх прэс-групаў цягам апошніх гадоў па некалькі разоў наведвалі Беларусь, што падштурхоўвае да пэўных высноваў:

“Увогуле ня думаю, што гэта журналісты ў чыстым выглядзе. Гэта хутчэй такія “ваяжоры”, якія атрымліваюць грошы за напісаньне хвалебных артыкулаў пра Беларусь. І ўвогуле – гэта ўжо такія своеасаблівыя “бізнэсоўцы”, а не журналісты”.

Пакуль не вядома, ці заплянаваная сустрэча расейскіх журналістаў з Аляксандрам Лукашэнкам.

Сярод прадпрыемстваў, з працай якіх плянуюць пазнаёміць расейцаў, – “Белшына”, “Белатміт”, піваварная кампанія “Сябар”, шклозавод “Ялізава”, “Агралінк”, гаспадарка “Гігант”. Акрамя таго, госьці наведаюць 15-ю зэнітна-ракетную брыгаду войскаў супрацьпаветранай абароны і ўжо атрымалі дазвол на візыт у Цэнтральны камандны пункт Міністэрства абароны. Пад канец знаходжаньня ў Беларусі расейцаў павязуць у горналыжны цэнтар “Сілічы”.

А. Старыкевіч: “Візыт раззлуе кіраўніцтва Расеі”

Як перакананы намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Аляксандар Старыкевіч, візыт прадстаўнікоў СМІ Расеі ў Беларусь можа мець не зусім той эфэкт, на які разьлічваюць беларускія ўлады:

“Складваецца ўражаньне, што тут нейкая фанатычная спроба камусьці штосьці даказаць. Бо ніякіх падставаў лягічных для запрашэньня такога дэсанту цяпер няма. Гэта ўсё мела сэнс, калі захоўваліся прэтэнзіі Аляксандра Лукашэнкі на расейскі трон у 1990-х. Але ад таго часу ўжо шмат мінула, і сёньня пра гэта ўсур’ёз гаварыць не даводзіцца. Адзіны вынік, які можа быць – гэта, канешне, фармаваньне станоўчага іміджу цяперашняга беларускага кіраўніцтва ў расейскіх рэгіёнах.

Аднак я ня ўпэўнены, што гэта будзе занадта дорага каштаваць Беларусі. Маю на ўвазе нават не выдаткі на прыезд, разьмяшчэньне і розныя забаўкі калегаў з Расеі, а тое, што падчас гэтага мерапрыемства будуць чарговыя заявы ў піку Крамлю, якія здольныя толькі дадаткова раззлаваць расейскае кіраўніцтва. Пасьля гэтага кошты на газ будуць яшчэ вышэйшыя”.

Сёлета гэта трэці візыт журналістаў з Расеі ў Беларусь. У параўнаньні з ранейшымі гадамі, паказьнік вельмі сьціплы. Напачатку 2000-х вялікія групы расейскіх карэспандэнтаў прыяжджалі ў Беларусь па 6-7 разоў.

• Хто аплачвае паездкі расейскіх журналістаў у Беларусь? , 14.12.2004 • У складзе чарговай расейскай журналісцкай дэлегацыі ў Менск прыехалі Брэжнеў і Гарбачоў, 8.12.2004
XS
SM
MD
LG