Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нецьвярозы кіроўца ўгрыз супрацоўніка ДАІ


Юлія Шарова, Менск Агляд недзяржаўнай прэсы

“Народная воля” друкуе інтэрвію з аўтарам ідэі Балта-чарнаморскага нафтавага калектару Станіслава Гусака, які 30 гадоў прапрацаваў у беларускай энэргетыцы. Сярод іншага, спадар Гусак разважае пра ідэю пабудовы ў Беларусі АЭС. Увогуле ён падтрымлівае гэтую ідэю і лічыць, што зьяўленьне АЭС стане крокам наперад у энэргетыцы, але з пэўнымі заўвагамі: ён лічыць, што афiцыйная прапаганда апошнiм часам адстойвае iнтарэсы Расеi, і ўпор робiцца на тое, што расейскiя ядзерныя рэактары ня горшыя за заходнiя. Экспэрт лічыць, што калі ў Беларусі паставяць расейскі рэактар, то паліўныя элемэнты для яго таксама будуць расейскія, а гэта зробіць энэргазалежнасьць ад суседняй краіны стоадсоткавай.

Крычаўская газэта “Вольны горад” дасьледуе праблему: чаму ў Крычаўскім раёне няма якаснага хлеба. Паводле вэрсіі газэты, мясцовыя чыноўнікі не пускаюць у раён прадукцыю іншых хлебазаводаў, якія маглі б скласьці канкурэнцыю мясцоваму прадпрыемству.

“Наша слова” працягвае друкаваць матэрыялы да біяграфіі генэрала Кіпрыяна Кандратовіча. Апавядае галоўны рэдактар выданьня Станіслаў Суднік:

“Гэта новая інфармацыя пра службовы шлях міністра Беларускай Народнай Рэспублікі, генэрала ад інфантэрыі Кіпрыяна Кандратовіча. Калісьці мы ўжо друкавалі інфармацыю, потым выходзіла кніга, цяпер яшчэ далей працягваем капаць. Можа быць, дакапаемся да дзёньнікаў, бо дзёньнікі генэрала ёсьць, яны ляжаць у Англіі. Пакуль іх не даюць”.

Газэта “Ганцавіцкі час” апавядае пра кур’ёзны выпадак: жыхар адной зь вёсак Ганцавіцкага раёну быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі й дзяржаўтаінспэкцыі за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане. Міліцыю выклікалі аднавяскоўцы, якія заўважылі, што спадар езьдзіць па вёсцы на вельмі высокай хуткасьці. Затрымаць парушальніка было няпроста, а калі яго ўсё ж злавілі й пасадзілі ў міліцэйскую машыну, каб адвезьці ў Ганцавічы, ён моцна ўгрыз супрацоўніка дзяржаўтаінспэкцыі за руку. Цяпер яго будуць судзіць за супраціў праваахоўным органам – кіроўцу пагражае да трох год абмежаваньня волі.
XS
SM
MD
LG