Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінюст хоча разабрацца з жаночай партыяй "Надзея"


Уладзімер Глод, Менск 9 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі разгледзіць пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускай жаночай партыі “Надзея”. Дзейнае заканадаўства прадугледжвае тры магчымыя пакараньні для палітычных партыяў: папярэджаньне, часовае прыпыненьне дзейнасьці і, нарэшце, ліквідацыю. Міністэрства настойвае на самым жорсткім пакараньні.

У Міністэрстве юстыцыі традыцыйна адмаўляюцца ад усялякіх камэнтароў. Аднак лідэр жаночай партыі Алена Яськова, якая мае тэкст заявы Мінюсту, гаворыць: партыю абвінавачваюць “у сыстэматычных парушэньнях дзейнага заканадаўства ды ігнараваньні патрабаваньняў рэгіструючага органу”.

Старшыня партыі Алена Яськова – прафэсійны юрыст. Вось яе камэнтар:

“Міністэрства юстыцыі патрабуе нейкія дакумэнты прадставіць цягам аднаго дня. А калі не пасьпееш, дык адразу пішуць, што гэта парушэньне заканадаўства. Таму я ў якасьці падрыхтоўкі да судовага паседжаньня зьвярнулася да судзьдзі з хадайніцтвам, каб Міністэрства юстыцыі прадставіла дакумэнты аб паўнамоцтвах сваіх супрацоўнікаў у справе праверкі палітычных партыяў. Таму што ў законе ёсьць артыкул аб неўмяшаньні ў справы палітычных партыяў. І мы, зразумела, усе свае аргумэнты прадставім”.

Алена Яськова лічыць: спробы ліквідаваць “Надзею” зьвязаныя з жаданьнем улады не рэгістраваць “Саюз левых партыяў”. Жаночая партыя разам з ПКБ і БСДП (Грамада) двойчы былі ўдзельнікамі ўстаноўчага зьезду саюзу: спачатку ў Чарнігаве, а затым у Менску.

Дзейнасьць аднаго з трох суб’ектаў “Саюзу левых партыяў”, а менавіта Партыі камуністаў Беларускай, рашэньнем Вярхоўнага суду ўжо прыпыненая на паўгоду. Сакратар ЦК Алена Скрыган лічыць – цяпер прыйшла чарга “Надзеі”:
”Гэта прыкмета таго, што рэжым рыхтуецца да ўвядзеньня галасаваньня па партыйных сьпісах.”
“Думаю, улады спрабуюць ліквідаваць структуры ўнутры Саюзу, каб потым заявіць: Саюз ня мае магчымасьцяў працаваць. Вядома, з Саюзам цяжэй змагацца, чым змагацца з адной партыяй”.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Юры Хадыка называе гэтыя суды “зачысткай партыйнай прасторы”. І тлумачыць, навошта тое робіцца:

“Думаю, улады зьвярнулі ўвагу на прыцягальны брэнд жаночай партыі. “Надзея” нашымі грамадзянамі сустракаецца вельмі добра. Я сам сьведка, што на выбарах прадстаўніцы “Надзеі” зьбіраюць галасы непрапарцыйна сваёй вядомасьці.

І гэта, на мой погляд, яшчэ адна прыкмета таго, што рэжым рыхтуецца, хаця і крывабокім такім спосабам, да ўвядзеньня галасаваньня па партыйных сьпісах. Спачатку вычысьцяць усе больш-менш вядомыя партыі. А затым увядуць галасаваньне па партыйных сьпісах, можа, калі не 50% усіх дэпутацкіх мандатаў, дык працэнтаў 30”.

На сёньняшні дзень у Беларусі афіцыйна зарэгістравана 16 палітычных партыяў. Зусім нядаўна ліквідаваная адна з дзьвюх партыяў “зялёных”, на паўгоду прыпыненая дзейнасьць Партыі камуністаў беларускай.

• Мінюст адмовіў у рэгістрацыі "Саюзу левых партый" , 15.03.2007 • Cаюз левых партыяў будзе працаваць на электаральным полі А.Лукашэнкі , 18.12.2006
XS
SM
MD
LG