Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 8 кастрычніка 2007


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

Чытачы "Нашай нівы" пакідаюць свае водгукі на інфармацыю пра інцыдэнт у Курапатах – там быў зламаны крыж “Пакутнікам Беларусі”. Вось некалькі камэнтароў:

«Ганьба! Што робіцца, гэтак нельга! Але шукаць адказных не выпадае, бо мы з вамі надта добра ведаем, чыіх рук гэта справа...»

«На маю думку, гэтым прайдзісьветам было ўсё адно, што зламаць – абы «праславіцца». Сумна, але ўсё гэта ад нізкага ўзроўню культуры».

«Усё можа быць і значна прасьцей, мяркуючы па здымках: крыж паваліўся сам, бо згніў. Асабліва калі быў не ўкапаны, а трымаўся на тых жалезных прантах. І зь якога дрэва быў той крыж? Пэўна ж не дубовы...Дарэчы, даўней пры кожным хутары ў нас крыжы ставілі і там, дзе рукі быдла не дацягнуліся, яны й па сёньня стаяць...»

«Дый тут усё зразумела. Трэба выстаўляць варту, хаця б на выходныя, каб хлопцы чалавек па 5-6 проста хадзілі і пільнавалі Сьвятыню. Бо і сёньня там амаль кожныя выходныя п''янкі і дэбошы сьвядомага мясцовага насельніцтва. Гэта ганьба па-першае нам».

А на сайце Хартыя’97 наведнікі гутараць пра сустрэчу заяўнікаў Эўрапейскага маршу зь менскімі ўладамі, якая разглядаецца як магчымы дыялёг уладаў з апазыцыяй.

“Дыялёг – заўсёды добра, праўда, вынікі будуць сумныя. Скажуць: мы ім прапанавалі Бангалор, яны адмовіліся й за гэта атрымалі па чэрапе дручком спэцназу. Потым беларускія ўлады Эўропе скажуць, кшталту, апазыцыя няздольная дамаўляцца. А ўвогуле, канечне, гэта падзея...”

“Так, сумнеўна ўсё гэта. Альбо ўлада цягне час – абмеркаваць маршрут. Абмяркуюць нейкія колы ля Бангалору, а потым абвесьцяць пра непадпарадкаваньне...”

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць артыкул з газэты «Комсомольская правда в Белоруссии» "У гаспадароў дарагіх катэджаў правераць дэклярацыі прыбыткаў" Дзяржкантроль хоча выявіць, адкуль у беларусаў зьявіліся раскошныя дамы, якія будуюць за адзін сэзон. Камэнтары ўдзельнікаў форумаў:

“Ды годзе, у тых, хто жыве ў такіх катэджах, усё схоплена ў такіх органах, што падаткавікі элемэнтарна баяцца зь імі зьвязвацца. Іншага тлумачэньня таго, што падаткавікі трасуць толькі індывідуальных прадпрымальнікаў і рабатаёў-шабашнікаў, я не знаходжу”.

“З такімі грашыма ніхто іх чапаць ня будзе – так, для простага народу пакрычаць дый пабудуюць правяраючыя й сабе нешта. Усё гэта паказуха”.

“Я не зразумеў, чаму толькі ўладальнікаў дарагіх катэджаў будуць шарсьціць. Цяпер неабходна, каб усе, хто набывае жытло, складаў поўную дэклярацыю прыбыткаў. Тады цэньнік на хрушчоўку і новае жытло стане цалкам рэальным”.

На сайце Гарадзенскі блог зьявілася інфармацыя пра тое, што супрацоўнікі беларускіх АВІРаў не чакаюць адмены штампу для выезду за мяжу ад 1 студзеня 2008 году і часам прапануюць грамадзянам рабіць новы штамп яшчэ на пяць год. Між тым, згодна з рашэньнем Канстытуцыйнага суду, штамп усё ж павінны скасаваць з наступнага году. Камэнтар аднаго з наведнікаў сайту:

“Я не разумею сутнасьці – калі Канстытуцыйны суд вырашыў адмяніць, дакладней – АДМЯНІЎ дазвольны штамп, і міністар унутраных справаў заявіў пра яго адмену ад 1 студзеня 2008 году, дык што – у АВІРаў і памежнікаў свае парадкі? Дык хто ўсё ж прымае рашэньне? Ці АВІРы пацьвердзяць адмену 30 ці 31 студзеня, а да таго можна спакойна зьбіраць грошы?”

Палітык Алесь Міхалевіч у сваім блогу апавядае анэкдот з партыйнага жыцьця: “На выходных зьбіралі актыў у адным з абласных цэнтраў. Паколькі нармальнае памяшканьне зарандаваць немагчыма, зьнялі катэдж з заляй, лазьняй і басэйнам. Адзін з арганізатараў прыехаў з сынам, бо не было на каго пакінуць. Бабуля хлопца (цешча арганізатара) тэлефануе і пытаецца, ці ўсё добра. Хлопчык адказвае: "Бабуля, тут так добра, тут дарослыя цёці і басэйн". У слухаўцы раздаліся кароткія гудкі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG