Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экстрэмальныя беларускія аўтааматары


Ігар Карней, Менск Як можна назваць людзей, якія на працягу некалькіх месяцаў, а то і гадоў перарабляюць у сапраўдныя амфібіі свае дарагія пазадарожнікі, а за адно спаборніцтва бяз жалю пераўтвараюць іх у груду мэталалому? Іншы на такое захапленьне пакруціць пальцам ля скроні, а хтосьці дасьць правільны адказ: гэта – удзельнікі адных з самых відовішчных гонак па бездарожжы. Перадапошні сёлета этап джып-трыялу ў гэтыя выходныя прайшоў у Магілёве.

Беларускае балота лепшае за курорты Турэччыны

Калі выказвацца мовай афіцыйных дакумэнтаў, аўтамабільны трыял – гэта спаборніцтвы на тэхніку і хуткасьць кіраваньня легкавымі паўнапрываднымі аўто па перасечанай мясцовасьці і пераадоленьне натуральных ці штучных перашкодаў.

У Беларусі на прафэсійным і аматарскім узроўні свае пазадарожнікі перарабляюць у машыны для трыялу каля сотні кіроўцаў. Адзін з каардынатараў беларускіх этапаў джып-трыялу Даніла Далматаў расказвае: “трыяльшчыкі” – народ сапраўды своеасаблівы:

“Так, людзі самі будуюць, самі робяць. Хто на што, як кажуць, здатны. Усё гэта надзвычай дорага, і машыны каштуюць немалых грошай. А каб падрыхтаваць іх да гонкі, патрэбныя дадатковыя ўкладаньні.

Калі браць асобныя экіпажы, то ў іх няма якіхсьці спонсараў ці некага, хто фінансуе спаборніцтвы. Хто багацейшы – наймае майстроў, аддае аўтамабіль, каб яму яго падрыхтавалі. У каго меней грошай, той сваімі рукамі дабудоўвае і рыхтуе машыну. Прычым, часта пераабсталяваньне машыны цягнецца гадамі.

То бок, у добрым сэнсе гэта людзі апантаныя, якія атрымліваюць ад гэтага задавальненьне. І за задавальненьне гатовыя плаціць – ня толькі грашыма, але і паламанымі машынамі, бо бяз гэтага ніяк. І калі хтосьці выбірае паехаць адпачыць у цёплыя краіны, то аматары пазадарожных спаборніцтваў і вялікіх машын выбіраюць лужы, бруд, балоты і ад гэтага “атрымліваюць кайф”. Можа, нават большы, чым людзі, якія едуць у Эгіпэт, Турэччыну адпачываць і г.д.”

У Беларусі першы Кубак у джып-трыяле адбыўся пяць гадоў таму. Ад таго часу спаборніцтвы праводзяцца па схеме, якая не практыкуецца ў замежжы. У першы дзень – скарэньне бездарожжа, у другі – спрынт, спаборніцтвы на хуткасьць. У суседніх краінах іншы фармат: альбо джып-трыял, альбо ралі-спрынт. Аднак, паводле майго суразмоўцы, ня толькі спэцыфічная праграма пакуль што не прыцягвае ў Беларусь замежных спартоўцаў:

“Што тычыцца ўдзельнікаў, то фактычна ў нас апроч расейцаў нікога і няма, адзін экіпаж з Масквы прыяжджае. Ім, напэўна, ня вельмі цікава з намі спаборнічаць у тым пляне, што ўзровень майстэрства (але лепей сказаць – узровень фінансаваньня) тут на парадак ніжэйшы, чым у Расеі ці ва Ўкраіне. Там аўтамабілі падрыхтаваныя на шмат галоў вышэй, чым у нас.

Але калі браць гледачоў, заўзятараў, то іх дастатковая колькасьць пастаянна. Нягледзячы на тое, што ў першы дзень, прыкладам, у Магілёве, ішоў дождж, людзі ўсё роўна стаялі з парасонамі і назіралі за дысцыплінай. У другі дзень сабралася яшчэ болей, такое адчуваньне было, што людзі тысячамі ішлі”.

Праходнасьць “казла” – японцам на зайздрасьць

За пяць гадоў існаваньня джып-трыялу ў Беларусі рэкорд па колькасьці ўдзельнікаў зафіксаваны сёлета на спаборніцтве ў Гомелі. На старт выйшлі 35 прафэсійных экіпажаў. Усяго ж на больш лёгкіх, трасавых спаборніцтвах зьбіраецца да 70 аматарскіх экіпажаў. Але з агульнай колькасьці толькі зь дзесятак аўтамабіляў адпавядаюць нарматыўным патрабаваньням Міжнароднай аўтамабільнай фэдэрацыі і могуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Як кажа Даніла Далматаў, давядзеньне машыны да ладу – у літаральным сэнсе надзвычай дарагое задавальненьне:

“Павінен чалавек сам скласьці свой бюджэт, на што ён гатовы. Ёсьць хлопцы, якія купляюць старыя ГАЗ-69 – такую машыну можна набыць у раёне 1 тысячы даляраў (праўда, і адпаведны стан будзе ў яе). Але прыклаўшы свае навыкі, майстэрства ў працэсе падрыхтоўкі дорага гэта не абыдзецца. Возьмем па мінімуму – няхай яшчэ даляраў 500.

Такім чынам, з чаго можна стартаваць – гэта 1,5 тысячы. Можна старую “Ніву” набыць гатовую, якая паўнавартасна езьдзіць. Яна таксама каштуе блізу тысячы. А ўжо далей усё залежыць ад магчымасьцяў кожнага ўдзельніка. Бо прафэсійныя амартызатары на аўтамабіль каштуюць 20 тысяч даляраў. Добры камбінэзон, шлем (а ўсё гэта таксама неабходна па правілах спаборніцтваў) – вылічэньне таксама ідзе тысячамі даляраў. Але, зноў жа, можна набыць і былы ў карыстаньні варыянт, альбо айчыннай вытворчасьці. Прасьцейшы ён будзе, але тым ня меней гэта камбінэзон, і будзе каштаваць ён 100-200 даляраў”.

База якіх пазадарожнікаў можа стаць трамплінам да таго, каб пачаць асвойваць бездарожжа? Даніла Далматаў кажа, што за аснову можна ўзяць нават стары савецкі “казёл”:

“Тут усё досыць складана. Скажам, для больш хуткасных дысцыплінаў пасуе “Міцубішы Паджэра”, вельмі добра спраўляецца. У пераадоленьні бездарожжа, для “трофі” – “Джып Урэнглер” сябе добра зарэкамэндаваў. Нядрэнны “Сузукі Самурай”. І, што самае дзіўнае, спраўляецца зь цяжкасьцямі і расейскі аўтамабіль-старычок “ГАЗ-69”. Дарэчы, ёсьць сярод удзельнікаў машына 1978 году і, што самае дзіўнае, яны прыяжджаюць трасу нашмат лепей, чым іншамаркі.

На якой базе? Тут перавагу мусіць вызначыць кожны ўладальнік, ці той, хто мае нейкую машыну доля спаборніцтваў. Сам робіць выбар. Зь любога аўтамабіля можна зрабіць унікальны пазадарожнік”.

Наступны і апошні на сёлета этап заплянаваны на лістапад. Месцам спаборніцтваў абраны Бабруйск, дзе дагэтуль этапы яшчэ не праводзіліся. Дагэтуль лічылася, што самыя спрыяльныя для трыялу трасы знаходзяцца ў Магілёве, Гомелі і Берасьці.
XS
SM
MD
LG