Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія баскетбалісткі сталі бронзавымі прызэркамі чэмпіянату Эўропы


Ігар Карней, Менск Баскетбалісткі зборнай Беларусі стварылі галоўную сэнсацыю Чэмпіянату Эўропы, які завяршыўся ў Італіі. Упершыню трапіўшы на кантынэнтальныя спаборніцтвы, дэбютанткі зь Беларусі пасьлядоўна перамагалі нашмат вопытнейшых суперніц — нават чэмпіёнак Эўропы, чэскіх баскетбалістак. А ў матчы за трэцяе месца беларускі адолелі каманду Латвіі.

Удалы выступ каманды Беларусі стаўся нечаканасьцю для бальшыні баскетбольных спэцыялістаў.

Адзін з найбольш вядомых беларускіх гульцоў Канстанцін Шаравера, які колісь гуляў за менскі радыётэхнічны інстытут, а цяпер — другі трэнэр мужчынскай зборнай Беларусі й генэральны дырэктар клюбу “Менск-2006”, эмоцыяў не хавае:

“Па-першае, дзікае задавальненьне, гонар за краіну. Я лічу, што дзяўчаты зрабілі сапраўдны подзьвіг. Проста супэр. Сёньня куды б ні заходзіў, нават людзі далёкія ад спорту, на адзін голас кажуць: “Віншуем”.

Вельмі рады перш за ўсё за трэнэра Анатоля Буяльскага, які дакладна ўвасобіў варыянт і трэнэрскай пабудовы, гульнявой тактыкі. Таму яшчэ раз паўтару: вельмі здорава і ўсе малайцы. Бо перад чэмпіянатам меркавалі: калі ў васьмёрку трапяць, то будзе ўвогуле супэр.

Цяпер, канечне, можна гаварыць, што верылі й ведалі. Але калі рэальна глядзець, то можна было толькі спадзявацца на цуд. І дзяўчаты яго зрабілі. То бок, вельмі ўдалы пачатак, відаць было, што накатвае каманда, верыць у свае сілы. Хутчэй за ўсё, атмасфэра ў калектыве вельмі добрая”.

Цяпер беларускам давядзецца выступіць у своеасаблівым міні-чэмпіянаце сьвету. Гэта будзе кваліфікацыйны турнір да “Алімпіяды-2008” у Пэкіне, у якім возьмуць удзел дванаццаць камандаў: чатыры ад Эўропы, тры ад Амэрыкі, дзьве ад Азіі, дзьве ад Афрыкі й адна ад Акіяніі. З гэтай колькасьці пяць лепшых атрымаюць на наступны год пуцёўкі ў Кітай.

Канстанцін Шаравера лічыць, што на такім эмацыйным уздыме беларускі здольныя выканаць праграму-максымум. Апроч таго, упершыню зьяўляецца шанец выставіцца на алімпійскіх гульнях у каманднай дысцыпліне:

“Натуральна, кавалак працы яшчэ наперадзе, гэта нельга разглядаць як нейкі шпацыр з загадзя вядомым фіналам. Але, што цяпер самае галоўнае, такая перамога павінна ўсё ж надаць стымул да папулярызацыі баскетболу, да руху наперад. Гэта магчымасьць вылезьці зь ямы, у якой мы, на жаль, апынуліся. Унікальнасьць у тым, што фактычна ў адсутнасьць клюбаў зборную ўсё ж сабралі”.

Але баскетбольны спэцыяліст лічыць, што адна з умоваў годнага існаваньня баскетбольных школаў і клюбаў у Беларусі — значна большая ўвага з боку зацікаўленых дзяржаўных структураў. А таму адпаведнага фінансаваньня трэба патрабаваць, што называецца, па “гарачых сьлядах”.

Гэта Канстанцін Шаравера ведае з уласнага досьведу:

“Ну, гэта ведаеце як? Калі вось зараз не пайсьці й не запатрабаваць, то ўсё зноў спусьцяць на тармазах. Звычайна кажуць як? Вы адразу дайце вынік, мы вам потым адразу грошай дамо. Дык вось цяпер можна паставіць перад фактам: давайце! Бо ў мяне шмат такіх людзей было: маўляў, зрабіце, а тады будзем фінансаваць. Хоць ва ўсім сьвеце звычайна рух ідзе наадварот. Спачатку трэба ўкласьці, каб пасьля нешта атрымаць. Правільна?”

Беларускія баскетбалісткі набліжаюць Алімпіяду-2008, 5.10.2007
XS
SM
MD
LG