Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам пакуль не прыняў рашэньня пра “Эўрапейскі марш”


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня заяўнікі “Эўрапейскага маршу” сустрэліся з прадстаўнікамі Менгарвыканкаму. Чыноўнікі прапанавалі іншы маршрут для “Эўрапейскага маршу”.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, ягоны намесьнік Віктар Івашкевіч, сябра “Маладога фронту” Зьміцер Хведарук і сябра кампаніі “Джынс — За свабоду!”Яўген Афнагель сустрэліся з кіраўніком ідэалягічнай управы Менгарвыканкаму Генадзем Курбекам.

Адбылася папярэдняя размова адносна правядзеньня ў Менску “Эўрапейскага маршу”.

Рашэньне будзе прынятае заўтра

Прадстаўнік менскіх гарадзкіх уладаў прапанаваў удзельнікам “Эўрапейскага маршу” сабрацца а 14-й гадзіне на пляцоўцы каля Акадэміі навук, а адтуль павесьці шэсьце да плошчы Бангалор.

Віктар Івашкевіч заявіў, што такі варыянт заяўнікаў не задавальняе, бо людзей запрашалі на Кастрычніцкую плошчу. Таму заяўнікі прапанавалі сабрацца ў сквэры Янкі Купалы.

Віктар Івашкевіч сказаў:

“Улады прапанавалі свой варыянт. Мы прапанавалі свой кампрамісны варыянт. Рашэньне Менгарвыканкамам на сёньня не прынятае. І будзе прынятае толькі заўтра. І я спадзяюся, што кіраўніцтва Менгарвыканкаму прыслухаецца да нашых аргумэнтаў і пойдзе на тое, каб акцыя была дазволеная ў поўным аб’ёме — за выключэньнем, магчыма, збору не на Кастрычніцкай, а ў сквэры Янкі Купалы”.

В.Вячорка: “Гэты своеасаблівы мікрадыялёг трэба ацаніць пазытыўна”

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў па выніках сустрэчы:

“Гэта своеасаблівы мікрадыялёг, даўно такога не было. І трэба ацаніць пазытыўна. Улады выклалі сваю прапанову, мы выклалі сваю. Рашэньне з абодвух бакоў пакуль не прынятае. Рашэньне Менгарвыканкаму будзе прынятае заўтра.

Мы спадзяемся, што здаровы сэнс і ўлік усіх акалічнасьцяў, а таксама ўлік таго, наколькі важная гэтая падзея для іміджу Беларусі, ва ўладных калідорах пераможа. І мы атрымаем разумнае і рэальна прымальнае для нас рашэньне.

Мы сёньня выступілі з кампраміснай прапановай збору побач з Кастрычніцкай плошчай. Калі яна такая сьвятарная карова, тады можна зьбірацца ў сквэры Янкі Купалы, што дазволіць лёгка адвесьці людзей. Мы лічым, што праход па маршруце Янкі Купалы — Акадэмія навук — годны праход, і гэтая лякалізацыя вартая значнасьці падзеі”.

“Дзіўна, што палітычныя пытаньні Н.Пяткевіч перадае ў Менгарвыканкам”

Віктар Івашкевіч паведаміў, што арганізатары атрымалі адказ на свой ліст ад намесьніцы кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальлі Пяткевіч.

У лісьце гаворыцца, што такія пытаньні ў кампэтэнцыі Менгарвыканкаму, а не адміністрацыі прэзыдэнта. Таму зварот арганізатараў перадаецца менскім гарадзкім уладам.

Віктар Івашкевіч сказаў:

“Хачу нагадаць, што ў звароце да Пяткевіч закранаецца пытаньне ня толькі непасрэдна маршруту правядзеньня акцыі “Эўрапейскі марш”, але і пытаньне дыялёгу з Эўропай і дыялёгу з апазыцыяй, улады і апазыцыі, улады і Эўропы. І вельмі дзіўна, што гэтыя палітычныя пытаньні яна перадае ў Менгарвыканкам”.

А.Саньнікаў: “У Эўропе чакаюць пазытыўнага сыгналу”, 8.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG