Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: міліцыянт зьбіў журналістку — пабоі ёсьць, фактаў няма


Радыё Свабода, Магілёў Магілёўская абласная ўправа ўнутраных справаў адмовілася заводзіць крымінальную справу на маёра Сяргея Андрэенку. Грамадзкія актывісты сьцьвярджаюць, што падчас затрыманьня ён зьбіў незалежную журналістку Ганну Ільіну.

Падчас праверкі, як зазначана ў пастанове ўправы, Ганна Ільіна зьдзейсьніла правапарушэньне і ейнае затрыманьне было правамоцнае, а факты зьбіцьця не пацьвердзіліся.

Для журналісткі адказ міліцыянтаў ня стаў нечаканым:

“Я, канечне, так гэта не пакіну, буду размаўляць зь юрыстамі, і будзем падаваць скаргі ў вышэйшыя інстанцыі. Цяпер я буду чакаць пастановы пракуратуры, куды падавала скаргу, а пасьля, я ўжо ведаю, адказ будзе той самы, так жа напішуць, — і тады я буду падаваць у суд”.

30 жніўня ўзмоцнены нарад міліцыі ў лесе непадалёк ад Магілёва затрымаў групу моладзевых актывістаў. Іх гвалтам заштурхнулі ў службовую машыну і даставілі ў Магілёўскі раённы аддзел міліцыі. Пратрымалі больш за тры гадзіны.

Як потым высьветлілася, нагодай для затрыманьня стала нібыта парушэньне актывістамі правілаў пажарнай бясьпекі. Аднаго з актывістаў, Зьмітра Салаўёва, пажарнікі аштрафавалі на 155 тысяч рублёў.

Падчас затрыманьня Ганна Ільіна патрабавала патлумачыць, за што яе затрымліваюць. Судмэдэкспэрты зафіксавалі на целе журналісткі некалі гематомаў.

• Магілёў: на барацьбу з апазыцыяй кінутыя пажарнікі, 4.09.2007 • Магілёў: журналістка спрабуе прыцягнуць да адказнасьці міліцыянта, 31.08.2007
XS
SM
MD
LG