Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны Суд супраць рэгістрацыі “Маладога фронту”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Вярхоўны Суд Беларусі не задаволіў касацыйнай скаргі на рашэньне Менскага гарадзкога суду адносна рэгістрацыі “Маладога фронту”. Раней управа юстыцыі Менгарвыканкаму адмовілася зарэгістраваць моладзевую арганізацыю. Незалежныя юрысты кажуць пра небясьпечны прэцэдэнт у дачыненьні да “трэцяга сэктару”.

Касацыйную скаргу “Маладога фронту” разглядала судовая калегія Вярхоўнага Суду на чале з Валерам Самалюком.

Дзесяць хвілін судзьдзі аддалі на вывучэньне матэрыялаў папярэдніх разглядаў справы, а потым выслухалі прадстаўнікоў “Маладога фронту”.

Наста Лойка, Кірыл Шамановіч і Барыс Гарэцкі паўтарылі аргумэнты, якія ў жніўні выказалі ў Менскім гарадзкім судзе. Яны казалі, што “Малады фронт” ставіць выключна канстытуцыйныя мэты, што ў дакумэнтах на рэгістрацыю заўвагі ўправы юстыцыі Менгарвыканкаму былі ўлічаныя. Адмову ў рэгістрацыі актывісты назвалі незаконнай і патлумачылі палітычнымі прычынамі.

Судзьдзі раіліся за зачыненымі дзьвярыма пятнаццаць хвілін і вырашылі скаргу “Маладога фронту” на рашэньне Менскага гарадзкога суду адхіліць. Таксама судзьдзі пастанавілі паўторна ня браць з заяўнікаў скаргі судовай пошліны — гэта 62 тысячы рублёў.

Як лічыць прадстаўнік арганізацыі “Супольнасьць” юрыст Юры Чавусаў, судзьдзі Вярхоўнага Суду фактычна зацьвердзілі дыскрымінацыю актывістаў “Маладога фронту” паводле палітычнай прыкметы.

Юрыст спасылаецца на зварот управы юстыцыі Менгарвыканкаму ў міліцыю адносна заяўнікаў на рэгістрацыю і адказ зь міліцыі, у якім паведамляецца, што на гэтых людзей заводзіліся адміністрацыйныя і крымінальныя справы. “Фактычна гэта прызнаньне ў палітычнай нядобранадзейнасьці, якое ва ўправе юстыцыі ўзялі да ведама і адмовілі ў рэгістрацыі. Але з гледзішча закону гэта чыстая дыскрэдытацыя”, — кажа Юры Чавусаў.

“Цяпер можна прагназаваць, што з такім жа посьпехам гэтых юнакоў можна дыскрэдытаваць паводле іншых крытэраў — ня толькі ў праве на стварэньне арганізацыі, але і ў праве на адукацыю, на справядлівы суд, на правядзеньне сходаў і гэтак далей”, — мяркуе юрыст.

Юры Чавусаў не выключае наступстваў створанага прэцэдэнту: тыя самыя падставы ўлады могуць выкарыстаць і для закрыцьця ўжо зарэгістраваных арганізацыяў.

Камэнтуючы рашэньне Вярхоўнага Суду, прадстаўнік “Маладога фронту” Кірыл Шамановіч нагадаў, што арганізацыя некалькі разоў спрабавала атрымаць рэгістрацыю, але безвынікова. “Між тым, у Крымінальным кодэксе прадугледжана адказнасьць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі”, — заўважыў актывіст.

“Я навучаюся на юрыста. Нас вучаць аднаму — што трэба працаваць у прававым полі, а ў жыцьці мы бачым зусім іншае. Тое, што адбываецца ў Вярхоўным Судзе, гэтаму прыклад. Узьнікае пытаньне: хто там працуе? Кваліфікаваныя юрысты там працуюць ці не?” — пытаецца Шамановіч.

Актывісты “Маладога фронту” заяўляюць, што будуць абскарджваць рашэньне Вярхоўнага Суду ў міжнародных судовых інстанцыях, а таксама працягнуць спробы зарэгістраваць арганізацыю.

Нагадаем, летась на паўтара года зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі асудзілі лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча. Да крымінальнай адказнасьці паводле таго самага артыкулу прыцягваліся й маладафронтаўцы Яраслаў Грышчэня, Наста Азарка, Іван Шыла. У 2006 годзе за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі асудзілі чатырох актывістаў арганізацыі “Партнэрства”.

• Менскі гарсуд пацьвердзіў рашэньне аб нерэгістрацыі “Маладога фронту”, 17.08.2007
XS
SM
MD
LG