Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якія вынікі прадпрымальніцкага страйку?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: менскі каардынатар аргкамітэту грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Аляксандар Таўстыка і кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

2 кастрычніка адбыўся страйк індывідуальных прадпрымальнікаў, якія пратэстуюць супраць прэзыдэнцкага ўказу № 760. Хто мае рацыю ў гэтым канфлікце — улада ці прадпрымальнікі?

Што прынясе страйк? Якія прычыны расколу прадпрымальніцкага руху?

Хто мае рацыю ў канфлікце ўладаў і прадпрымальнікаў?

Валер Карбалевіч: “У Беларусі адбыўся чарговы страйк індывідуальных прадпрымальнікаў. Яны пратэстуюць супраць прэзыдэнцкага ўказу № 760, які забараняе выкарыстоўваць наёмных работнікаў — акрамя сваякоў.

Паводле зьвестак арганізатараў страйку, удзельнічалі каля 30 тысяч чалавек. Канфлікт улады і індывідуальных прадпрымальнікаў даўні. Кожны год зьяўляюцца прэзыдэнцкія ўказы ці ўрадавыя пастановы, якія абмяжоўваюць правы прадпрымальнікаў. Тыя адказваюць пратэстам.

Мусіць, гэты канфлікт мае больш глыбокую прычыну. Дзяржаўныя чыноўнікі сьцьвярджаюць, што рынкавыя гандляры — пераходная форма разьвіцьця гандлёвага бізнэсу.

Ва ўсіх краінах, якія пераходзяць ад сацыялізму да рынкавых дачыненьняў, гэты этап даўно пройдзены. Гэты бізнэс ператварыўся ў больш буйныя арганізацыйныя формы.

А ў Беларусі гэты этап замарозіўся, і ўлады спрабуюць штучна падштурхнуць пераход да больш “цывілізаваных” формаў бізнэсу.

Чыноўнікі лічаць, што эканамічны эфэкт ад працы прыватнага ўнітарнага прадпрыемства значна большы, чым у індывідуальных прадпрымальнікаў. Што вы скажаце на гэты конт?”

Аляксандар Таўстыка: “У нас у аўторак адбывалася сьвята-страйк. Я ня ведаю дасьледаваньняў, на падставе якіх улады сьцьвярджаюць пра неэфэктыўнасьць індывідуальных прадпрымальнікаў. Калі яны зарэгіструюцца як прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы, то адразу будуць абцяжараныя вялікай колькасьцю падаткаў.

Дзіўна тое, што ўлады такую ўвагу надаюць эфэктыўнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў, пры тым, што захоўваюць і падтрымліваюць вялікую колькасьць нерэнтабэльных дзяржаўных прадпрыемстваў”.

Карбалевіч: “Спадар Раманчук, што вы скажаце на аргумэнт чыноўнікаў, што калі б гэтыя тавары, якія прадаюцца на рынках, рэалізоўваліся праз гіпэрмаркеты, то дзяржаўны бюджэт атрымаў бы больш грошай ад падаткаў, чым цяпер?”

Яраслаў Раманчук: “У 90-я гады мінулага стагодзьдзя, калі развалілася сацыялістычная сыстэма, індывідуальныя прадпрымальнікі з нуля стварылі свой бізнэс, які дазволіў выжыць вялікай колькасьці людзей. Нашы ўлады кажуць, што пераходны пэрыяд закончыўся.

Гэта было б правільна ў дачыненьні да краінаў, якія ажыцьцявілі пераход да рынкавай эканомікі (Эстонія, Польшча, Літва і іншыя). У Беларусі нічога гэтага не адбылося. Таму казаць пра заканчэньне пераходнага пэрыяду ў Беларусі — бязглузьдзіца.

У краінах Азіі, Лацінскай Амэрыкі такія формы гандлёвага бізнэсу, якія цяпер практыкуюцца ў Беларусі, існуюць дзесяцігодзьдзямі. Нават у ЗША эфэктыўна захоўваюцца такія формы. І нікому — ні прэзыдэнту, ні губэрнатарам — не прыходзіць у галаву параўноўваць эфэктыўнасьць такога бізнэсу з эфэктыўнасьцю карпарацыяў.

Я ўвогуле адмаўляю дзяржаве ў праве вызначаць, што ёсьць эфэктыўны бізнэс. Гэта справа кожнага бізнэсоўца. Калі гэта сапраўды шчыльна цікавіць улады, то чаму яны не зьвяртаюць увагі на дзяржаўныя прадпрыемствы, сярод якіх палова неэфэктыўныя?

Гэта канфлікт манаполіяў, алігаполіяў пад дахам дзяржавы, якія пабудавалі гіпэрмаркеты і імкнуцца зьнішчыць канкурэнтаў. А ў выніку гэтага тысячы людзей страцяць месца працы. Я ўпэўнены, што пры рэалізацыі ўказу №760 дзяржава страціць больш, чым набудзе дзяржаўны бюджэт.

200 тысяч прадпрымальнікаў плюс іхныя сем’і, плюс наёмныя работнікі — мінімум 400 тысяч чалавек корміцца ад гэтага бізнэсу. Калі яго зьнішчыць, тысячы людзей пяройдуць у стан эканамічнай эміграцыі, паедуць за мяжу. І яны ня будуць плаціць падаткаў.

Трэба зрабіць аднолькавыя для ўсіх падаткі. Тады ня будзе пытаньня, у якой форме працаваць — у форме індывідуальных прадпрымальнікаў ці ў форме ўнітарнага прадпрыемства. Тады і ня будзе канфлікту”.

Якія прычыны расколу прадпрымальніцкага руху?

Карбалевіч: “Сёньня ў краіне каля 200 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. У страйку ўдзельнічалі 30 тысяч. Прычым, тыя прадпрымальнікі, якія гандлююць на рынках. Тыя ж прадпрымальнікі, якія працуюць у іншых сфэрах, ня ўдзельнічаюць у гэтым руху.

Перарэгіструецца ў форму ўнітарнага прадпрыемства зусім невялікая частка прадпрымальнікаў. На што яны разьлічваюць, як плянуюць выйсьці з гэтай сытуацыі?”

Таўстыка: “200 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў — гэта лічба фармальная, а не рэальная. У гэтым сьпісе шмат людзей, якія не працуюць. Далей, там шмат прадаўцоў, якія аформленыя ў якасьці індывідуальных прадпрымальнікаў.

Ёсьць кірмашы, напрыклад, гандлёвы цэнтар “Імпульс”, якія былі пабудаваныя за грошы арабскага капіталу. Там страйкі не адбываюцца”.

Карбалевіч: “Якім можа быць выйсьце з гэтай сытуацыі? Улады на саступкі ісьці не зьбіраюцца, адмяняць прэзыдэнцкі ўказ №760 не плянуецца. Індывідуальныя прадпрымальнікі таксама не зьбіраюцца пераходзіць у форму прыватнага ўнітарнага прадпрыемства.

І што далей? Пераход на шэрыя схемы, рэгістрацыя наёмных работнікаў як індывідуальных прадпрымальнікаў?”

Раманчук: “Шэрыя схемы былі і будуць. Толькі калі прадпрымальніцкі рух будзе кансалідаваны, усе бізнэс-асацыяцыі выступяць з адзінай пазыцыяй — тады ўлады іх пачуюць.

Калі згаданы ўказ пачне дзейнічаць з новага году, то, думаю, органы ўлады ня будуць моцна патрабаваць яго выконваць. Бо будуць асьцерагацца выбуху незадавальненьня індывідуальных прадпрымальнікаў”.

Карбалевіч: “Чаму няма адзінства ў прадпрымальніцкім руху? Некалькі арганізацыяў адначасова прэтэндуюць на тое, каб прадстаўляць інтарэсы індывідуальных прадпрымальнікаў.

Вось, напрыклад, кіраўнік грамадзкай арганізацыі “Пэрспэктыва” Шумчанка выступіў супраць страйку. Ён лічыць, што такая форма барацьбы неэфэктыўная, што больш эфэктыўнымі зьяўляюцца мітынгі й падача пэтыцыяў”.

Таўстыка: “Як у дзяржаве, грамадзтве няма адзінства, так і сярод прадпрымальнікаў. Прамінулы страйк-сьвята паказаў, што ёсьць адзінства сярод сапраўдных прадпрымальнікаў.

Што тычыцца Шумчанкі, то ён ужо шмат пэтыцыяў падаў у органы ўлады. А што з гэтага? Дзіўна, што сябры ягонай каманды спрабавалі перашкодзіць правядзеньню страйку”.

Карбалевіч: “Такім чынам, нават калі стаць на пазыцыю ўладаў і лічыць, што гандаль на рынку — аджылы этап гандлёвага бізнэсу, то пераход да яго павінен адбывацца натуральным чынам, з дапамогай стымулаў, а не пад узьдзеяньнем адміністрацыйнага ціску”.
XS
SM
MD
LG