Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

<B>“Такое ўражаньне, што Пуцін проста зьдзекуецца...”</B>


Віталь Цыганкоў, Менск У суботу ў Душанбэ завяршыліся саміты СНД, Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) і Міждзяржаўнай рады Эўразійскай эканамічнай супольнасьці (ЭўрАзЭС). Сябрам гэтых арганізацый зьяўляецца і Беларусь. Ці былі прынятыя падчас самітаў нейкія істотныя рашэньні? Куды хіліцца СНД? Аглядальнік Свабоды Віталь Цыганкоў гутарыць з аналітыкам міжнародных дачыненьняў Андрэем Фёдаравым.

Цыганкоў: “Напярэдадні самітаў расейская прэса пісала, што гэтыя сустрэчы вельмі важныя, ці не вызначальныя. Зрэшты, мы ўжо прызвычаіліся, што нешта такое пішуць перад кожнай сустрэчай кіраўнікоў краінаў СНД. Што б Вы вызначылі, якія прынятыя рашэньні сапраўды вартыя ўвагі?”

Фёдараў: “Былі прынятыя тры канцэптуальныя дакумэнты: канцэпцыя рэфармаваньня і разьвіцьця СНД, на саміце ЭўраАЗЭС – стварэньне мытнага саюзу трох краінаў (Расеі, Беларусі і Казахстану), і на саміце АДКБ – пратакол аб супрацоўніцтве паміж АДКБ і Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва”.

Цыганкоў: “Як вядома, у Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва (ШАС) ўваходзяць Кітай, Расея і азіяцкія рэспублікі былога СССР. Ці можна сказаць, што СНД ідзе ўсё больш на Ўсход, і Расея і Кітай хочуць далучыць да ШАС яшчэ некаторыя краіны СНД?” Фёдараў: “Тое, што значная частка краінаў СНД глядзіць і ідзе на Ўсход, было відавочна і раней. Але ў мяне ёсьць сумневы да гэтага дакумэнту. Паглядзіце, з 6 краінаў ШАС і з 7 краінаў АДКБ 5 – тыя самыя. Тут няма Кітаю, а там – Беларусі і Армэніі. Дык што – дадатак Беларусі і Армэніі да ШАС моцна павялічыць у вайсковым сэнсе магутнасьць гэтага блёку?..

Атрымліваецца, што ці мы будзем вастрыём дзіды, што будзе накіравана на Захад, ці мы будзем першым рубяжом абароны ад Захаду. Мне гэта зусім не падабаецца, але я ня вельмі ў гэта веру.”

Цыганкоў: “Але варта нагадаць, што Беларусь пакуль афіцыйна ніяк не заяўляла пра намер уступіць у ШАС...”

Фёдараў: “Так, але калі ёсьць пратакол аб супрацоўніцтве ў справах бясьпекі, значыць, гэтыя арганізацыі і будуць супрацоўнічаць. Ужо былі прапановы праводзіць сумесныя вучэньні. У Армэніі іх наўрад ці будуць праводзіць. Застаецца Беларусь?”

Цыганкоў: “Паводле прапановы расейскага боку, сакратаром СНД быў прызначаны дырэктар Службы зьнешняй выведкі Расеі Сяргей Лебедзеў. Калісьці на гэтую пасаду прызначаліся беларусы – першым сакратаром быў Іван Каратчэня. Даўно ўжо гэтага няма, ці гаворыць гэта пра нейкі зрух у бок Масквы?”

Фёдараў: “Безумоўна. Напачатку існаваньня СНД Масква давала зразумець сваім хаўрусьнікам, што яны роўныя, нават “сталіца” СНД была ў Менску. За апошнія гады ўсё гэта зьмянілася.

Крыху дзіўна, што чалавек з такой пасадай, як Лебедзеў, пайшоў на такое месца...”

Цыганкоў: “Гэта хутчэй выглядае як пачэсная ссылка?”

Фёдараў: “Так. Мне таксама падаецца. Хаця калі ведаеш, хто заняў ягонае месца – Міхаіл Фрадкоў – становіцца яшчэ больш дзіўна. Такое ўражаньне, што Пуцін проста зьдзекуецца, і большай часткай са сваіх.

Быў сілавік Рушайла, цяпер сілавік Лебедзеў. Гэта, відаць, сьведчыць, што асноўным накірункам у СНД будзе гарантаваньне бясьпекі. Не ваенная бясьпека, а міграцыя, транзыт наркотыкаў, зброі, і гэтак далей”.
XS
SM
MD
LG