Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзе будзе адбываць пакараньне Андрэй Клімаў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск У міліцыі ня кажуць пра калёнію, у якой будзе адбываць пакараньне Андрэй Клімаў. Чарговае спатканьне Зьмітра Дашкевіча з бацькамі адбудзецца не раней за сьнежань. Чым матывуе дачка Аляксандра Казуліна свой намер падаць у суд на былых працадаўцаў?

Уступіў у дзеяньне прысуд Андрэю Клімаву, які ў жніўні вынес палітыку Цэнтральны суд Менска. Нагадаем, Андрэя Клімава пакаралі двума гадамі зьняволеньня за артыкул ў інтэрнэце. 2-га кастрычніка Менскі гарадзкі суд пацьвердзіў прысуд і гэтымі днямі апазыцыянэра мусяць адправіць ў калёнію строгага рэжыму. Але ў якую? Паводле адваката Валянціны Лятун, гэта можа быць адна з калёній у Ваўкавыскім, Івацэвіцкім, Барысаўскім ці Мазырскім раёнах.

“Некалькі месцаў можа быць. У Навасадах, Мазыры, Івацэвіцкім раёне. Але справа ў тым, што цяпер ня вельмі гэтага прытрымліваюцца. Пытаньне да Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў”.

У гэтай установе мне патлумачылі, што ў некаторых калёніях з узмоцненым рэжымам сапраўды ёсьць аддзяленьні строгага рэжыму, куды могуць накіраваць асуджанага. Але не паведамілі, ці прынятае ўжо рашэньне адносна Андрэя Клімава. “Ён сам напіша сваякам, куды яго накіравалі”, – сказаў супрацоўнік дэпартамэнту.

“На зоне ўлада ў таго, хто мае пагоны”

Болей за месяц няма лістоў ад лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча, якога трымаюць у Шклоўскай калёніі. Лістоў не атрымліваюць бацькі актывіста, перарвалася ягоная перапіска і зь сябрамі з маладзёвай арганізацыі.

Чым гэта патлумачыць? Актывіст Артур Фінькевіч, які адбывае пакараньне “хіміяй” у Магілёве, не выключае, што гэта ёсьць наступствам завядзеньня супроць Зьмітра новай крымінальнай справы. Нагадаю, справу завяла шклоўская міліцыя за адмову Зьмітра Дашкевіча даваць паказаньні паводле спраў іншых маладафронтаўцаў. Фармальна ў калёніі ня маюць права забараніць перапіску, але ўсё магчыма, кажа Артур Фінькевіч.

“Ведаеце прымаўку: “закон як дышла, куды павернеш, туды і выйшла”. Зона – гэта зачыненая прастора, там уся ўлада у таго, хто мае пагоны. Таму яны могуць рабіць дробныя паскудзтвы, выкідаць лісты, хаця паводле закону зусім забараніць перапіску ня маюць права”.

Бацька палітвязьня Вячаслаў Дашкевіч мяркуе, што ягонага сына зьбіраюцца асудзіць у другі раз, каб падоўжыць ізаляваньне ад грамадзтва і барацьбы з рэжымам. На чарговае спатканьне з сынам спадар Дашкевіч разьлічвае ў сьнежні.

“Калі гэта не палітыка, тады што?”

У сям’і Аляксандра Казуліна стала вядома, што той напісаў дамоў ліст, але гэты ліст пакуль не атрыманы. “Пра цяперашні стан здароўя бацькі мы нічога ня ведаем, у калёніі пра гэта ня кажуць”, – распавяла старэйшая дачка палітыка Вольга Казуліна. Апошнія зьвесткі пра сябе Аляксандр Казулін дасылаў дамоў яшчэ ўлетку.

Я запытаўся ў Вольгі пра яе звальненьне з працы, якое адбылося днямі. Дачку палітыка звольнілі нібыта за дысцыплінарнае парушэньне, але яна перакананая, што да гэтага спрычынілася палітыка, і зьбіраецца аспрэчыць звальненьне ў судзе.

“Таму што маё звальненьне было незаконным. Дырэктар прадпрыемства добра ведаў, што мой бацька ёсьць палітвязьнем, і наўмысна рабіў гэтак, каб мяне выкінуць з працы”.

Гэтак мяркуе Вольга Казуліна пра сваё звальненьне. У яе былога начальніка на гэта іншы погляд.

У аўторак, 9-га кастрычніка на сустрэчу з Аляксандрам Казуліным у віцебскую калёнію зьбіраецца паехаць ягоны адвакат Зьміцер Гарачка.

Артур Фінькевіч: “Улада спрабуе пашырыць геаграфію рэпрэсій”, 29.09.2007 Вольгу Казуліну звольнілі з працы, 28.09.2007 Чаму няма зьвестак пра Андрэя Клімава?, 18.08.2007
XS
SM
MD
LG