Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі ўзяць нашы заробкі, то выходзіць для нас задорага...”


Міхал Карневіч, Горадня Наш гарадзенскі карэспандэнт пабываў сёньня на рынку “Фарты” ў Горадні. Што кажуць гарадзенцы пра падвышэньне коштаў на харчы?

Раніца. Побач з рынкам “Фарты” нешматлюдна, але людзі ўжо нясуць у руках торбы.

Бабуля паклала ў торбу некалькі гурочкаў, адыходзіць ад прылаўка й нешта гаворыць сама сабе. Пытаюся ў яе – што купілі?

Бабуля: “Ой, нічога не магу вам сказаць. Я харчуюся дрэнна, бо пэнсія слабая”.

Карэспандэнт: “А хоць малачко, тваражок купляеце?”

Бабуля: “Тварог не бяру, а вось малачка й сьмятанкі павінна”.

Карэспандэнт: “А рыбку хоць на сьвяты купляеце?”

Бабуля: “Рыбку я наагул забыла, калі брала”.

Карэспандэнт: “А бульбы нарыхтавалі на зіму?”

Бабуля: “Ды вось, прыйшла паглядзець якія кошты. У мінулым годзе была па 500 рублёў. Цяпер, здаецца, тое самае, трэба будзе купіць”.

Да нас падыходзіць старэйшы спадар. Пытаюся ў яго, што купляе на рынку.

Спадар: “Ну што на рынку, цукар купляю, малако ў краме, печыва, бо таньней”.

Пытаюся, ці стае на месяц пэнсіі.

Спадар: “Калі піць гарэлку, то, вядома, ня хопіць, а калі ня піць..., можна неяк пражыць больш-менш”.

Дзьве спадарыні ўжо закупіліся, падыходжку да іх, далучаюся да размовы й пытаюся, што яны думаюць пра кошты на харчы.

Першая спадарыня: “Проста цэны няправільныя. Паглядзіце, раней курыца каштавала 2 рублі 20, а вантробы – 50 капеек. А цяпер: курыца – 5 тысяч, а вантробы – 4 тысячы”.

Другая спадарыня: “Ведаеце, я сама зь вёскі і ведаю, як там працуюць, то, канешне, гэта не вялікія кошты на мяса. Але, калі ўзяць нашы заробкі, то выходзіць для нас задорага”.

Карэспандэнт: “А да зімы падрыхтаваліся?”

Спадарыня: “На дачы ўсё сваё, садавіны, гародніны не купляем: ні бульбы, ні морквы, нічога. Накансэрвуем – і хапае”.
XS
SM
MD
LG