Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 кастрычніка – гадавіна забойства журналісткі Ганны Паліткоўскай


Юры Дракахруст, Прага Год таму ў Маскве, у пад’езьдзе свайго дому была забітая расейская журналістка Ганна Паліткоўская. Яна была адным з самых жорсткіх крытыкаў расейскіх уладаў. Забойцы і замоўшчыкі забойства дагэтуль ня сталі перад судом.

Ганну Паліткоўскую памятаюць у шматлікіх “гарачых кропках” Расеі, адкуль яна пісала свае артыкулы для “Новой газеты”. Хіба ня больш за ўсё Ганна Паліткоўская пісала пра крывавую вайну на Каўказе, пра забойствы, пра масавыя парушэньні правоў чалавека, пра дзьве ваенныя кампаніі ў Чачні, пра асеціна-інгускі канфлікт, пра Бэсланскую трагедыю.

Гаворыць кіраўнік аргкамітэту па аднаўленьні Аўхаўскага раёну Дагестану Маўладзі Саіпаў:

Саіпаў: "Былі шматлікія зачысткі. Яна адкрыта выказвала сваё меркаваньне ў Хасавюрце, калі саджалі нявінных людзей, яна абараняла іх правы. І нікога не баялася. Падчас спэцапэрацый яна лезла пад кулі. На Каўказе цэняць мужнасьць, а калі мужнасьць у жанчыны – гэта наагул вельмі каштоўна".

Людзі, якім давялося сустракацца з Ганнай Паліткоўскай, адзначаюць яе глыбокае разуменьне псыхалёгіі каўкаскіх народаў. Пра гэта кажа і грамадзкі дзяяч з дагестанскага Хасавюрту Умар Джаўтаеў.

Джаўтаеў: “Яе любілі за прастату, за яе здольнасьць быць дагестанкай, быць чачэнкай, быць аваркай. Яна магла адразу пераўвасобіцца і стаць каўкаскай жанчынай. Таму ёй давяралі, давяралі, бо лічылі сваёй”.

Журналіст з Бэслану Руслан Кабоеў адзначае, што да бэсланскай трагэдыі многія жыхары Паўночнай Асэтыі асуджалі Паліткоўскую за яе жорсткую крытыку палітыкі Крамля ў Чачні. Аднак пасьля тэрарыстычнай атакі на бэсланскую школу гэтае стаўленьне зьмянілася.

Кабоеў: “За час, што яна была тут, а гэта два-тры дні, стаўленьне да яе памянялася. Яна сустракалася і з маці, наведвала сем’і загіблых у бэсланскім тэракце. Тыя, хто зь ёй размаўлялі, зьмянілі на 180 градусаў сваё стаўленьне да яе”.

Паліткоўская пісала ня толькі пра “гарачыя кропкі” на Каўказе. Зімой 2004 году ў Башкартастане міліцыя на працягу 4 дзён праводзіла спэцапэрацыю ў Благавешчанску і навакольных вёсках. Акцыя па барацьбе з масавым бандытызмам вылілася ў жорсткае зьбіцьцё прыкладна тысячы чалавек, многія зь іх патрапілі ў шпіталі.

Гаворыць журналістка з Благавешчанску Аксана Асеева:

Асеева: “Калі я прачытала публікацыі Ганны Паліткоўскай, я ўжо знайшла тое, што мы самі тут не раскапалі. Яна правяла ўласнае незалежнае дасьледваньне”.

На думку калегі Паліткоўскай Веранікі Шахавай, яна была значна больш, чым журналісткай.

Шахава: “Паводле сваіх перакананьняў яна была праваабаронцай. Правы – гэта для яе было сьвятое, і яна гатовая была ехаць абараняць іх куды заўгодна і калі заўгодна. Мне здаецца, што яна і жыла заўсёды толькі для людзей. Не для сябе, а для людзей”.

Ганна Паліткоўская. 1958 - 2006. Фотагалерэя, 6.10.2007 Гадавіна забойства Паліткоўскай: “Людзі згубілі шанц даведацца праўду пра Чачэнію”, 4.10.2007 Расея найбольш небясьпечная для журналістаў пасьля Іраку і Альжыру, 12.10.2006 "Ганна была адзінай, хто казаў праўду пра жахі ў Чачні...", 11.10.2006
XS
SM
MD
LG