Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 5 кастрычніка


Зьміцер Падбярэскі, Менск Партал tut.by адзначае сёньня 7-годзьдзе. З гэтай нагоды на форуме парталу можна ўбачыць віншаваньні, да якіх далучаецца і “Начная аблога”.

Цікавую тэму абмяркоўваюць удзельнікі суполкі Жывога журналу minsk_by. Датычыцца гэта этыкі размоваў па мабільных тэлефонах.

Як сцьвярджае карыстальнік utro_na_unistar, у Нямеччыне за гучныя размовы па тэлефону ў грамадзкіх месцах альбо гучнае слуханьне музыкі могуць аштрафаваць. А вось у нас рэдка хто заўвагу зробіць.

lunniy_malchik прапануе: “Для пачатку трэба адвучыць гэтых людзей лаяцца матам і мачыцца ў ліфце”.

ml_forever не разумее: “А прычым тут мабільнікі? Нармальны чалавек ня будзе крычаць у трубку на ўвесь аўтобус, гэтак жа сама як ня будзе мачыцца ў ліфце і праз слова мацярыцца”.

mrkonopko: “А я вось пэрыядычна ў транспарце на тынэйджараў наязджаю за гэта. Дапамагае. Яны таксама разумеюць, што гэта непрыстойна, таму часьцей за ўсё пры першай заўвазе затыкаць катрынку”.

head_of_babulka: “Прапаную наогул забараніць мабільнікі, як у маёй любімай Паўночнай Карэі”.

Сайт generation.by зьвяртае ўвагу на наступны нюанс: «У Беларусі пашыраецца ўплыў кітайскай мовы. З 1-га сьнежня 2006-га году ў БДУ працуе Інстытут Кітаязнаўства, усё болей першаклясьнікаў вывучаюць кітайскую мову ў школе. Украіна пайшла іншым шляхам: студэнты Шанхайскага ўнівэрсытэту міжнародных стасункаў будуць вывучаць украінскую мову. Старшыня Назіральнай рады Міжнароднага дабрачыннага фонду «Украіна 3000» Кацярына Юшчанка адкрыла там катэдру ўкраінскай мовы. Жонка прэзыдэнта Ўкраіны перадала ад імя фонду ў падарунак катэдры бібліятэку на ўкраінскай мове, у якую ўваходзяць кнігі па гісторыі, культуры і ўкраінскіх традыцыях».

У Сеціве зьявіўся краязнаўчы сайт "Талька і навакольлі". Сабралі матэрыялы і зрабілі сайт мясцовыя вучні разам са сваёй настаўніцай Натальляй Ільініч, якая натхняе на краязнаўчую і дасьледчую працу ўжо якое пакаленьне мясцовых школьнікаў. Сайт нагадвае вялікі краязнаўчы музэй — столькі там зьмешчана зьвестак пра гісторыю, славутых людзей, прыроду, паходжаньне назваў навакольля.

Яшчэ адзін рэгіянальны рэсурс – віртуальнае Дзятлава. Маюцца на гэтым сайце і блогі.

Captain Flint піша: «Зайшоў на днях ва ўнівэрмаг, у той аддзел на першым паверсе, дзе робяць фотакарткі. Гляджу, а там, аказваецца, значкі з выявай гербу Дзятлава прадаюцца. Цікавыя такія, з гожым надпісам на роднай мове ўверсе. Заўважце, аднак, што герб зроблены з памылкай: самы ніз гербу павінен быць белы, а ня сіні. Аднак, нягледзячы на гэта, на маю думку, такі значок ня будзе лішні для любога дзятлаўчаніна. І дзякуй тым, хто здагадаўся зрабіць такую добрую справу!»

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG