Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: Як прадпрымальнікі ставяцца да страйку?


Галіна Абакунчык, Менск У Беларусі адбыўся аднадзённы страйк прадпрымальнікаў. Яны выступаюць супраць прэзыдэнцкага ўказу №760, які пагаршае ўмовы працы. Арганізатары заяўляюць, што страйкавалі каля 30 тысяч дробных гандляроў. Разам жа ў Беларусі зарэгістравана каля 200 тысяч прадпрымальнікаў. Як яны ставяцца да страйку? Наша карэспандэнтка пыталася пра гэта ў гандляроў менскага рынку “Дынама”.

Карэспандэнтка: “Ці ведаеце вы пра аднадзённы страйк прадпрымальнікаў, ці ўдзельнічалі ў ім? Як вы да яго ставіцеся?”

Прадпрымальнік: “Я трымаю нэўтралітэт. Сваё месца ў жыцьці я знайду”.

Прадпрымальнік: “Нам ніхто добра і не патлумачыў. Казалі, што нібыта гэта ў гонар Дня прадпрымальніка. Што прадпрымальнікам патрэбнае сваё сьвята — і што гэта прычына”.

Прадпрымальніца: “Не, мы ня ўдзельнічалі, хоць звычайна “Дынама” бярэ актыўны ўдзел. Але гэтым разам так не адбылося. Бо “Дынама” страйкуе, а выставы працуюць. Калі нечага дамагацца, то неабходная цэнтралізаваная арганізацыя, каб усе”.

Прадпрымальнік: “Мы стала ўдзельнічалі ў гэтых страйках, хадзілі на дэманстрацыі. Але раз на раз не прыходзіцца, цяпер не атрымалася”.

Карэспандэнтка: “Ці падтрымліваеце пратэстныя настроі ў асяродку прадпрымальнікаў?”

Прадпрымальнік: “Так, мы заўсёды падтрымліваем. Канечне, абавязкова. Бо тут немагчыма будзе стаяць з такімі падаткамі і з такой арэндай, вось і ўсё”.

Прадпрымальнік: “Праўду кажучы, пра страйк мы ня чулі. Але раней страйкавалі, а нехта працаваў. Атрымоўваецца, што нам былі толькі страты. Таму гэта было малаэфэктыўна. Таму страйкаваць трэба ўсім”.

Прадпрымальнік: “У прынцыпе, я падтрымліваю ўсе акцыі, якія скіраваныя на абарону сваіх правоў. Але гэтым разам я не зразумеў арганізатараў — якія былі мэты і патрабаваньні”.

Карэспандэнтка: “Ці ўдзельнічалі вы ў страйку?”

Прадпрымальнік: “Так, я ўдзельнічаў, абавязкова. Бо гэтыя новаўводзіны пра юрыдычныя асобы — гэта суцэльнае глупства. Гэта толькі каб зьнішчыць нас як клясу. Толькі такой мэтай можна гэта ўсё апраўдаць. Пабачым, што будзе да новага году, бо ніхто на новыя ўмовы працы не пераходзіць. Будзе страйк, канечне, бо ніхто ж насустрач не ідзе”.

Карэспандэнтка: “Ці самі будзеце ўдзельнічаць у такіх акцыях?”

Прадпрымальнік: “Абавязкова. Мне ж трэба жыць, а мне ўжо 52 гады. Каму я дзе патрэбны? Будзем змагацца”.

Прадпрымальніца: “Мы выходзілі працавалі, бо зразумела, што нічога ня зьменіцца”.

Прадпрымальніца: “Лічу, што калі выходзіць, то выходзіць 14 кастрычніка. Давайце выходзіць на дэманстрацыю эўрапейскую. Калі чагосьці дамагацца, то трэба дамагацца разам”.

Карэспандэнтка: “Вы самі гатовыя?”

Прадпрымальніца: “А мы заўсёды гатовыя. Мы, “Дынама”, самыя першыя на мітынгах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG