Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• У Магілёве анкалягічным хворым дапамагаюць грамадзкія актывісты


Радыё Свабода, Магілёў Паводле статыстыкі, у Беларусі са ста памерлых трынаццаць хварэлі на анкалягічныя захворваньні. Штогод колькасьць хворых на рак павялічваецца ў сярэднім на 3-5%. На Магілёўшчыне за пятнаццаць гадоў анкалягічныя захворваньні пачасьціліся больш як удвая. Большасьць людзей, у якіх выявілі анкалёгію, чакаюць сьмерці — такім на дапамогу прыходзяць псыхолягі. У Магілёве да псыхалягічнай падтрымкі хворым далучыліся й грамадзкія актывісты.

Год таму актывісты магілёўскай няўрадавай арганізацыі “Жаночы цэнтар падтрымкі й самаадукацыі” пастанавілі адкрыць тэлефонную псыхалягічную службу дапамогі хворым на анкалягічныя захворваньні ды іхным сем’ям.

Сваю службу актывісткі назвалі “Жыцьцё праз акно”. За год працы па дапамогу зьвярнуліся блізу шасьцідзесяці чалавек.

Пра адкрыцьцё службы апавядае актывістка арганізацыі, псыхоляг Вольга Галамака:

“Аднойчы патэлефанавала жанчына, у яе сястра ўжо ляжала на апэрацыі, і яна мне казала, што яна ня ведае, што ёй рабіць. Стан сваякоў, калі сапраўды не разумееш, чым дапамагчы, наагул, што адбываецца і падштурхнула на стварэньне нечага, куды можна прыйсьці й мець падтрымку”.

Анкалягічныя захворваньні маладзеюць, колькасьць іх павялічваецца:

“Вось уявіце, якая колькасьць людзей уцягнутая ў гэтую праблему, калі маладзее хвароба. Жанчыне 25—30 гадоў — колькі людзей задзейнічаныя: ейныя бацькі, яшчэ жывыя, муж, ягоныя бацькі, дзеці. Паглядзіце, якая колькасьць людзей уцягнутая ў гэтую праблему, а яны ў гэтым усе знаходзяцца. Калі людзі даведваюцца пра дыягназ, яны ўсе рыхтуюцца да сьмерці”, — разважае грамадзкая актывістка.

Мінуў год, і Вольга Галамака робіць першыя высновы:

“З чалавекам трэба гаварыць, сустракацца і гаварыць. Выгаварыцца, адкарэгаваць свой эмацыйны стан. Лекар можа распавесьці, што з вамі адбываецца і што чакае, а якія ён пры гэтым мае пачуцьці — з гэтым павінен працаваць псыхоляг”.

Супраца зь дзяржаўнымі арганізацыямі пакінула неадназначныя ўспаміны.

“Зь дзяржаўнымі структурамі было цікавае ўзаемадзеяньне. З аднаго боку, калі я прыходзіла да іх, я размаўляла — так яны ўхвалілі, было разуменьне. Рэклямы, аднак, не давалі. Што гэта страх, не давер, мне цяжка гаварыць”, — зазначае Вольга Галамака.

У Магілёве няма дзяржаўнай спэцыялізаванай службы псыхалягічнай дапамогі хворым і іхным сем’ям.

Ад лютага ў Магілёўскім дыягнастычным цэнтры працуе псыхоляг. Ён рэгулярна наведвае мясцовы анкалягічны дыспансэр і кансультуе хворых. У дыягнастычным цэнтры пакуль ня кажуць пра свае дасягненьні. Там кажуць, што пакуль займаюцца мэтадамі працы з хворымі й іхнымі сем’ямі.

• Беларусь павінна рыхтавацца да росту захворвальнасьці й сьмяротнасьці на рак, 13.08.2004
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG