Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• Ірына Казуліна: “Ня варта хаваць сваёй хваробы. Я — за адкрытасьць”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Ужо чатыры гады Ірына Казуліна зьяўляецца намесьніцай старшыні Міжнароднай грамадзкай арганізацыі “Ў промнях надзеі”, якая займаецца праблемамі хворых на рак малочнай залозы жанчын. Нядаўна актывісты правялі ў Менску адмысловую канфэрэнцыю, прысьвечаную рэабілітацыі тых, хто хварэе на рак грудзей. Сёньня спадарыня Казуліна дзеліцца з Радыё Свабода ўражаньнямі ад гэтага мерапрыемства, апавядае пра пляны арганізацыі.

Трэба памятаць: здароўе ў вашых руках!

Казуліна: “У верасьні ў Менску адбылася міжнародная канфэрэнцыя, якая сабрала 80 удзельнікаў. Я была адным з арганізатараў. Цяпер вельмі важна данесьці вынікі дыскусіі да грамадзкасьці. Распаўсюджваць інфармацыю нашы актывісты будуць ва ўсіх абласьцях і ў сталіцы.

Мы яшчэ раз хочам акцэнтаваць увагу жанчын на штомесячным самаабсьледаваньні. Хвароба малочнай залозы, на шчасьце, вылечваецца вельмі добра, калі своечасова заўважыць яе, — ведайце, здароўе ў вашых руках!

Наша арганізацыя “Ў промнях надзеі” зьявілася ў 2003 годзе. Яе старшыня — галоўны мамоляг Беларусі Леанід Путырскі, а я намесьнік.

У нас тры мэты. Першая — прафіляктычная праца сярод насельніцтва. Другая — падтрымка жанчын падчас лячэньня. Трэцяя — псыхалягічная падтрымка тых, хто лячыўся. Тут і культурна-масавыя мерапрыемствы, і арганізацыя групаў самападтрымкі, каб жанчыны маглі сустракацца, расказваць, напрыклад, як яны пераадольвалі наступствы хіміятэрапіі.

На жаль, пакуль не ўдаецца ў дастатковай ступені разгарнуць інфармацыйную працу. Ёсьць толькі паштовая скрынка — valunt@tut.by. На якія пытаньні можам адказаць — адказваем.

Не на дзяржаву — на сябе варта спадзявацца

Мы неяк прывыклі крытыкаваць дзяржаву: яна ня робіць таго, ня робіць гэтага… Аднак на канфэрэнцыі шмат гаварылася пра тое, што мы вельмі многа можам зрабіць самі. Цяпер вось пачалі зьбірацца — першымі менчукі, каб вызначыць сабе хай невялікі, не нацыянальнага маштабу, але — рэальны, патрэбны хворым участак працы.

Напрыклад, арганізаваць групу пасьляапэрацыйных жанчын, якія саромеюцца хадзіць у басэйн, бо ў іх ня дужа добрыя пратэзы ці адмысловы купальнік — тут праблемаў хапае. Як вынік, празь няёмкасьць кабеты больш закрываюцца… Вось чаму важна арганізаваць спэцыяльную групу, у якой усе ўдзельніцы будуць пачувацца камфортна.

Я кажу пра нібыта дробязі, якія цяжка, магчыма, зразумець здаровым жанчынам, але насамрэч гэта вельмі важна.

Калі чалавек, які апынаецца сам-насам са складанымі праблемамі, пачуе ці пачытае, як змагаліся зь імі іншыя, ён адчуе прыліў сілаў і надзею.

Ня варта хаваць сваю бяду ад іншых

На жаль, у Беларусі гэта не прынята. А вось у Амэрыцы, дзе я прабыла два месяцы, выйшла кніга жонкі аднаго з патэнцыйных удзельнікаў прэзыдэнцкіх выбараў — спадара Эдвардза, дзе яна расказала пра тое, што да яе вярнуўся рак малочнай залозы. Тады ж заявіў пра сыход са сваёй пасады прэсавы сакратар Белага Дому, бо ў яго знайшлі анкалёгію.

Бачыце, людзі там не саромеюцца сваіх хваробаў. А ў нас прынята ўсё гэта хаваць.

Мне асабіста больш падабаецца адкрытасьць”.

Ірына Казуліна - грамадзкі рэдактар тыдня (Фотагалерэя), 5.10.2007 Ірына Казуліна: “Я буду шчасьлівая толькі тады, калі абдыму мужа дома…”, 5.10.2007 Ірына Казуліна: “Цаню незапраграмаваных – напрыклад, Сяргея Скрабца…”, 4.10.2007 Ірына Казуліна: “На сайтах мяне ўражваюць камэнтары – зашмат абразы…”, 3.10.2007 • Ірына Казуліна змагаецца з ракавай хваробай і дапамагае іншым, 18.09.2007 Онлайн-канфэрэнцыя з Ірынай Казулінай, 14.07.2006 Адзін дзень у сям’і палітвязьня Аляксандра Казуліна, 10.07.2006
XS
SM
MD
LG