Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія баскетбалісткі набліжаюць Алімпіяду-2008


Ігар Карней, Менск Баскетбалісткі зборнай Беларусі зрабілі сэнсацыю на Чэмпіянаце Эўропы, які гэтымі днямі праходзіць у Італіі. Напярэдадні яны перамаглі дзейных чэмпіёнак Эўропы, суперніц з Чэхіі. Упершыню ў гісторыі кантынэнтальных спаборніцтваў каманда-дэбютант трапіла ў паўфінал.

Нечакана для многіх спэцыялістаў зборная Беларусі вырашыла ці не галоўную задачу, якую паставіў перад выхаванкамі галоўны трэнэр Анатоль Буяльскі.

Трапіўшы ў паўфінал, беларускі забясьпечылі сабе пуцёўку ў кваліфікацыйны турнір да Алімпійскіх гульняў 2008 году ў Пэкіне. Але наўпрост у Кітай выправіцца толькі залаты мэдаліст спаборніцтваў, а таму ня выключана, што ў трэнэрскім штабе цяпер зьявіцца і задача-максымум.

Сапраўдныя амбіцыі беларусаў стануць відавочнымі пасьля заўтрашняй гульні паміж зборнай Беларусі і пераможцам пары Бэльгія — Гішпанія (гэтыя каманды згуляюць сёньня позна ўвечары).

“Трапляньне ў паўфінал падавалася чымсьці з вобласьці фантастыкі”

На тэлеканале “Лад” трансьляцыі з Чэмпіянату Эўропы вядзе спартовы камэнтатар Дзьмітры Герчыкаў. Запытваю: ці разьлічваў ён пратрымацца ў эфіры так доўга?

“Шчыра кажучы, не. Як журналіст і як камэнтатар. У душы недзе надзея была, але рэаліі беларускага жаночага баскетболу настолькі сёньня суровыя і непрадказальныя, што, скажу шчыра, спадзяваўся максымум на варты выступ у другой стадыі.

Пападаньне ў чвэрцьфінал і тым больш у паўфінал падавалася чымсьці з вобласьці фантастыкі. І для мяне сёньня, безь перабольшаньня, вялікае сьвята.

Цяпер, безумоўна, хочацца яшчэ большага. Няхай ня выйграць чэмпіянат, але хоць бы выйграць у паўфінале — каб мэдаль быў ужо пэўна, а ў матчы за трэцяе месца меней нэрваў траціць. А трапляньне дэбютанта ў фінал — гэта проста будзе нешта фэерычнае і для заўзятараў, і для ўсёй Беларусі, я так мяркую”.

Як патлумачыў Дзьмітры Герчыкаў, ня выключана, што неўзабаве беларускам давядзецца выступіць у своеасаблівым міні-чэмпіянаце сьвету.

Маецца на ўвазе кваліфікацыйны турнір да Алімпіяды ў Пэкіне, у якім возьмуць удзел дванаццаць камандаў: чатыры ад Эўропы, тры ад Амэрыкі, дзьве ад Азіі і дзьве Афрыкі і адна ад Акіяніі. З гэтай колькасьці пяць лепшых атрымаюць на наступны год пуцёўкі ў Кітай.

Аляксандар Мілінкевіч: “Гэта фантастычны посьпех”

Але, гледзячы на настроі беларускіх баскетбалістак, яны гатовыя ашчаджаць сілы і вырашыць задачу-максымум без удзелу ў кваліфікацыйным раўндзе. Іншая рэч, ці здолеюць дэбютанткі зрабіць цуд і стаць чэмпіёнкамі Эўропы?

Чэмпіён Беларусі ў баскетболе і ў сярэдзіне 1990-х прэзыдэнт клюбу “Горадня-93” Аляксандар Мілінкевіч таксама ў захапленьні ад гульні беларускай каманды:

“Ну, гэта фантастычны посьпех. І я насамрэч вельмі шчасьлівы, бо вынік абсалютна нечаканы. Бо ў краіне клюбы не такія ўжо моцныя, а каманда ўсё ж ёсьць — дзякуй. Выдатна гуляюць. Я заўсёды кажу, што сур’ёзны, клюбны гульнявы спорт, як баскетбол, футбол, валейбол, можа разьвівацца, калі ёсьць рынкавыя дачыненьні, калі разьвіваецца бізнэс. Бо толькі бізнэс можа ўтрымаць такія дысцыпліны, дзяржава ніколі ня здолее гэта зрабіць. А тут нават у такіх складаных фінансавых умовах і раптам — такі посьпех”.

***

А вось у іншых гульнявых дысцыплінах беларусы не такія пасьпяховыя. Учора скончыўся эўракубкавы шлях для футбалістаў барысаўскага БАТЭ.

Саступіўшы ў першым матчы Кубку УЭФА гішпанскаму клюбу “Вільярэал” з разгромным лікам 1:4, напярэдадні барысаўцы на стадыёне “Дынама” толькі дапамаглі замацаваць посьпех гасьцям, прайграўшы 0:2. Да гэтага спробы БАТЭ трапіць у асноўную групу Лігі чэмпіёнаў ня мелі плёну.

Пасьля хатняй нічыёй з румынскай “Сьцяўай”, у Бухарэсьце беларусы гэтаксама нічога ня здолелі супрацьпаставіць больш дасьведчаным супернікам.

Апошняя дэкада верасьня стала вырашальнай і для беларускіх тэнісістаў, якія ад 2003 году трымаліся ў эліце ўсясьветнага тэнісу ў самым прэстыжным усясьветным першынстве — Кубку Дэвіса. Аднак у Пэру вэтэраны беларускай зборнай Максім Мірны і Ўладзімер Ваўчкоў прайгралі гаспадарам і апусьціліся ў Эўра-Афрыканскую зону, адкуль з такімі складанасьцямі колісь выбіваліся ў людзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG