Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ахова прэзыдэнта – гэта шматпавярховая вэртыкаль"


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 5 кастрычніка, пятніцу

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Пачынаючы ад гэтага тыдня мы уводзім прыз - падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы буду абвяшчацца кожную нядзелю у тыднёвым аглядзе “Званкі на Свабоду”. Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон "Свабоды" ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24

Зіноўеў: “Калі для Падабеда “марш” несур’ёзны, дык прыбярыце з трэніровак спэцсродкаў лятаючыя баксёрскія пальчаткі. Дзякуй”.

“Я думаю, што ў беларускую палітыку яшчэ вернуцца і Клімаў, і Казулін, і Дашкевіч. Дзякуй”.

Аляксандр Анатольевіч Яцкевіч, Віцебск: “Добры дзень, Радыё Свабода! Неяк зайшла гаворка пра ахову прэзыдэнта. Дык вось я падумаў і зрабіў такую выснову. Ахова прэзыдэнта ня толькі ў тым батальёне ці палку, які яго афіцыйна ахоўвае, але таксама ахова прэзыдэнта – гэта шматпавярховая вэртыкаль. Напрыклад, Адміністрацыя прэзыдэнта, аблвыканкамаўскае чынавенства, потым райвыканкамаўскае чынавенства, дырэктары прадпрыемстваў і кіраўнікі арганізацый, якія маюць аклады ў 6 разоў больш тых, хто ім павінен падпарадкоўвацца. Вось якая ахова ў нашага вялікага кармільца. Дзякую”.

Спадар Мікалай: “У гарпасёлку Івянец за апошні час чацьвёрты раз паднялі кошты на самы танны хлеб, які прыкладна месяц таму каштаваў 830 рублёў, а цяпер ужо 1020. А сёньня ўлады зачынілі самую лепшую прыватную краму “Парк,” дзе кошты былі ніжэйшыя, чым у краме СельПО, у якім гэты ж хлеб каштуе 1060 рублёў. Улады пакаралі не прыватную краму, а беднякоў і пэнсіянэраў. Вось так”.

Ірына, Жыткавічы: “Добры дзень. Мяне абурыла меркаваньне галоўнага геоляга Пятра Хоміча наконт прыкрыцьця голага азадку беларусаў палескім бурым вугалем. Спадар геоляг сказаў, што ўвогуле няма ніякіх падставаў для панікі, капаецца невялікая сажалка, дзе будуць разводзіцца карпы. Наколькі я ведаю, непасрэдна каля Жыткавічаў для здабыцьця бурага вугалю плянуецца выкапаць такую сажалку памерам ня менш за тры з паловай кілямэтры ў радыюсе і глыбінёй да 60 мэтраў.

Выказваньне геоляга мне нагадала 1986 год, калі розныя чыноўнікі і “спэцыялісты” запэўнівалі нас, што няма ніякай небясьпекі, усё цудоўна, узровень радыяцыі нармальны і ўсе радасна ішлі сьвяткаваць Першамай. Цывілізаваны сьвет у 21-м стагодзьдзі распрацоўвае тэхналёгіі па выкарыстаньні бясьпечных і танных крыніц энэргіі: сонца, ветру, біяпаліва, укладаюцца грошы ў тэхналёгіі энэргазьберажэньня. Напрыклад, я ведаю, у Эўропе будуюцца дамы з такой цеплаізаляцыяй, што там увогуле не патрабуецца ніякага ацяпленьня, нават зімой. А каменны ці буры вугаль здабываюць на вялізных радовішчах, разьлічаных на выкарыстаньне на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў і разьмешчаных не ў такіх населеных і прыродна-ўнікальных месцах, як Палесьсе. Дзякуй”.

Спадар: “Цудоўна, што Вы падымаеце тэму гісторыі. Сапраўды, зьвярніце ўвагу на гэта. Вельмі цікавая сытуацыя з тымі ж самымі палешукамі. Вельмі сумна, што ў Вас гэта галопам па Эўропам. Сапраўды, трэба расказаць, што ў Беларусаў існуюць тры этна-групы. Трэба гэта ўсьведамляць: ліцьвіны, крывічы і палешукі, і што ў нас насамрэч два варыянты беларускай мовы: паляшуцкі і крывіцка-літоўскі. І сапраўды, яны як этна-групы крыху іншым шляхам разьвіваліся. І дзяўчаты ў іх іншыя. Калі крывічанка ці ліцьвінка русявыя і бялявыя, то паляшучкі ў асноўным зьбітыя, а не даўганогія, і рудыя, чарнявыя. Пра гэта трэба цэлае дасьледаваньне рабіць, як гэта рабіў я, дасьледуючы гісторыю беларусаў. Шчасьліва!”

Жураўлёў Пятро Міхайлавіч: “Добры вечар, “Свабода”. Скончыўся “Верасень з Данчыкам”. Асабіста я адчуў вялікае задавальненьне гэтай перадачай. Сярод песьняў, якія выконваў Данчык, былі і песьні на вершы Сяржука Сокалава-Воюша, як, напрыклад, “Як ты са мной”. Менавіта Сяржуком напісаныя словы да палянэзу Міхала Клеафаса Агінскага “Разьвітаньне з Радзімай”. Паэт з такім талентам, як у Сяржука Сокалава-Воюша, на мой погляд, можа быць гонарам для любой, самай адукаванай, самай культурнай нацыі. Але я чуў, што ён жыве ў эміграцыі. Атрымліваецца, што для нашай улады нішто – талент, нішто – геній. Галоўнае – лісьлівасьць ды адданасьць рэжыму. Зьвяртаюся да “Свабоды” з просьбай наладзіць неяк на “Свабодзе” сустрэчу з гэтым паэтам, распавесьці пар яго, пачытаць яго вершы. З павагай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG