Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Шырокаму колу кітайскіх чытачоў добра вядома імя народнага паэта Беларусі Я.Купалы"


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 5 кастрычніка ў розныя гады мінулага.

“Nowe Zycie” ў 1927 годзе паведамляе: “Дня 26 б.м. у касьцёле Слоніму адбыўся выпадак, які амаль ня скончыўся трагічна для годнай асобы Яго Эксэленцыі кс.Арцыбіскупа Ялбжыкоўскага і для верных. Па інгрэсе кс.Арцыбіскупа... раптам пачаў адрывацца тынк на скляпеньні галоўнай нэвы, над вялікім алтаром і засыпаў той алтар. На шчасьце прысутны ў касьцёле капітан Рудольф Роля-Яніцкі імгненна скочыў да арціпастэра і адвёў яго ў бясьпечнае месца, адкуль кс.Арцыбіскуп гучна пачаў казаць, каб людзі заставаліся спакойнымі і апанавалі сытуацыяй. Аднак некалькі чалавек былі паранены. Частку адвезьлі ў гарадзкі шпіталь, частку да дому”.

“Шырокаму колу кітайскіх чытачоў добра вядома імя народнага паэта Беларусі Я.Купалы, — сьцьвярджае ў 1957 годзе “ЛіМ”. — Яшчэ ў 1954 годзе ў Кітаі вялікім тыражом быў выдадзены зборнік яго вершаў “Жалейка”. 14 ліпеня ў Доме культуры Пекінскага філіяла Таварыства кітайска-совецкай дружбы адбыўся юбілейны сход, прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння Я.Купалы... З дакладам аб жыцці і творчасці Янкі Купалы выступіў перакладчык яго твораў Сунь Шэн-у. З чытаннем твораў народнага паэта Беларусі выступілі Лі Кэн, Юй Дай-цінь і Юй Вэнь-чжун. У заключэнне сходу быў прагледжаны кінофільм “Беларускі канцэрт”.

На старонках “Свободных новостей” на гэтым тыдні 1997 году Сяргей Маліноўскі адзначае: “Наша папса настолькі прызвычаілася выступаць пад “фанэру”, што недасьведчаны ў маленькіх хітрыках беларускай эстрады глядач заўважае падман адно тады, калі фанаграма банальна пачынае “заядаць”... Дурнейшай сытуацыі і не прыдумаеш. У такія моманты пап-куміры апускаюць сябе да ўзроўню падлетка, якога старэйшыя засьпелі на занятку ананізмам”.
XS
SM
MD
LG