Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд вырашыць спрэчку праваабаронцаў з урадам


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе Менску пачнецца разгляд скаргі Беларускага Хэльсынскага камітэту на Савет міністраў і Міністэрства фінансаў. Назіральнікі кажуць, што каб у БХК не было ніякіх шанцаў на посьпех у гэтым працэсе, суд ўвогуле ня стаў бы разглядаць скаргу.

Тры гады таму Беларускі Хэльсынскі камітэт абклалі падаткам на замежную дапамогу паводле праграмы ТАСІС. Між тым, раней з гэтай дапамогі падатак ня бралі. Улада патлумачыла новаўвядзеньне зьменамі ў закон аб падаткаабкладаньні, якія ўнёс парлямэнт. Чаму ж праваабаронцы з БХК падалі ў суд на ўрад, а не на тых, хто карэкціраваў закон? Намесьнік старшыні БХК Алег Гулак кажа:

“Урад мусіў прыняць захады, каб міжнародная дамова аб неабкладаньні падаткамі замежнай дапамогі была ўлічана ў законе. Але ўрад гэтага не зрабіў. У законе цягам году і 10 месяцаў была дзірка. Вось мы і просім, каб нам кампэнсавалі страты, панесеныя ў выніку бязьдзейнасьці ўраду”.

Нагадаю, у БХК арыштавалі маёмасьць, якую ацанілі ў 250 тысяч рублёў. Але галоўнае, кажуць праваабаронцы, суд пастанавіў спагнаць з арганізацыі 155 мільёнаў рублёў падаткаў і штрафаў за іх няўплату. Паколькі грошай на гэта ў бюджэце арганізацыі не было, рахунак БХК арыштавалі, а супраць яе кіраўнікоў завялі крымінальную справу. Потым яе закрылі, але старшыня БХК Тацяна Процька не выключае, што справу ў любы момант могуць аднавіць.

“Між іншым, гэта дастаткова непрыемны артыкул. Ён з канфіскацыяй, і тэрмін зьняволеньня ажно 7 гадоў. Гэта што тычыцца мяне. А што да арганізацыі, то колькі гадоў дзейнасьць наша фактычна паралізаваная, бо мы ня можам працаваць праз разьліковы рахунак”.

Прадстаўнік Мінфіну напярэдадні слуханьня справы ад камэнтару адмовіўся, супрацоўнікі ўраду увогуле ў суд не зьявіліся.

Назіральнікі нагадваюць, што год таму Вышэйшы гаспадарчы суд ужо прызнаваў законнымі прэтэнзіі да БХК з боку падатковай інспэкцыі. На іх думку, адхіліць пазоў праваабаронцаў да ўраду – значыць расьпісацца ў тым, што раней служкі Фэміды памыліліся. Але ўзьнікае і сустрэчнае пытаньне: навошта судзьдзя Кацярына Караткевіч прымала скаргу да разгляду, калі магла яе проста адхіліць?

На думку праваабаронцаў, вынік разгляду справы засьведчыць, ці сапраўды беларускія ўлады зьбіраюцца выконваць свае абавязацельствы адносна умоваў атрыманьня міжнароднай дапамогі.

• Міністэрства фінансаў не жадае замірыцца з БХК, 13.09.2007 • БХК не выключае, што ўрад захоча замірыцца , 13.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG