Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клюб для сустрэч прэзыдэнтаў


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Душанбэ пачынаецца саміт СНД, у якім плянуе ўзяць удзел Аляксандар Лукашэнка. У парадку дня 19 пытаньняў. Будуць абмеркаваны канцэпцыя разьвіцьця садружнасьці і міграцыйная палітыка.

На мінулым саміце ў Санкт-Пецярбургу прэзыдэнт Казахстану прапанаваў вырашаць цягам кожнага году хаця б адно пытаньне ў рамках СНД. Аднак гэтую прапанову не зацьвердзілі. Колькасьць дамоваў садружнасьці расьце, але значная частка зь іх не выконваецца. Да прыкладу, пагадненьне аб стварэньні зоны свабоднага гандлю, падпісанае яшчэ ў 1994 годзе.

“Пагадненьне аб свабодным гандлі спрабавалі рэалізаваць у СНД, якое па легендзе ёсьць інтэграцыйнай, а па сутнасьці, ёсьць рэгіянальнай арганізацыяй, – кажа прадстаўнік маскоўскага інстытуту СНД Уладзімер Жарыхін. – У рамках такой арганізацыі немагчыма сфармаваць зону свабоднага гандлю. У яе рамках хутчэй зручна праводзіць двухбаковыя перамовы і кансультацыі”.

Учора ўвечары кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Павал Лёгкі ня меў інфармацыі пра плянаваныя двухбаковыя сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Расеі ці іншых краінаў садружнасьці.

Лёгкі: “Я думаю, што многія моманты двухбаковыя вызначацца ўжо на месцы”.

Карэспандэнт: “Ці будзе асобная сустрэча з Уладзімерам Пуціным – пакуль невядома?”
”СНД ужо, канечне, згубіла тую ролю, якую яно мела літаральна гадоў пяць таму”
Лёгкі: “Я думаю, што пакуль рана пра гэта казаць”.

Паводле дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Гайдукевіча, у садружнасьці набываюць сілу “унутраныя паралельныя рухі”:

“СНД ужо, канечне, згубіла тую ролю, якую яно мела літаральна гадоў пяць таму. Сотні законаў не ратыфікаваныя дзяржавамі, якія ўваходзяць у склад СНД. Але гэты клюб для сустрэч прэзыдэнтаў застанецца”.

Станіслаў Шушкевіч, адзін са стваральнікаў СНД сказаў, што садружнасьць, як і раней, не вырашае актуальных пытаньняў:

“Пра тое, што СНД павінна было памерці, гаворка ідзе даўно. Але ёсьць такія пытаньні, для якіх яно патрэбна. Пасьля таго, як эканамічны камітэт быў перанесены ў Маскву, гэта фактычна расейская структура. І адбываецца там, дзе трэба Расеі”.

Паводле палітоляга Андрэя Фёдарава чарговыя саміты праводзяцца ўсяго толькі дзеля захаваньня іміджу, што, маўляў, СНД існуе:

“У прынцыповым сэнсе яны ўжо настолькі разышліся па розных накірунках –Цэнтральная Азія мае адны арыентыры, Украіна, Малдова – іншыя, Каўказ таксама іншыя. Немагчыма гэта зьляпіць”.

• Аляксандар Лукашэнка супраць Аляксандра Вешнякова , 13.06.2007 • Як камэнтуюць у Расеі і ў Беларусі інцыдэнт з расейскімі журналістамі , 29.11.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG