Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ул.Арлоў: "Мае героі паўплывалі на мяне – як на асобу і як на пісьменьніка"


Радыё Свабода, Віцебск Сёньня ў Віцебску адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Ўладзімера Арлова "Імёны Свабоды". Сустрэчы пісьменьніка з чытачамі ўжо прайшлі ў Полацку, Наваполацку, учора такая сустрэча адбылася ў пасёлку Росіца Верхнядзьвінскага раёну. Кнігу можна спампаваць з нашага сэрвэру тут --> http://archive.svaboda.org/info/Imiony_Svabody.pdf (у фармаце PDF).

Спаміж герояў кнігі "Імёны Свабоды" мноства асобаў, чые лёсы зьвязаныя зь Віцебшчынай. Гэта сусьветна вядомы мастак Язэп Драздовіч, заснавальнік беларускага тэатру Ігнат Буйніцкі, славутыя пісьменьнікі Васіль Быкаў і Ўладзімер Караткевіч, а таксама сучаснікі пісьменьніка Ўладзімера Арлова ды ягоных чытачоў – паэт Анатоль Канапелька, мастак Лявон Баразна, сябар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Уладзімер Плешчанка.

На думку старшыні Віцебскай абласной рады ТБМ Іосіфа Навумчыка, гэтыя людзі, якія ўжо пайшлі з жыцьця, безумоўна вартыя таго, каб стацца героямі кнігі. Бо яны ўжо сталіся героямі беларускай гісторыі.

"Гэта былі сапраўдныя рупліўцы беларускай справы! – гаворыць І.Навумчык. – І наша рада ТБМ ладзіць сёньняшнюю прэзэнтацыю яшчэ й таму, што зараз вельмі мала выдаецца літаратуры, якая паказвала б сапраўдную гісторыю Беларусі. Ні аб якім патрыятычным выхаваньні ня можа йсьці й гаворкі, калі мы ня будзем ведаць вось гэтыя ды яшчэ сотні й сотні імёнаў тых, хто спрычыніўся да беларускай справы."

На сёньняшняй сустрэчы зь віцебскімі чытачамі прагучаць тыя старонкі з кнігі "Імёны Свабоды", што прысьвечаныя віцебчукам. Пра гэта гаворыць пісьменьнік Уладзімер Арлоў:

"З аднымі я быў знаёмы асабіста, з другімі час разьвёў мяне на стагодзьдзе, а то й на два. Героямі кнігі сталі як вядомыя асобы, чые імёны ўжо трапілі ў энцыкляпэдыі, так і тыя, хто быў вядомы хіба ў вузкім коле сваіх родных, сяброў, аднадумцаў. Але гэтыя людзі – і адны, і другія – прайшлі праз мой лёс. І паўплывалі на мяне як літаратара, як асобу. Гэта тыя, хто чакаў свабоды, змагаўся за яе, пакутваў і вельмі часта гінуў".

На віцебскую прэзэнтацыю арганізатары запрасілі сваякоў ды блізкіх мясцовых герояў кнігі "Імёны Свабоды".

Паводле плянаў Уладзімера Арлова, наступныя прэзэнтацыі ягонай кнігі пройдуць на Гарадзеншчыне, а потым ён ізноў мяркуе прыехаць на Віцебшчыну, у Шаркоўшчынскі раён – бо мае намер наведаць усе мясьціны, зь якіх паходзяць людзі, чые імёны ён лічыць "імёнамі Свабоды".

• “Імёны Свабоды” – новыя прэзэнтацыі , 29.09.2007 • Уладзімер Арлоў на онлайн-канфэрэнцыі: “Улада хоча, каб беларуская гісторыя пачыналася калі не ад 1994 году, дык прынамсі з апошняй вайны”, 25.09.2007
XS
SM
MD
LG