Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліцэісты пакажуць у Польшчы спэктакль


Радыё Свабода, Варшава Навучэнцы беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа рыхтуюцца да паказу ў Польшчы музычнага спэктаклю на падставе “Народнага альбому”. У пастаноўцы разам зь імі возьмуць удзел і польскія ліцэісты.

Ліцэісты пакажуць музычны спэктакль у межах міжнароднага Фэстывалю нацыянальных культур, што пачнецца ў Гданьску праз тыдзень. Ліцэй будзе прадстаўляць на фэстывалі Беларусь.

Дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас ўпэўнены, што польская публіка добра разумее тэматыку і час, паказаныя ў “Народным альбоме” – падзеі адбываюцца ў міжваенным Ракаве ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя.

Тым больш, што ліцэісты ўжо выступалі з гэтым мюзіклам у гарадах Закапанэ, Гданьск, а таксама ў Варшаве.

“Думаю ён цікавы тым, што паказвае той пласт культуры, які быў папросту зьнішчаны пазьней”.

Паводле словаў Уладзімера Коласа, у “Народным альбоме” апісаная агульная гісторыя беларусаў і палякаў. Ліцэісты, акрамя рэпэтыцый, вывучаюць таксама архіўныя матэрыялы тых часоў, сустракаюцца з людзьмі, якія жылі ў міжваенным дваццацігодзьдзі.

Цяпер ліцэісты вучацца ў Варшаве ў Першым грамадзкім ліцэі польскай сталіцы разам са сваімі аднагодкамі-палякамі. Уладзімер Колас кажа, што сыстэмы навучаньня беларускага гуманітарнага ліцэю і Першага грамадзкага ліцэю польскай сталіцы даволі падобныя, таму праблемаў з разуменьнем ці прыстасаваньнем да навучальнай праграмы, няма.

Цікава, што некаторыя зь іх таксама выступяць разам зь беларускімі ліцэістамі.

Польскі рэжысёр Марак Дэмбінські зь кінастудыі “Эвэрэст”, якая зьяўляецца прадусарам спэктаклю, здымае цяпер фільм пра пастаноўку ліцэістаў. Спадар Дэмбіньскі ўжо зьняў адзін фільм пра ліцэй – “Урок беларускай мовы”, які атрымаў прызы на некалькіх міжнародных фэстывалях.

Спэктаклі ліцэістаў паводле “Народнага альбому” адбудуцца ў Гданьску 11 і 13 лістападу.
XS
SM
MD
LG