Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вянок памяці: Яўген Будзінас


Валянціна Аксак, Менск Пасьля цяжкай і працяглай хваробы 4 кастрычніка памёр пісьменьнік і адзін зь першых беларускіх прадпрымальнікаў Яўген Будзінас. Яму ішоў 64-ты год.

Ён нарадзіўся ў Маскве 18 лютага 1944 году. Адразу пасьля вайны сям’я пераехала ў Вільню, дзе прайшло ўсё дзяцінства Яўгена.

Пасьля школы паступіў у радыётэхнічны інстытут у Разані (Расея), зь якога, аднак, быў выключаны за свой свавольны характар. Празь некалькі гадоў скончыў такі самы інстытут у Менску, дзе і жыў потым доўгія гады амаль не выяжджаючы.

У ягонай працоўнай кніжцы запісана больш за трыццаць прафэсіяў — ад будаўніка і кіраўніка вялікага будаўнічага ўпраўленьня да кіраўніка выдавецкае фірмы “Паліфакт”.

Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру паэт Уладзімер Някляеў пазнаёміўся зь Яўгенам Будзінасам на пачатку 1970-х у часе агульнае працы ў газэце “Знамя юности”.

“Ён вельмі быў падобны ў сваім сталым жыцьці на той час, у якім жыў, і час быў падобны да яго. Я думаю, якраз гэта дапамагло Яўгену выявіцца ў гэтым часе. Ён быў самай яркай ва ўсіх сэнсах асобай, якая жыла ў Беларусі напрыканцы мінулага стагодзьдзя і напачатку стагодзьдзя гэтага. І нішу ягоную, нішу мастака і чалавека, па-мойму, запоўніць няма кім, бо такіх асобаў у нашым сёньняшнім часе няма”, — сказаў Уладзімер Някляеў.

Стварэньне ўласнае выдавецкае фірмы дазволіла Яўгену Будзінасу ажыцьцявіць шматлікія культурніцкія кніжныя праекты. Сярод якіх і выданьне зборнікаў старадаўняе беларускае музыкі, а потым правядзеньне ў створаным ім жа цэнтры старадаўняе культуры “Дудуткі” вялікіх музычных фэстаў.

Кіраўнік “Беларускае капэлі” сьпявак і музыказнаўца Віктар Скарабагатаў гаворыць, што безь Яўгена Будзінаса Беларусь не даведалася б пра шмат якія старонкі сваёй музычнай спадчыны.

“Гэта сапраўды вялікая страта для культуры, бо гэта быў чалавек, неабыякавы да яе разнастайных праяваў”, — зазначыў Віктар Скарабагатаў.

Сярод тых, з кім спадара Будзінаса зьвязвала творчае і асабістае сяброўства, вядомы кінарэжысэр Юры Хашчавацкі. Ён лічыць страчанага сябра апошнім рамантыкам эпохі.

“Хто быў у Дудутках, той бачыў — і там млыны, і там музэі, і там фэрмы, і там пабудовы цудоўныя. Усё гэта, канечне ж, вельмі здорава. Ён быў летуценьнікам, і ён быў адным з, можа быць, апошніх рамантыкаў, якіх я ведаў”.

У Яўгена Будзінаса засталася жонка Валерыя, трое дзяцей і трое ўнукаў. А яшчэ некалькі папулярных кніг. На прэзэнтацыі апошняй зь іх — “Давайте, девочки” — ужо ведаючы пра сваю цяжкую хваробу ён заклікаў чытачоў жыць напоўніцу.

Разьвітаньне зь Яўгенам Будзінасам адбудзецца 5 кастрычніка ў створаным ім культурна-гістарычным комплексе “Дудуткі”, куды пасьля крэмацыі паводле запавету вернецца і ягоны прах.
XS
SM
MD
LG