Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску праблемы з пастаўкамі малака


Алесь Дашчынскі, Менск Няпростая сытуацыя склалася з пастаўкамі малочнай прадукцыі для Менску. На малочных заводах гэта тлумачаць недахопам сыравіны. Незалежныя эканамісты цьвердзяць, што малако вывозіцца за межы краіны, пераважна ў Расею.

У першай палове дня я наведаў некалькі менскіх крамаў. Ва ўсіх скардзіліся, што пастаўкі таннага малака ў пакетах за 700—900 рублёў з гарадзкіх малаказаводаў паменшыліся.

Ва ўнівэрсаме “Сухараўскі” малака ў пакетах не было. Учора завезьлі толькі восем скрыняў замест трыццаці дзьвюх.

Пра сытуацыю з малаком прадавачка сказала:

“Сытуацыя SOS, дрэнная. Даводзіцца браць з раёнаў”.

У краме “Бляск” была невялікая колькасьць малака, але тлустасьцю два з паловай працэнты. Таваразнаўца Ларыса Букрэева сказала:

“Рэч у тым, што яны цяпер выконваюць заяўку ня поўнасьцю на 100 працэнтаў, а на 50 і 30. А прычыны, напэўна, вядомыя нашаму вышэйшаму кіраўніцтву, але ня нам”.

Галоўная ўправа спажывецкага рынку Менгарвыканкаму разаслала ў крамы тэлефанаграму.

У ёй гаворыцца: “У гэты час складваецца напружаная сытуацыя з пастаўкамі цэльнамалочнай прадукцыі гораду Менску. Каб не дапусьціць перабояў у гандлі малакапрадуктамі, лічым мэтазгодным у кастрычніку забясьпечыць першачарговую падачу заявак у асартымэнце на раённыя малочныя заводы”.

Астатнюю частку мусяць пакрыць тры менскія малаказаводы. Падпісаў гэты ліст намесьнік управы Ўладзімер Калтовіч, які кажа:

“Ёсьць праблема забесьпячэньня сыравінай, малаком базіснай тлустасьці заводаў. Гэта іхная праблема. Сёньня гандаль атрымоўвае малако ня толькі зь менскіх заводаў, але і з раёнаў. Апошні месяц крыху іншая сытуацыя”.

У крамах, якія я наведаў, малако з раённых заводаў яшчэ не паступіла. Хаця менскае, магілёўскае і берасьцейскае малако было ва ўпакоўцы тэтрапак — яно каштуе даражэй.

Намесьнік дырэктара менскага малаказаводу №3 Генадзь Ждановіч патлумачыў, што не хапае сыравіны і апошнім часам завод пераарыентаваўся на ўпакоўку тэтрапак:

“Пры неабходнасьці каля 350 тон у нас сыравіны 210—215 тон. Зразумела, што ніхто ня хоча сыравіну аддаваць. На горад сыравіны паступае меней. У горад, як правіла, недадаем 50—70 тон прадукцыі штодня. Завод не на поўную магутнасьць працуе”.

Паменшыўся ў крамах і выбар масла. Генадзь Ждановіч сказаў:

“Усё ж адно пытаньне. Калі няма сыравіны, то яго няма з чаго й зрабіць. Мы масла не выпускаем ужо каля месяца, з-за адсутнасьці сыравіны. Усе гарадзкія заводы апынуліся ў такой сытуацыі.

Сыравіны толькі зь Менскай вобласьці не хапае. Менская вобласьць вялікая і малочная. У яе і заводаў поўна. Вазьмеце Слуцкі, Нясьвіскі, Клецкі. Гэта ж магутныя заводы, прычым арыентаваныя на глыбокую перапрацоўку, сыры пераважна. Таму на горад ужо ідзе паводле рэшткавага прынцыпу”.

Чаму ж не хапае сыравіны? Гэтае пытаньне яшчэ ўлетку закраналася на сэлектарнай нарадзе з кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам. У Мінсельгасхарчы спрабавалі супакоіць — маўляў, праблем з малаком амаль няма.

Кіраўнік цэнтру Мізэса, эканаміст Яраслаў Раманчук патлумачыў:

“Гэта было з цэмэнтам, зь іншымі таварамі. Калі цана на сыравіну за межамі нашай краіны ў два-тры разы вышэйшая, безумоўна, нашы прадпрыемствы аграрныя, каб зарабіць, вывозяць сыравіну туды.

Калі так далей пойдзе, то будзе як у 1998-1999 гадах, калі Лукашэнка пра яйкі, пра сьмятану казаў. Так будзе і з малаком у 2007 годзе. Цыкль прайшоў, а гэтыя людзі нічому не навучыліся”.

Менск, 4.10.2007. У Менску праблемы з пастаўкамі малака. У менскай краме “Раўбічы” У менскай краме “Раўбічы” а палове на першую прадавачка выстаўляла на вітрыну ўчорашняе малако зь дзьвюх скрыняў. На вітрыне — усё, што мае крама

Менск, 4.10.2007. У Менску праблемы з пастаўкамі малака. У краме “Зарына” малако ў пакетах ужо раскупілі У краме “Зарына” малако ў пакетах ужо раскупілі. Пэнсіянэру застаўся толькі напой з сыроваткі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG