Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Патупа: продаж “Velcom” — шматкрокавая спэкулятыўная апэрацыя?


Ігар Карней, Менск Аўстрыйская кампанія “Telekom Austria Group” падпісала дамову пра набыцьцё больш чым за 700 мільёнаў эўра 70% актываў апэратара мабільнай сувязі “Мабільная лічбавая сувязь” (гандлёвая марка “Velcom”). Паводле пэрспэктыўных задумаў, праз тры гады “Velcom” можа цалкам перайсьці пад кантроль аўстрыйцаў, а агульная сума ўгоды перавысіць 1 мільярд эўра. Сёлета ў жніўні “Мабільная лічбавая сувязь” ужо зьмяняла гаспадара: дзяржаўную долю акцыяў выкупіла кіпрыйская фірма “SB Telecom”. З чым зьвязаны часты перапродаж акцыяў стратэгічнага суб’екта гаспадараньня?

У распаўсюджанай заяве “Тelekom Austria Group” удакладняецца: 70% акцыяў першага ў Беларусі апэратара мабільнай сувязі стандарту GSM “Мабільная лічбавая сувязь” будуць набытыя ў кіпрыйскай кампаніі “SB Telecom Ltd”.

Гэта кантракт на 702 мільёны эўра. Пры гэтым аўстрыйскі бок спадзяецца да канца 2010 году набыць астатнія 30% акцыяў за 320 мільёнаў эўра. У даляравым эквіваленце агульная сума наблізіцца да 1,5 мільярда даляраў.

Хто мае рэальны прыбытак ад продажу “Velcom”?

Камэрцыйная эксплюатацыя гандлёвай маркі “Velcom” у Беларусі пачалася ў 1999 годзе. Кіпрыйская кампанія ад пачатку была сярод заснавальнікаў сумеснага прадпрыемства.

Аднак паступова беларускі ўрад адкарэктаваў склад заснавальнікаў і набыў 51% акцыяў мабільнага апэратара. Сёлета ў жніўні ўрад зноў перапрадаў сваю долю кіпрыётам.

Старшыня Беларускага Саюзу прадпрымальнікаў, эканаміст Аляксандар Патупа не выключае “шматкрокавай апэрацыі” ў выпадку з перапродажам акцыяў “Мабільнай лічбавай сувязі”.

У жніўні ніводзін з зацікаўленых бакоў не пракамэнтаваў нюансаў кантракту, але, паводле экспэртаў, сума кантракту склала 300—400 мільёнаў даляраў.

Аляксандар Патупа лічыць, што гэтыя грошы пайшлі на тое, каб кампэнсаваць запазычанасьці за газ перад расейскім канцэрнам “Газпром”, і якраз гэтай акалічнасьцю была выкліканая пасьпешлівасьць з продажам дзяржаўных акцыяў. Паводле спадара Патупы, “SB Telecom” за некалькі месяцаў атрымаў 50% прыбытку:

“Калі шчыра казаць, то трэба дакладна ведаць: хто ёсьць уладальнікам “кіпрыйскага афшору” (прашу прабачэньня за тэрміналёгію), а таксама кампаніі, якая цяпер купляе гэтыя акцыі па іншых коштах. Нельга выключаць, што гэта была звычайная спэкулятыўная апэрацыя.

Мяркую, што дзяржаўны пакет прадалі (гэта індывідуальны разьлік) менш за рэальны рынкавы кошт раза ў паўтара. Сёньня мы бачым нейкія наступствы той апэрацыі. Часам такія зьдзелкі тым ці іншым чынам адбываюцца як шматкрокавыя апэрацыі.

Публіцы гэта не абавязкова патрэбна ведаць, але неўзабаве робіцца наступны, другі крок, а можа нават і трэці. І ўжо пасьля гэтага можна спрабаваць лічыць: хто насамрэч з усяго гэтага меў прыбытак”.

Ці сапраўды беларускі рынак прывабны для аўстрыйцаў?

За бортам застаўся яшчэ адзін рэальны прэтэндэнт на акцыі “Velcom” — расейскае прадпрыемства “ВымпелКом” (гандлёвая марка “БіЛайн”).

Вядома, што падобныя апэрацыі ў беларускіх умовах узгадняюцца на самым версе. Шмат хто лічыць, што да ігнараваньня расейскай прапановы спрычынілася і агульнае пахаладаньне ў беларуска-расейскіх стасунках.

Ня выключана, што ў менскім офісе “Мабільнай лічбавай сувязі” неўзабаве адбудуцца кадравыя зьмены. Паведамляецца, што пэрсанал на ўсе адказныя пасады будзе прызначаць кіраўніцтва “Telekom Austria”.

Гэтак, як і ў выпадку з продажам дзяржаўных акцыяў кіпрыётам сёлета ў жніўні, прадстаўнікі “Мабільнай лічбавай сувязі” ніяк не камэнтуюць новай угоды. Няма ніякага паведамленьня з гэтай нагоды і на сайце “Velcom”.

Паводле зьвестак на пачатак верасьня, колькасьць карыстальнікаў мабільнай сувязі стандарту GSM у Беларусі налічвала 6 мільёнаў 673 тысячы чалавек. Зь іх абанэнтаў “Мабільнай лічбавай сувязі” — 2 мільёны 835 тысяч.
XS
SM
MD
LG