Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што прадпрымальнікі думаюць пра страйк, які адбываецца ў Слоніме?


Радыё Свабода З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвярнуўся да прадпрымальнікаў на рынку “Скідальскім” у Горадні. Слонімскія прадпрымальнікі спынілі працу 2 кастрычніка. Яны дамагаюцца, каб падатковая інспэкцыя спыніла праверкі, канфіскацыю тавараў і пакараньне высокімі штрафамі.

Спадар: “Людзі цяпер жывуць адным днём: сёньня добра — значыць, добра, заўтра кепска — значыць, трэба нешта зьмяняць. Атрымліваецца, што кожны толькі сам за сябе, а трэба, каб людзі думалі ня толькі за сябе. Страйкаваць трэба, але рабіць гэта разам, усёй рэспублікай”.

Спадар: “Трэба не выходзіць на працу, паколькі ціснуць і ціснуць. Трэба хоць месяц паказаць, што мы не бараны”.

Спадарыня: “Аднадзённыя страйкі не даюць вынікаў. Трэба хоць бы месяц страйкаваць. І калі мы заплацім падатак, а потым не выходзім на працу, то ад гэтага толькі губляем”.

Спадарыня: “Правільна робяць, хай адстойваюць сваё. Менавіта прадпрымальнікі даюць нам працу, і мы ім за гэта ўдзячныя. Яны да нас лепей ставяцца, чым у дзяржаўных крамах. Так што — хай ім пашэнціць”.

Спадарыня: “Я ня тое што за страйк, але ўлады павінны ведаць, што большасьць прадпрымальнікаў не ўспрымае іх прапановаў”.

Спадар: “Правільна робяць. Толькі трэба, каб усе разам. Бо акрамя як да страйкаў, улада болей ні да чаго не прыслухоўваецца, не ідзе на перамовы, папросту ігнаруе нас усіх”.

Спадар: “Павінна акцыя адбывацца, бо інакш нічога не дамогуцца. Трэба ўладу караць рублём, бо іншай мовы яна не разумее”.

Спадар: “Я ніякіх страйкаў не падтрымліваю, ня згодзен. У нас усё добра, працуем, ніхто нас не прыціскае”.

Спадар: “Трэба страйкаваць, і трэба іх падтрымліваць. Улады сядаюць на галаву, іншага выйсьця няма, толькі страйкаваць”.

Спадарыня: “Так ці інакш страйкі даюць нейкія вынікі. Трэба, каб нейкі рух адбываўся, каб чулі наш голас”.

Спадар: “Адназначна патрэбныя страйкі, бо занадта ўсё ўскладняецца”.

Спадар: “Страйкі цяпер вельмі актуальныя, адзінае — няма лідэра, арганізоўваць іх няма каму. Людзі ўсе гатовыя страйкаваць, але нават няма каму даць нам тую ўлётку, якую мы пачытаем, а потым нешта зробім. Вельмі актуальны лідэр, а лідэр сядзеў два гады ў вязьніцы, і цяпер няма лідэра”.
XS
SM
MD
LG