Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: апазыцыянэры абскарджваюць прысуды


Радыё Свабода Берасьцейскі абласны суд не задаволіў касацыйных скаргаў Паўла Севярынца, Юрася Бакура і Любові Праневіч, якіх пакаралі за ўдзел у несанкцыянаваным сходзе 19 жніўня. У гэты дзень Павал Севярынец прэзэнтаваў сваю кнігу “Лісты зь лесу”.

Суд Маскоўскага раёну Берасьця палічыў прэзэнтацыю несанкцыянаваным сходам.

Сёньня судзьдзя Натальля Сурма не задаволіла скаргаў на тры справы — штраф 93 тысячы рублёў моладзеваму актывісту Юрасю Бакуру, 15 сутак арышту палітыку Паўлу Севярынцу і папярэджаньне журналістцы Любові Праневіч.

Справу Юрася Бакура разгледзелі за дзесяць хвілінаў, а скаргі адсутных Паўла Севярынца ды Любові Праневіч — за пяць хвілінаў.

Берасьцейскі праваабаронца Юрась Жыдовіч заявіў, што судзьдзя не разьбіраў сутнасьці справы, “скаргі разглядаліся з хуткасьцю перагортваньня старонак”.

Павал Севярынец тлумачыць:

“Мэта скаргі была ў тым, каб зафіксаваць беззаконьне, якое адбываецца. І, па-другое, прайсьці ўсе інстанцыі так званага беларускага правасудзьдзя, каб мець магчымасьць падаваць дакумэнты на міжнародны ўзровень. Таму цяпер мы разам з адвакатамі накіруем гэтую скаргу ў Вярхоўны Суд, а пасьля і ў міжнародныя структуры”.

Разгляд іншых касацыйных скаргаў у Берасьці будзе працягвацца да 11 кастрычніка.

Грамадзкія актывісты абскардзілі ўсе чатырнаццаць вэрдыктаў суду першай інстанцыі.

• Суды над апазыцыяй на Берасьцейшчыне будуць доўжыцца да кастрычніка, 24.09.2007 • Суды над апазыцыяй на Берасьцейшчыне будуць доўжыцца да кастрычніка, 4.09.2007 • У Берасьці аштрафавалі сябра руху “За свабоду” Юрку Бакура, 4.09.2007 • Берасьце: судзяць Юрку Бакура, 3.9.2007
XS
SM
MD
LG