Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абеды ў Івянцы: Пэнсіі падвысілі на 7%, а кошты вырасьлі ў 2 разы


Ягор Маёрчык, Івянец, Валожынскі раён Госьць праграмы — начальнік кацельні сумеснага беларуска-кіпрыйскага прадпрыемства кандытарская фабрыка “Іўкон” Віктар Прусевіч.

У папярэдніх выпусках “Абедаў” спадар Прусевіч распавядаў нам, што на пачатку году экспарт цукерак у Расею скараціўся ледзь не ўдвая; што фабрыка пачала засвойваць новыя рынкі збыту — краіны Сярэдняй Азіі і Балтыі; што на “Іўконе” задумаліся пра эканомію энэрганосьбітаў і плянуюць паставіць новы кацёл; што запусьцілі ажно дзьве новыя вытворчыя лініі.

Урэшце пра тое, што ад прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году заробак працаўнікам “Іўкону” не падвышалі.

Разам зь Віктарам Прусевічам мы сядзім за сталом на ягоным падворку.

Карэспандэнт: “Ці часта вы ясьцё цукеркі?”

Прусевіч: “Так, я люблю паласавацца”.



Карэспандэнт: “Як даўно працуеце на фабрыцы?”

Прусевіч: “Амаль дзесяць гадоў”.

Карэспандэнт: “За гэты час болей альбо меней цукерак вы сталі есьці?”

Прусевіч: “Столькі, як першыя гады, ужо ня ем, але калі іду па цэху і бачу цукеркі, асабліва новы гатунак які, то абавязкова пакаштую, што гэта такое. У нас рабочыя, якія ужо доўга працуюць, цукерак амаль не ядуць”.

Пэнсіянэр Мікалай Куксо пры кожнай сустрэчы частуе кавай, канапкамі й цукеркамі. Праўда, на стале ў хаце Мікалая Куксо не пабачыш ласункаў івянецкай вытворчасьці — купіць іх у мястэчку практычна немагчыма.

Штораз Мікалай Куксо, у мінулым адвакат, настаўнік і агітатар прапагандыст у адной асобе, дае справаздачу пра тое, як зьмяніліся кошты ў крамах і на рынку Івянца.

Такім чынам: кошт на хлеб за месяц падвышаўся тройчы. Самы танны бохан сёньня — 960 рублёў. Алей у мінулым месяцы каштаваў 3 тысячы, цяпер — 4300. Малако падаражэла на 100 рублёў. Новы кошт — 970 рублёў.

Куксо: “Пэнсіянэраў усьцешылі: падвысім вам пэнсію на сем адсоткаў. Апошні раз нам падвышалі пэнсію ў лістападзе мінулага году. А з таго часу хлеб падаражэў у два разы, алей — у два разы. Дык два разы разы — гэта ня сем адсоткаў! Мы толькі і купляем хлеб, алей, малако — тое, што падаражэла.

А думаеце, не пэнсіянэрам лёгка? Мой сусед працуе сьлесарам на фабрыцы “Іўкон”. У яго маладая сям’я — дзіця ў школу ходзіць. Ён атрымлівае заробак такія самы, як я пэнсію, 350 тысяч. Ён звольніўся. Кінуў сям’ю і паехаў пад Менск на нейкую будоўлю”.



Карэспандэнт: “Мяняецца дабрабыт народу — а ці абмяркоўваюць людзі ўладу і палітычную сытуацыю ў краіне?”

Куксо: “Ніхто ўжо ня думае, што будзе далей. Ніякай надзеі. Няма сьвету ў канцы тунэлю. Людзі не задаволеныя тым раем, пра які кажуць па тэлевізіі. Але пакуль што страх перамагае здаровы сэнс, і людзі маўчаць”.

Пра кошты гаворыць і галоўны герой праграмы Віктар Прусевіч:

Прусевіч: “Кошты мяняюцца штодня. У коштаў толькі адзін кірунак — уверх. Іншага мы ня бачылі і наўрад ці пабачым. Вось атрымаў заробак... Частка пайшла на харчы, частка — на іншыя патрэбы. Праз два дні ўжо нічога няма. А пра тое, каб набыць пральную машыну ці новы ложак — пра гэта мы сёньня ня думаем”.

Карэспандэнт: “У адсоткавых суадносінах — колькі ідзе на харчы, колькі на вопратку? Ці ўдаецца адкладаць нешта?”

Прусевіч: “Адкладаць не ўдаецца нічога, а на ежу ідзе 70 адсоткаў. Тыя самыя дровы. Калі летась я мог набыць за 100 тысяч, то сёлета — ня меней за 150”.

Карэспандэнт: “А колькі трэба на зіму?”

Прусевіч: “Сем кубоў дроваў і дзьве тоны брыкету. Колькі грошай на гэта пойдзе? Калі 300 тысяч. Мой заробак — 450 тысяч, у жонкі яшчэ меней. Дзе ўзяць такія грошы?”

Яшчэ адзін сталы ўдзельнік праграмы “Абеды ў Івянцы”, пару месяцаў таму настаўнік матэматыкі, а цяпер навасьпечаны пэнсіянэр Іван Вальчэўскі.

Варта нагадаць, што ў нашай перадачы шторазу згадваем і ягоную котку Марту. Ад пачатку году спадар Вальчэўскі спрабуе адвучыць яе ад рыбы і перавесьці на сухое харчаваньне.

Спадар Вальчэўскі сустракае мяне словамі: “Я стаў свабодным чалавекам!” У першыя месяцы свабоды былы настаўнік заняўся рамонтам. Замест старога катла паставіў новы, які спажывае менш энэргіі.

Вальчэўскі: “Ад пачатку трэба было адважыцца на тое, каб усё зламаць: пабурыць комін, адбіць кафлю і выкінуць ванну. Паставіў новы кацёл, зрабіў душавую кабіну, меншы стаў расход вады — таму можна часьцей памыцца. Будзе ўжо гарачая вада — мы становімся бліжэй да гораду”.

Карэспандэнт: “Як на вашым бюджэце адбіваецца рамонт?”

Вальчэўскі: “Усе старыя запасы даведзеныя да нуля. Рамонт і быў задуманы тады, калі я атрымліваў заробак. Цэлы год адкладалі. Кошты растуць, і трымаць гэтыя грошы, каб яны проста так ляжалі, няма ніякага сэнсу”.



Карэспандэнт: “Як зьмяніўся дабрабыт, калі ўлічыць, што растуць кошты?”

Вальчэўскі: “Паколькі цяпер нам давядзецца жыць толькі на дзьве пэнсіі, прыйдзецца рабіць папярэдні разьлік, на што пускаць грошы. Ня будзе ўжо такога, што грошай на ўсё хопіць. Няма такога чалавека, які скажа, што ён вельмі задаволены, што ўсё даражэе”.

Карэспандэнт: “З праграмы ў праграму сочым за лёсам коткі Марты...”

Вальчэўскі: “Вунь ляжыць “Кіці-кэт” — яна яго ігнаруе. Зранку зайшла ў хату і нават яго не панюхала”.

Карэспандэнт: “Чым корміце ўлюбёную котку?”

Вальчэўскі: “Рыбай. Усё адно набываем путасу”.

Карэспандэнт: “Вы хацелі яе з рыбы перавесьці на “Кіці-кэт” дзеля эканоміі. Атрымліваецца, што котка вас перамагла?”

Вальчэўскі: “Перамагла. Мяркую, што з тых 600 тысяч, якія мы атрымліваем удвох, калі мы 5 тысяч патрацім на рыбу, нічога страшнага ня будзе. Яна гэтага заслугоўвае”.

Седзячы за сталом на двары хаты, працягваем размову з госьцем гэтай праграмы Віктарам Прусевічам. Усе свае 52 гады ён пражыў і Івянцы. (Нагадаю, што гэта 5-тысячнае мястэчка ў Валожынскім раёне Менскай вобласьці.)

Карэспандэнт: “Як Івянец мяняецца?”

Прусевіч: “Мяняецца дух моладзі: у іх другія каштоўнасьці, другое жыцьцё. У старых каштоўнасьці адвечныя: дом, сям’я, дабрабыт. Новае пакаленьне больш урбанізаванае. Дом і радзіма для іх ня маюць такога значэньня: сёньня Івянец, заўтра — Менск, пазаўтра — Польшча ці Расея”.

Карэспандэнт: “А гэта добра ці дрэнна?”

Прусевіч: “Добра. Сьвет вялікі, а жыцьцё нашае кароткае. Трэба на гэта паглядзець, трэба пабачыць і адчуць”.



Карэспандэнт: “Зь мястэчак і вёсак зьяжджаюць людзі. Паселішчы прыходзяць у заняпад і паміраюць. Можа, каб не было гэтай мабільнасьці, захоўваўся б традыцыйны лад?”

Прусевіч: “Не зусім гэта так. Навакольныя вёскі адразу пусьцелі. А сёньня людзі з гораду, як выйдуць на пэнсію, набываюць дамы і вяртаюцца ў вёскі. Але гэта ўжо іншы чалавек, не калгасьнік. Іх ужо не пагоніш на прымусовыя працы. Ён будзе рабіць толькі тое, што яму патрэбна.

На маю думку, улады разглядаюць такія мястэчкі як рынак працоўнай сілы для сельскай гаспадаркі. І тут у мяне няма аптымізму наконт Івянца. Як са старога мястэчка Івянец зрабіць аграгарадок? Гэта значыць перакрэсьліць гісторыю. З ганчара, рамесьніка і муляра зрабіць сельскагаспадарчага рабочага. Гэта беспэрспэктыўна, але тэндэнцыя да гэтага”.

Тут трэба распавесьці пра тутэйшае прадпрыемства “Крыніца”. Некалі адзінай ягонай спэцыялізацыяй быў выраб дарожных знакаў. Пасьля да “Крыніцы” далучылі некалькі занядбаных калгасаў.

Цяпер атрымліваецца, што “Крыніца” і сее і жне. А гэтымі днямі “Крыніца” разам з вучнямі старэйшых клясаў івянецкай школы змагаецца з ураджаем бульбы. Увесь верасень і першую палову кастрычніка ў вучняў няма заняткаў — штодня яны рачкуюць на полі.

Хлопец: “Старэйшыя клясы езьдзяць на бульбу, на моркву і на буракі. Гэта ўвесь верасень і палову кастрычніка”.

Карэспандэнт: “Як гэта адбываецца?”

Хлопец: “У школу прыходзіць запыт, каб выдзелілі пяцьдзясят чалавек на калгас”.

Карэспандэнт: “Колькі доўжыцца працоўны дзень?”

Хлопец: “Працоўны дзень — 8.00—13.00. Ёсьць абед на трыццаць хвілінаў”.

Карэспандэнт: “Абедам вас кормяць ці вы свой прывозіце?”

Хлопец: “Абед свой. Селі, паелі — і зноў працаваць”.

Карэспандэнт: “Як да гэтага ставяцца вучні?”

Хлопец: “Ня хочуць хадзіць. Лепей у школе”.

Карэспандэнт: “Яны нейкім чынам выказваюць сваё стаўленьне?”

Хлопец: “Пісалі на імя дырэктара заяву, што лепей будзем вучыцца, але на яе не адрэагавалі. І мы працягваем хадзіць на бульбу”.

Карэспандэнт: “Вам неяк тлумачаць, чаму вы павінны хадзіць туды?”

Хлопец: “Калгасы не спраўляюцца з уборкай, і туды накіроўваюць дзяцей. За гэта можна пару капеек за дзень зарабіць. Калі выбіраеш бульбу, можна зарабіць пад 8 тысяч”.

Карэспандэнт: “Для вас гэта грошы?”

Хлопец: “Я б не хацеў працаваць за такія грошы”.

Карэспандэнт: “Пасьля вы нейкім чынам наганяеце прапушчаныя заняткі? Як ідзе навучаньне?”

Хлопец: “Наганяем. Нам тады адразу два параграфы задаюць чытаць. Хатнія заданьні становяцца вялікімі. Складана, канечне”.

На пачатку восені Івянец наведаў лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч. Сустрэча зь месьцічамі праходзіла ў доме кіраўніка тутэйшай суполкі БНФ Вінцэся Солтана. На нейкім этапе да прысутных вырашылі далучыцца супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных справаў.

Далей працягвае Вінцэсь Солтан:

Солтан: “Пры канцы сустрэчы ў хату ўвайшлі ўчастковы, супрацоўнік пашпартна-візавай службы і намесьнік кіраўніка раённага аддзелу міліцыі. Яны прыйшлі пад выглядам праверкі пашпартнага рэжыму. Паводзілі сябе вельмі карэктна. Перапісалі ўсіх, хто знаходзіўся ў хаце. Праўда, маёр міліцыі выклікаў мяне на асобную размову”.

Карэспандэнт: “Пра што была размова?”

Солтан: “Каб я перастаў кантактаваць з моладзьдзю, каб моладзь не зьбіраў у сябе ў хаце. Пасьля шмат каго прымусілі пісаць тлумачэньні. Да мяне таксама прыходзіў участковы, каб я напісаў тлумачэньне”.



Карэспандэнт: “Што вы яму напісалі?”

Солтан: “Галоўнае пытаньне: ці не было антыдзяржаўных заклікаў? Напісаў, што не было. Бачу, участковы сядзіць, перад ім тэчка раскладзеная. Ён усё хоча зьвярнуць маю ўвагу на паперы, якія ляжаць у тэчцы.

А там ляжыць дакладная намесьніка начальніка аддзелу міліцыі пра тое, што на ягоны службовы нумар паступіў званок ад невядомага чалавека — што ў доме Вінцэнта Солтана пастаянна зьбіраюцца людзі, шумяць, перашкаджаюць жыць. А ў міліцыянта пытаюся: “А ты сам у гэта верыш? А каб я вас не пусьціў, у хаце знайшлася б міна?”

Перад навучальным годам у райцэнтры зьбіралі настаўнікаў. Перад імі выступаў прадстаўнік КДБ, які тлумачыў, што ў Івянцы ёсьць такі Вінцэнт Солтан, казаў, каб пазьбягалі кантактаў са мной — і асабліва трэба сачыць, каб дзеці ня мелі ніякіх кантактаў са мной”.

Карэспандэнт: “Ці часта ў вашай хаце былі такія сустрэчы? І колькі разоў да вас наведвалася міліцыя?”

Солтан: “Разоў мо пяць, а то і болей”.

Госьць праграмы “Абеды ў Івянцы” начальнік кацельні сумеснага беларуска-кіпрыйскага прадпрыемства кандытарская фабрыка “Іўкон” Віктар Прусевіч кажа, што ніколі не хаваў сваіх дэмакратычных поглядаў.

Карэспандэнт: “Як вы глядзіце на сёньняшнюю сытуацыю ў Беларусі? Якіх зьменаў чакаеце? Калі?”

Прусевіч: “Я іх ужо не чакаю. У бліжэйшы час я іх ня бачу. Ня бачу, зь якога боку яны могуць адбыцца”.

Карэспандэнт: “А рэфармаваньне ўладнага рэжыму можа адбыцца?”

Прусевіч: “Ня можа такога адбыцца. Чорнае ня можа стаць белым. Яго можна пафарбаваць, але фарба ўсё адно аблезе з часам”.



Карэспандэнт: “Якія вытокі вашай грамадзкай і палітычнай пазыцыі?”

Прусевіч: “Гэта, мусіць, гены. Мой дзед па матчынай лініі і ягоныя браты жылі ў Заходняй Беларусі. Дзед удзельнічаў у незалежніцкім руху. Калі пачалася Другая ўсясьветная вайна, яны сабралі першы беларускі атрад, не савецкі атрад. У сорак трэцім годзе, калі сюды прыйшлі расейскія партызаны, іх усіх панішчылі.

Мой бацька быў звычайным хлопцам. Як можна было вырвацца зь вёскі? Пайшоў у войска. А там яго разьмеркавалі служыць НКВД. Хоча ён ці не, але служыць там, дзе загадалі. Да чаго я гэта кажу? Каб у хаце вяліся дэмакратычныя гутаркі, такога не было б”.
XS
SM
MD
LG