Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага: “Наш пясьняр прыехаў у сталіцу Чэхаславакіі дзеля шуканьня надломленага здароўя”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 4 кастрычніка ў розныя гады мінулага.

Пад рубрыкай “Па Беларусі” “Вольная Беларусь” у 1917 годзе адзначае: “Орша, Магілёўскай губ. У нашым горадзі пачынаюць арганізавацца украінцы-ваенныя. Вітаючы заснаваньне гэтай арганізацыі нашых братоў, з болям бачым, што нашай, беларускай, арганізацыі німа і не чутно. Сумна гэта тым больш, што ёсьць людзі, каторыя лічуцца “сьвядомымі” беларусамі, якія і павінны пачаць арганізацыю. Чаго і каго яны чакаюць? Ст. Ратамка, Ліб.-Ром. ж.д. Тут нядаўна лётаў нямецкі аэраплян. Кінуў неколькі бомбаў; аднэй лёгка зраніла кабеціну, якую палажылі ў бальніцу. Летась нямецкія аэрапляны яшчэ горш вычваралі над Ратамкай і часта рабілі шкоды”.

“Беларуская крыніца” на гэтым тыдні 1927 году паведамляе з Прагі, што туды прыехаў з Карлавых Вараў Янка Купала: “Нажаль, здарылася, што наш пясьняр прыехаў у сталіцу Чэхаславакіі дзеля шуканьня надломленага здароўя. Худы, вечна задуманы і замкнуты ў сабе, толькі вочы вялікія і страшныя, замыкаючыя ў сабе ўвесь боль учарашняя і сяньняшняе Беларусі, даюць знаць аб жыцьці творчае думкі. Здароўе і іншыя абставіны не дазволілі выступіць Купале з дакладам перад грамадзянствам”.

“Віцебскі пролетарый”, год 1937. Газэта піша: “На плошчы імя Парыжскай комуны ў Менску ўзмоцненымі тэмпамі ідзе будаўніцтва Вялікага дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Работа вядзецца ў дзве-тры змены. Будоўля паступова скідае з сябе рыштаванні. Гэты грандыёзны будынак, маючы аб’ём у 163.000 кубічных метраў, размешчан на перакрыжаванні шасці вуліц і зусім мяняе твар цэлага раёна. Будынак па сваёй грандыёзнасці, архітэктуры, унутранай і знешняй аддзелцы з’явіцца адной з манументальнейшых пабудоў не толькі сталіцы БССР, але і СССР”.
XS
SM
MD
LG