Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адна незалежная газэта спыніла выхад


Уладзімер Глод, Менск Рэдакцыя пінскай незалежнай газэты “Мясцовы шлях” вырашыла прыпыніць выданьне. Зроблена гэта з-за цяжкога фінансавага становішча.

Рэдактар “Мясцовага часу” Віктар Ярашук тлумачыць сытуацыю:

“Эканамічная сытуацыя склалася так, што нельга працаваць. Газэта прыпыняецца – яна застаецца, але выходзіць ня будзе. Мы чатыры месяцы сядзім без ганарару. А заробак складае 190 тысячаў рублёў на месяц. Што ж гэта за грошы?! У нас апошнім часам нават паштара не было. Самі газэту разносілі”.

Фінансавыя цяжкасьці абумоўленыя многімі прычынамі: прыкладам, у пінскай друкарні адмовіліся друкаваць выданьне. Таму наклад трэба было штотыдзень прывозіць з Баранавічаў, за паўтары сотні кілямэтраў. Мясцовае аддзяленьне “Саюздруку” адмовілася падпісаць дамову на распаўсюджаньне. Не зьявіўся “Мясцовы час” і ў падпісных каталёгах.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец кажа, што гэты выпадак – звычайная зьява:

“На мой погляд, асноўныя падзеі адбыліся ўсё ж амаль два гады таму, калі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў бальшыня незалежных газэт была выдалена з шапікаў “Саюздруку” і з падпіскі на “Белпошце”. І гэта быў той крок, які цяпер аказвае найбольшае ўзьдзеяньне на тое, што адбываецца зь мясцовай прэсай наагул і зь “Мясцовым часам” у прыватнасьці.

А гэта – цяжкі доступ да чытачоў, бо цяжка атрымаць грошы, у тым ліку і ад рэклямадаўцаў, калі няма газэты ў распаўсюдзе. Вось такая зброя знойдзена супраць незалежных мэдыяў. Яна быццам выключае непасрэдны палітычны заказ, але выконвае сваю ролю нават лепш за нейкія адміністрацыйныя захады”.

Старшыня камісіі правоў чалавека, нацыянальных дачыненьняў і сродкаў масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Юры Кулакоўскі кажа, што ў такой сытуацыі трэба зыходзіць зь дзейнага заканадаўства. Улады абяцаюць міжнароднай супольнасьці мадэрнізаваць цяперашні Закон аб друку ўжо пяць гадоў. Цікаўлюся ў старшыні камісіі, ці зьбіраюцца прадставіць законапраект на восеньскую сэсію?

“Не, на гэтую сэсію – не. Можа быць, на наступную. Нейкія зрухі ёсьць, але ж дакладна я не скажу”.

На восеньскую сэсію іншая камісія – прамысловая – рыхтуе законапраект аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі.

“Яны ўнесьлі да яго вельмі многа паправак, – расказвае Юры Кулакоўскі. – Як кажуць, лапацяць і лапацяць. Ён рыхтуецца на гэтую сэсію, але пакуль у парадку дня яго няма”.

Андрэй Бастунец да новага закону адносіцца насьцярожана:

“Гэты закон дае глебу для прыняцьця падзаконных актаў, якія таксама будуць рэгуляваць дзейнасьць мэдыяў, прынамсі, інтэрнэт-рэсурсаў. Я нават не кажу інтэрнэт-выданьняў, а інтэрнэт-рэсурсаў”.

• Пракуратура папярэдзіла незалежных гарадзенскіх журналістаў , 3.09.2007
XS
SM
MD
LG