Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Надпіс “Беларусь – гэта сьвятое” абражае грамадзкую думку


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ў Берасьцейскім судзе будуць разглядаць касацыйныя скаргі на пастановы суду супраць пакараных моладзевых актывістаў, якіх затрымалі у часе прэзэнтацыі кнігі Паўла Севярынца “Лісты зь лесу”. Сам Павал адседзеў 15 сутак арышту, а днямі суд арыштаваў Андрэя Шарэнду, які адбывае пакараньне ў берасьцейскім спэцпрыёмніку. Тым часам маладафронтаўцы атрымалі пастанову нясьвіскага суду. За надпіс “Беларусь – гэта сьвятое” яны мусяць заплаціць каля мільёну рублёў.

Актывістка незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Наста Азарка атрымала пастанову нясьвіскага суду аб тым, што яна разам з Арцёмам Дубскім з Асіповічаў павінна заплаціць 931 тысячу рублёў штрафу за надпіс на сьцяне будынку: “Беларусь – гэта сьвятое”. Яшчэ 300 тысяч маладафронтаўцы мусяць заплаціць у якасьці кампэнсацыі за спрычыненую матэрыяльную шкоду.

25 жніўня супрацоўнікі нясьвіскай міліцыі затрымалі актывістаў “Маладога фронту” Насту Азарку, Арцёма Дубскага, Аляксандра Жукава і Насту Палажанку. На затрыманых у міліцыі склалі пратаколы, у якіх міліцыянты напісалі, што надпіс “Беларусь – гэта сьвятое” абражае грамадзкую думку і ёсьць парушэньнем грамадзкага парадку.

Судзьдзя спыніў справы і адпусьціў маладафронтаўцаў. Але ўчора ўвечары Наста Азарка атрымала судовую пастанову.

Наста Азарка, якую пакаралі штрафам за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, працуе на заводзе, і яе заробак складае каля 200 тысяч рублёў.

“Выплаціць такую суму папросту нерэальна цяпер, – кажа Наста. – Могуць прыйсьці судовыя выканаўцы і апісаць фактычна ўсю кватэру. Тое, што знаходзіцца ў кватэры, належыць ня мне, а маёй сям’і, і практычна забіраць там няма чаго”.

“Выпадак у Берасьці беспрэцэдэнтны нават для Беларусі”

Сёньня ў Берасьцейскім судзе будуць разглядаць касацыйныя скаргі на пастановы суду Паўла Севярынца, Юрася Бахура і Любові Праневіч. Іх затрымалі падчас прэзэнтацыі кнігі Паўла Севярынца “Лісты зь лесу”. Паўла пакаралі арыштам на 15 сутак. Юрася Бахура аштрафавалі на 3 базавыя велічыні, а Любоў Праневіч папярэдзілі.

“Трэба падаваць скаргу перш за ўсё дзеля таго, каб зафіксаваць усе тыя грубыя парушэньні закону, якія адбываюцца цяпер у Беларусі, – кажа Павал Севярынец. – Па-другое, дзеля таго, каб была магчымасьць абскардзіць судовыя рашэньні ў міжнародных судах. Выпадак у Берасьці беспрэцэдэнтны нават для Беларусі. Затрыманьне, пасьля якога паўтара месяца судзяць людзей, якія сабраліся на прэзэнтацыю кнігі, штрафы ці суткі. Апошні выпадак – 15 сутак Андрэю Шарэнду – першы раз на маёй памяці за 13 гадоў існаваньня рэжыму”.

Моладзевыя актывісты на Гомельшчыне паведамілі “Свабодзе”, што цягам апошніх двух дзён пачасьціліся выклікі ў КДБ найбольш актыўных сяброў дэмакратычнага руху. Сьледчыя запытваюць, якім чынам у рэгіён трапляе агітацыйная прадукцыя з заклікам удзельнічаць у “Эўрапейскім маршы”.

За распаўсюд улётак у Менску былі арыштаваныя 7 чалавек, зь якіх чацьвёра дагэтуль адбываюць арышты.

• Берасьцейскага актывіста Р.Кісьляка аштрафавалі з другой спробы, 27.09.2007 • У Нясьвіжы затрыманы чатыры актывісты Маладога фронтуb>, 25.08.2007
XS
SM
MD
LG