Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 3 кастрычніка


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць тое, як Аляксандар Лукашэнка павіншаваў калектыў Палацу рэспублікі зь 10-годзьдзем. Ён заявіў што, Палац рэспублікі – гэта адзін з галоўных сымбалеў сучаснай незалежнай Беларусі, і што “велічны будынак з прыгожым унутраным убраньнем служыць непаўторным упрыгожаньнем Менску”. Меркаваньні ўдзельнікаў форумаў:

«Праўду сказаў, чыстую, як сьлёзы. Якая незалежнасьць – такі й сымбаль. Гаргара, якая нагадвае ДнепраГЭС або сьвінакомплекс на Глыбоччыне».

«Сумесь маўзалею й саркафагу...»

«Гэты страшны саркафаг – «адзін з галоўных сымбалеў сучаснай і незалежнай Беларусі?! Дзе там прыкметы сучаснасьці? А пагатоў незалежнасьці?»

У суполцы Жывога Журналу by_politics абмяркоўваюць заявы сябра аргкамітэту па правядзеньні Эўрапейскага маршу Віктара Івашкевіча. “На Эўрапейскі марш прыйдуць тыя людзі, якія лічаць сябе эўрапейцамі. А тыя, хто ня прыйдзе на Марш, мусяць усьведамляць, што яны недаразьвітыя, альбо прыхільнікі разьвіцьця ў кірунку Паўночнай Карэі ці Кітая”, – такое меркаваньне спадар Івашкевіч выказаў у інтэрвію выданьню “Хімік”. А вось як ацэньваюць выказваньні палітыка чальцы суполкі:

“Потым зьдзіўляюцца, чаму за імі народ ня ідзе”.

“Крута, як у дзяцінстве – хто са мной, той герой. Ура, таварышы!”

Аўтарка сайту Generation.by Даша Слабчанка спрабуе падлічыць, ці не зашмат грошай менскія гарадзкія ўлады мяркуюць укласьці ў будаўніцтва роварнай дарожкі. Кошт праекту – 10 мільёнаў даляраў. “Атрымліваецца, што 1 мэтар трасы абыдзецца гораду ў 385$. Ня тое што дорага, а вельмі дорага, – разважае аўтарка артыкула. – Нават калі прыняць да ўвагі, што гэта будзе ня проста дарожка, а цэлы комплекс з шапікамі і гэтак далей, пэўна выгодней было б проста здаць на прымальных умовах тэрыторыю прыватнікам — яны б забясьпечылі сэрвіс.У Амэрыцы за тыя ж грошы можна пракласьці дарожку ў 116 міль (187 км). А ў Польшчы ёсьць праект на 120 км роварных дарожак коштам 2.5 мільёны даляраў. З улікам таго, што выдаткі ў нас мусяць быць меней хаця б за кошт больш таннай працоўнай сілы, нашая дарожка будзе проста залатая”.

На форумах сайту Нашы дзеткі бацькі апавядаюць показкі з жыцьця пра сваіх дзяцей: «Адпачывалі летам за горадам у летняй хатцы адной цудоўнай беларускі. Там была і расейскамоўная жанчына. Яна была зьбірала маліны і засыпала іх цукрам. Паўлінка ёй дапамагала зьбіраць (маліны яна ня есьць, то добра дапамагала зьбіраць). Прайшло колькі тыдняў, Паўлінка раптам пытаецца: -Мама, а ты ведаеш што такое САХАР? -Што? -САХАР – гэта маліны з цукрам!»

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG