Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Краіны Эўразьвязу падтрымалі “Эўрапейскі марш”


Любоў Лунёва, Менск Прадстаўнікі Рады Эўропы, Эўракамісіі і амбасадары краінаў Эўразьвязу выказалі жаданьне назіраць за “Эўрапейскім маршам”, якія мае адбыцца ў Менску 14 кастрычніка. Напярэдадні масавай акцыі ў сталіцы і рэгіёнах пачалі затрымліваць актывістаў апазыцыі.

Віктар Івашкевіч падчас прэсавай канфэрэнцыі паведаміў журналістам, што, нягледзячы на затрыманьні інфармацыйных матэрыялаў (газэтаў, улётак, налепак з заклікам удзельнічаць у “Эўрапейскім маршы”), людзі ведаюць пра акцыю, якая адбудзецца 14 кастрычніка ў Менску.

“Колькі выйдзе людзей? Столькі, колькі людзей у Менску лічаць сябе эўрапейцамі. Цяпер ад кожнага грамадзяніна залежыць — пойдзе Беларусь эўрапейскім шляхам, ці мы будзем заставацца людзьмі на балоце. Выйдзе 100 тысяч — жалезна Беларусь пойдзе тым кірункам. Выйдзе адна тысяча — толькі адзін працэнт ёсьць таго, што Беларусь пойдзе эўрапейскім шляхам.

Так, кожны чалавек – гэта тая доля працэнту, якая будзе ўплываць на сытуацыю. Няма чаго апраўдваць сваю ляноту і безыніцыятыўнасьць тым, што апазыцыя не такая, лёзунгі ня тыя, маршрут не такі…

Ты —эўрапеец?! Выйдзі, прадэманструй сваю пазыцыю. А будзеш сядзець у хаце, значыць — раб”.

Прэсавая канфэрэнцыя арганізатараў “Эўрапейскага маршу”, Менск, 3.10.2007

Сябры аргкамітэту заявілі пра падтрымку акцыі міжнароднай супольнасьцю. Вінцук Вячорка паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі, што на акцыю плянуюць прыехаць прадстаўнікі эўрапейскіх структураў.

“Дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту, нацыянальных парлямэнтаў суседніх з намі краінаў Эўразьвязу. Запрошаныя сьпікер Эўрапарлямэнту Ханс-Герт Пётэрынг, прадстаўнікі эўракамісіі, мы запрашаем дакладчыкаў па Беларусі з розных асамблеяў, а таксама дакладчыка па Беларусі Андрэа Рыгоні. Ён прыняў рашэньне прыехаць у Беларусь, але ён прыедзе пасьля “Эўрапейскага маршу” — 16—17-га. Запрошаныя таксама прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Горан Ленмаркер”.

Людзі зьбяруцца на Кастрычніцкай плошчы, і адтуль калёна пройдзе ў бок Нацыянальнай бібліятэкі.

Арганізатары не выключаюць, што дзяржаўныя СМІ згуляюць на тэме маршруту “Эўрапейскага маршу”. У прыватнасьці, камандзір спэцназу менскай міліцыі Юры Падабед заявіў:

“Эўрапейскі марш” рыхтуюць. Маршрут руху: Кастрычніцкая плошча — і што? Бібліятэка цэнтральная. Станцыя мэтро “Ўсход”. То бок, марш ад цэнтру гораду на ўсход у бок Масквы. Хаця б пра гэта падумалі. Калі на захад у Эўропу ідуць, то навошта ж ісьці ў бок Расеі?”

Гаворыць Анатоль Лябедзька:

“Што тычыцца прапагандысцкіх нейкіх відэаролікаў, то, калі будзе нейкая новыя сэрыя ці сэрыял, ня думаю, што гэта будзе нейкай праблемай. Месца, дзе будуць зьбірацца людзі, для нас вельмі важнае. Усе магутныя падзеі адбываліся якраз на Кастрычніцкай плошчы.

Што тычыцца руху, то сам праспэкт больш прыдатны для вялікай колькасьці людзей. Туды, куды мы ідзем, — помнік Скарыну. Ня думаю, што на гэтым можна рабіць спэкуляцыі. Ну, хіба згадаць, што сам Аляксандар Рыгоравіч гаварыў пра гэтага чалавека”.

Апошні дзень, калі менскія гарадзкія ўлады могуць даць дазвол на правядзеньне “Эўрапейскага маршу”, — вечар 8 кастрычніка.

За тое, каб на прыпынках не было ўлётак, адказныя дворнікі, 3.10.2007 Эўразьвяз ганарыцца “Эўрапэйскім маршам”, 27.09.2007
XS
SM
MD
LG