Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Financial Times”: “Газпром” паслаў сыгнал будучаму ўраду Ўкраіны


Сяргей Абламейка, Прага У аўторак расейская кампанія “Газпром” заявіла аб магчымасьці скарачэньня паставак газу ва Ўкраіну. Падставай названы доўг Украіны перад “Газпромам” за сёлетнія пастаўкі, які складае 1 мільярд 300 мільёнаў даляраў. Гэтая заява выклікала на Захадзе трывогу, што можа паўтарыцца сытуацыя 2006 году, калі Расея зьменшыла пастаўкі газу ва Ўкраіну, а тая стала несанкцыянавана адбіраць газ, прызначаны для заходніх партнэраў.

“Financial Times” зьвяртае ўвагу, што папярэджаньне “Газпрому” зьявілася тады, калі падлік галасоў на датэрміновых выбарах наблізіўся да завяршэньня і стала ясна, што кааліцыя празаходніх сілаў перамагае, а Юлія Цімашэнка мае шанцы зноў стаць прэм’ер-міністрам.

Чакалася, – піша “Financial Times”, – што вяртаньне спадарыні Цімашэнкі выкліча напружаньне ў дачыненьнях з Масквой. Цімашэнка падчас выбарчай кампаніі абяцала разабрацца з “карумпаванай і непразрыстай роляй пасярэдніцкіх кампаніяў у шматмільярдным газавым гандлі паміж Туркмэністанам, Расеяй і Ўкраінай”.

Цяпер жа, прыйшоўшы да ўлады, урад Цімашэнкі павінен быў бы расплачвацца за даўгі прамаскоўскага ўраду Віктара Януковіча. У інтэрвію “Financial Times” Юлія Цімашэнка заявіла, што яна зробіць усё магчымае, каб пастаўкі газу ва Ўкраіну не былі скарочаныя, але разам з тым заклікала не забывацца, што менавіта палітыка Януковіча выклікала такія праблемы.

Сам “Газпром” адкідае абвінавачаньні ў палітычна матываваным папярэджаньні Ўкраіне. Тым ня менш “Financial Times” прыводзіць думку аналітыка Каўшыка Рудры, які лічыць, што папярэджаньне “Газпрому” – гэта сыгнал будучаму ўраду Ўкраіны, маўляў, калі Цімашэнка стане прэм’ерам – чакайце праблемаў у дачыненьнях з Расеяй.

Эўрапейская камісія заклікала абодва бакі знайсьці хуткае ўрэгуляваньне гэтай праблемы. Дарэчы, увесь газ, які пастаўляецца ва Ўкраіну з Расеі, папярэдне купляецца ў Туркмэністане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG