Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Горадні: “Калі ёсьць два тэрміны — значыць, толькі два, а ня тры-чатыры-пяць”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Як вы ставіцеся да плянаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна зьмяніць структуру ўлады і стаць пажыцьцёвым кіраўніком? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы.

Малады спадар: “Я так разумею, што ўсё роўна, Пуцін як цяпер уплывае на палітыку Расеі, так і надалей будзе заставацца ўплывовай асобай у Расеі. Калі шчыра, я лічу, што ні ў Расеі, ні ў Беларусі ўласна дэмакратыі няма. Яе як не было, так і няма. Таму я ня думаю, што крокі Пуціна ў гэтым сэнсе штосьці зьменяць”.

Малады спадар: “Я сачу за падзеямі ў Расеі. У прынцыпе, я толькі “за”, калі Пуцін нешта зробіць, ці зьменіць канстытуцыю — карацей, калі ён надоўга застанецца кіраваць краінай”.

Сталы спадар: “Мы сочым за тым, што адбываецца ў Расеі, але мяне гэтая праблема моцна не турбуе”.

Ягоны прыяцель: “Кожны на сваю руку цягне”.

Спадар: “Мы жывем у Беларусі, і Расея — гэта вельмі далёка. Канечне, калі чалавек імкнецца да ўлады любым чынам, то гэта ня вельмі добра. Існуе канстытуцыя, якой трэба кіравацца. Ёсьць таксама маральныя прынцыпы, якімі чалавек павінен кіравацца”.

Спадарыня: “Я згодная: трэба прытрымлівацца канстытуцыі”.

Сталы спадар: “Гэта проста папулізм, не павінна гэтага адбыцца, ня дай Божа. Масква за тысячу кілямэтраў, а мы ў сябе тут ніяк ня можам засяродзіцца на нармальным жыцьці, канцы з канцамі ня сточваем. Ну, як гэта так — сваёй мовы ня ведаем, а ён зьбіраецца кітайскую вывучаць!”

Маладзён: “Увогуле ход Пуціна даволі цікавы, нагадвае такое: маўляў, я сыходжу, але не зусім сыходжу. Гэта падобна да таго, каб ён застаўся б на трэці тэрмін. Думаю, законы пра пэўную колькасьць тэрмінаў, што прэзыдэнт можа заставацца пры ўладзе, — яны пішуцца ня проста так, а каб улада надоўга ў руках аднаго чалавека не затрымлівалася”.

Спадар: “Гэта тое ж, што ў нас з Лукашэнкам. Калі ёсьць два тэрміны — значыць, толькі два, а ня тры-чатыры-пяць, або колькі ім захочацца. Таму што атрымліваецца, што яны ўжо законы пад сябе пішуць”.

Малады спадар: “Я супраць такога жаданьня Пуціна, вядома, бо гэта крок назад у сэнсе дэмакратыі”.

Спадар: “У іх у Расеі канстытуцыя створаная народам, а не адным чалавекам. Гэта ў нас можна канстытуцыю зьмяняць як хочаш. У нас тут улада ў аднаго чалавека — што хоча ён, тое й робіць”.
XS
SM
MD
LG