Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вёска, дзе ратуюць дзіцячыя душы


Юлія Рымашэўская, Менск Штогод у Беларусі пазбаўляюць бацькоўскіх правоў больш за 4 тысячы чалавек. Да 6 тысячаў дзяцей становяцца сіротамі пры жывых бацьках. Паводле статыстыкі, на канец 2006 году ў Беларусі налічвалася каля 33 тысяч сірот. Яны нярэдка становяцца злачынцамі, наркаманамі, самагубцамі. Міжнародны праект “SOS-Kinderdorf” (па-беларуску “SOS-Дзіцячая вёска”) спрабуе вырашаць гэтыя праблемы.

Звонку нямецкая, па сутнасьці – беларуская

Праяжджаючы міма Бараўлянаў, я заўсёды зьвяртала ўвагу на шыльду зь нязвыклай для вока назвай – “SOS-Kinderdorf”. Крыху ведаючы нямецкую мову, гэта лёгка перакласьці – “SOS-Дзіцячая вёска”. Потым у мэтро прачытала абвестку: “SOS-Kinderdorf” – дзіцячы дом сямейнага тыпу – шукае матуль”.

Літаральна 15 хвілін ад цэнтру Менску – і маршрутная таксоўка ля прыпынку “SOS-Kinderdorf”. Яе бачна здалёк – два дзясяткі дамкоў зусім не беларускага выгляду прыцягваюць вока. Тэрыторыя вельмі тыповая для вясковага пэйзажу Нямеччыны. Ручай з фантанчыкам , акуратна пастрыжаныя дрэвы, дагледжаныя газончыкі, клюмбы, вакол кожнага доміка кветкі... І – ніводнай сьметніцы. Як, дарэчы, і сьмецьця.

Кіруе вёскай з 1995 году Валер Міхалевіч.

“Я 12 гадоў працаваў выкладчыкам фізычнай культуры, потым 8 гадоў працаваў дырэктарам. Калі прапанавалі ўзначаліць гэты праект, думаў трое сутак і ўрэшце пагадзіўся. І не пашкадаваў ніводнага разу. Тут шмат даверу ў сэнсе адказнасьці. А ў адукацыі – я як быццам да столі дарос, шмат зьявілася ў адукацыі людзей-тэарэтыкаў. Якія не працуюць зь дзецьмі наўпрост, якім пастаянна трэба нешта даказваць”.

Бараўляны, 2007. SOS-Kinderdorf. Дзень народзінаў вёскі

Ідэя міжнароднага праекту SOS-Kinderdorf належыць аўстрыйцу, спадару Гэмаеру. Было тое пасьля другой сусьветнай вайны, калі засталося шмат сірот і адзінокіх жанчын. Цяпер у 131 краіне дзейнічаюць каля 500 вёсак.

У Беларусі іх пакуль дзьве – у Бараўлянах пад Менскам ды ў Мар’інай Горцы. Неўзабаве плянуецца адкрыць яшчэ адну – у Магілёве.

Сутнасьць выхаваньня палягае ў некалькіх прынцыпах – кожнае дзіця павінна мець маці, братоў і сясьцёр, дом, і чацьвёрты прынцып: вясковы лад жыцьця.

Паводле спадара Гэмаера, на ўсю вёску мусіў быць адзін бацька ў асобе яе кіраўніка, мужчыны. А вось матуля – свая ў кожным вясковым доміку. Цяпер у Польшчы спрабуюць экспэрымэнтаваць – ствараюць сем’і “поўныя”. У Беларусі прытрымліваюцца традыцыйнага досьведу. Тыповыя і патрабаваньні да жанчын, якія хочуць працаваць “матулямі”: кабета ад 28 да 40 гадоў, не зьвязаная шлюбам, якая хоча выхоўваць дзяцей, хоча даць ім цяпло, любоў, дзяцінства.

Чаго бракуе традыцыйным інтэрнатам для сіротаў?

У традыцыйных беларускіх інтэрнатах гэта не прадугледжана. У выніку дэфіцыт сямейных каштоўнасьцяў становіцца прычынай наступнай статыстыкі. Паводле розных ацэнак, праз год самастойнага жыцьця каля 40% выхаванцаў пачынаюць захапляцца наркотыкамі ці алькаголем, 30 становяцца бамжамі, 20 – злачынцамі, 10 ідуць на самагубства.

Колькі год таму цэнтар даверу “Надзея і выратаваньне” правёў досьлед сярод выпускнікоў менскіх школ-інтэрнатаў. Вынікі паказалі, што падлеткі не гатовыя да самастойнага жыцьця. Трапляючы ў раней не знаёмы сацыяльны асяродак, яны ня здольныя пераадолець нязвыклыя цяжкасьці, жывуць у псыхаэмацыйным напружаньні.

Менскі псыхоляг Марцін Кошаль падкрэсьлівае, што адсутнасьць бацькоў у дзяцінстве правакуе праблемы ў дарослым сямейным жыцьці:

“Людзі, якія выхоўваюцца ў дзіцячым доме, выхоўваюцца ў атмасфэры агрэсіі. І гэта ў кожным разе адбіваецца на іхным характары. Потым яны выходзяць зь дзіцячага дому і бачаць сваіх аднагодкаў, якія жылі ў нармальных сем’ях. І гэта выклікае яшчэ і зайздрасьць. Людзі, якія ў дзяцінстве цярпелі дэфіцыт і адсутнасьць мацярынскай ласкі, зь вялікай цяжкасьцю выяўляюць пачуцьцё любові і каханьня. Яно часта імі выяўляецца ў агрэсіі”.

А што ж адбываецца з падрослымі дзецьмі ў праекце “SOS-Kinderdorf”? Тут прадугледжана стварэньне так званых маладзёвых дамоў у фармаце інтэрнату. Там выпускнікі вёскі жывуць некалькі год – пакуль не атрымаюць адукацыю. Спадар Валеры расказвае:

Міхалевіч: “Ёсьць ужо дарослыя... Вось нядаўна тэлефанавала наша выхаванка, запрашала на вясельле. Яна вучыцца на псыхоляга. Ён працуе ў радыётэхнічным інстытуце. Прыгожы хлопец. Я шчыра зычу ім шчасьця”... І гэткая сытуацыя – не выключэньне. Створаныя ў “дзіцячай вёсцы” сем’і сапраўды існуюць па ўсіх законах традыцыйнай сям’і – з абавязкамі дзяцей, з размовамі пра паводзіны, з мыцьцём посуду і прыгатаваньнем ежы.

“Я люблю ўсіх”!

Як кажуць, чым сто разоў пачуць, варта аднойчы ўбачыць. Спадар Валер правёў мяне да доміка, дзе жыве сям’я Сьвятланы Андрэевай. Сямёра дзетак. Пяць дзяўчынак і два хлопчыкі. Адно за адно меншыя. Самая старэйшая – Віка, ёй дванаццаць. Самая малодшая – Каця, ёй два гадкі.

Бараўляны, 2007. SOS-Kinderdorf. Сям''я Сьвятланы Андрэевай

Калі я зайшла, сям’я ўжо завяршыла ранішні мацыён – старэйшая Віка правяла з малодшымі гімнастыку, потым супольны сьняданак. Спадарыня Сьвятлана кажа, што пачувае сябе шчасьлівай на працы матулі. Хоць праца зь дзецьмі-сіротамі і сацыяльнымі сіротамі часта вельмі цяжкая псыхалягічна. Адна з гэткіх праблемаў – успрыманьне дзіцем сваёй новай матулі.

Сьвятлана кажа:

“Каця, Саша і Надзя – поўныя сіроты, у іх няма абаіх бацькоў. Канечне, маці сваю яны памятаюць, але неяк лепш пераносяць гэта. Саша ўжо ўсьвядоміў, што мама сышла ў іншы сьвет. А вось у Вікі, Раі і Сьветы мама жывая – яны сацыяльныя сіроты. І ў іх ёсьць гэтае раздваеньне. Гэта вельмі цяжкая праблема для дзіцячае псыхікі. Яна адзін раз пад настрой пазваніла – калі ўжо болей за год яны тут былі – паабяцала прыехаць і не прыехала. А вельмі чакалі... І гэтае ўспрыманьне для іх вельмі цяжкае – што ёсьць мама Таня, - і ёсьць я”.

Вельмі цяжка было выхадзіць Кацю. Цяпер яна – прыгожае, усьмешлівае дзіцё зь сінімі вачыма. А калі нарадзілася, усё было зусім неаптымістычна:

“Вычапілі яе са Слуцкага дому дзіцяці. Вельмі прыемна было пазнаёміцца з тамтэйшым калектывам – шмат яны зрабілі для дзяўчынкі: Каця нарадзілася з алькагольнай анэміяй – гіпатрафія ў яе была. То бок, яна не атрымлівала нармальнай колькасьці ежы яшчэ ў жываце ў мамы”.

Як вынік у Каці быў вельмі нізкі гемаглябін. Адразу дактары не зразумелі, у чым найперш праблемы – рабілі пераліваньні крыві. А дзяўчынку, як высьветлілася пазьней, трэба было проста карміць. Яна ела неверагодна шмат. Ёй тады было адзінаццаць месяцаў, а зьядала порцыі дарослага чалавека.

“І калі мы забіралі ў яе пустую талерку, яна патрабавала “Уа!” Маўляў, давай яшчэ! І толькі значна пазьней, калі бачыла, што можна супакоіцца – ежу не забяруць, тады есьці пачала больш павольна і спакойна... ”, – расказвае Сьвятлана.

Ёсьць у выхаваньні і псыхалягічныя праблемы. Жэня, прыкладам, спачатку вельмі любіў скардзіцца “на вушка” маме:

“Я стараюся вучыць іх узаемапавазе. І калі ён спрабаваў мне “ябеднічаць”, заўсёды тлумачыла, што гэта ня лепшае выйсьце. Што лепш можа і параіцца са старэйшымі дзеткамі, як быць, але ня ў “ціхую”, мне на вушка... Каб яны не былі кляўзьнікамі”...

Спадар Міхалевіч кажа, што дзеці, якім пашанцавала патрапіць сюды, атрымліваюць самае галоўнае для фармаваньня шчасьлівага чалавека – дзяцінства. Упэўнілася ў гэтым, калі пасьля інтэрвію ўсе мы разам пілі гарбату, а малыя спрабавалі асвоіць дыктафон. Малы Жэня першы прапанаваў запісаць свой голас. І вось што мы пачулі:

“Я люблю ўсіх! Я люблю ўсіх людзей!!!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG