Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь можа атрымаць больш расейскага газу?


Уладзімер Глод, Менск “Газпром” папярэдзіў кіраўніцтва Ўкраіны пра магчымае скарачэньне паставак газу. Расейскі канцэрн цьвердзіць, што Ўкраіна мае запазычанасьць 1 мільярд 300 мільёнаў даляраў. Ці могуць газавыя дачыненьні Масквы і Кіева адбіцца на пастаўках расейскага газу ў Беларусь?

У прэсавай службе “Газпрому” нам заявілі: дачыненьні з Украінай трэба разглядаць выключна як двухбаковыя стасункі з гэтай краінай — і ня больш за тое.

А вось менскі аналітык Валянцін Мацкевіч мяркуе, што магчымае рашэньне расейскага канцэрну зьвязанае зь беларускімі справамі. Ён гаворыць, што ў выпадку скарачэньня паставак на Ўкраіну больш газу можа атрымаць Беларусь:

“Канечне, ня вельмі намнога гэта можна зрабіць, улічваючы прапускную здольнасьць нашых трубаправодаў. Але тое, што зьмяншэньне ў нас ужо немагчымае — дык і гэта можна разглядаць як станоўчую зьяву для Беларусі.

Хоць, на мой погляд, Беларусь і Ўкраіна павінны размаўляць з Расеяй не паасобку, а сынхронна. Паасобку Масква проста разьбівае і адных, і другіх. Але не пры сёньняшнім урадзе Беларусі гэта можна зрабіць”.

Беларусь павінна разьлічвацца з “Газпромам” за спажыты газ не пазьней за 23-ці дзень наступнага месяца. Такім чынам, да 23 кастрычніка неабходна разьлічыцца за газ, атрыманы ў верасьні.

Наколькі могуць вырасьці выдаткі з наступленьнем ацяпляльнага сэзону — пытаюся ў Валянціна Мацкевіча.

“Пакуль яшчэ няма ўключэньня ацяпленьня. Звычайна гэта адбываецца дзесьці ў сярэдзіне кастрычніка, а летась, здаецца, нават пазьней было. А павелічэньне ідзе працэнтаў на трыццаць-сорак, калі глядзець на сьнежань-студзень. У энэргетыкаў гэта ўсё разьлічана. Найбольшае спажываньне — гэта сьнежань-студзень.

Фактычна 23 сьнежня праблема разьлікаў узрастае моцна. А 23 лістапада гэта яшчэ незаўважна будзе”.

Аляксандар Лукашэнка нядаўна абвясьціў, што “Газпром” плянуе ў 2008 годзе павялічыць кошты на газ для Беларусі яшчэ працэнтаў на пятнаццаць. Як гэта можа адбіцца на стане беларускай эканомікі?

Васіль Шлындзікаў, які доўгі час узначальваў канцэрн “Амкадор”, прагназуе:

“Будуць выразьней відаць адмоўныя зьявы ў эканоміцы. Я маю на ўвазе, што паскорыцца працэс банкруцтва нашых задрыпаных прадпрыемстваў. Гэта будуць, так бы мовіць, паўзучыя праблемы — якія, магчыма, нарэшце змусяць пачаць хоць нейкія рэформы”.

• “Белтрансгаз” ня мае даўгоў перад “Газпромам”, 24.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG