Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кінуў піць: раблю падрыў эканамічнага падмурку дзяржавы”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Пошта, якую мы атрымліваем у гэтыя восеньскія дні, прыносіць лісты з паведамленьнямі пра паўсядзённае жыцьцё слухачоў “Свабоды”, з роздумам пра тое, што іх трывожыць, непакоіць, радуе і хвалюе.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу Ірыны Цімошык зь Менску.

Слухачка зьвярнула ўвагу на паведамленьне дзяржаўнага тэлеканалу ОНТ ад 24 верасьня пра тое, што пуцёўкі ў беларускія санаторыі выкупляюць грамадзяне Расеі й краінаў Балтыі.

Спадарыня Цімошык з гэтай нагоды піша:

“Добра, што пуцёўкі купляюць расейцы і прыбалты, інакш гэтыя санаторыі пуставалі б. Бо большасьць беларусаў купіць са сваіх сямейных бюджэтаў такой пуцёўкі ня могуць. Занадта дорага, хоць размова ідзе пра нашы беларускія санаторыі зь ня самым лепшым сэрвісам і ня самымі высокімі коштамі.

Што ўжо казаць пра блізкае ці далёкае замежжа? Для 80 працэнтаў насельніцтва такі адпачынак і лячэньне не даступныя. Нават у паліклініках даводзіцца стаяць у чарзе два-тры месяцы, каб атрымаць лекавую працэдуру.

А расейцы за сваю працу атрымліваюць у некалькі разоў болей за беларусаў. Таму яны і маюць магчымасьць адпачыць і падлячыцца, бо кошт пуцёўкі ў беларускіх санаторыях цяпер аднолькавы як для беларусаў, гэтак і для іх”.

Адзін час у Беларусі спрабавалі экспэрымэнтаваць з рознымі коштамі на паслугі гатэляў і дамоў адпачынку для сваіх грамадзянаў і для замежнікаў. Прынцып зусім ня рынкавы.

Калі тавар прадаецца ніжэй за сабекошт, то прадавец такога тавару рана ці позна збанкрутуе (калі толькі страты ня будуць кампэнсавацца зь нейкіх іншых крыніцаў, у нашым выпадку — зь беларускага дзяржбюджэту). Што і адбылося ў Беларусі з многімі дамамі адпачынку, дзіцячымі летнікамі, камунальнымі гатэлямі савецкага ўзору зь іхным ненавязьлівым сэрвісам і “выгодамі” на вуліцы.

Аўтар наступнага ліста Аляксандар Яцкевіч зь Віцебску, ён згадвае падзеі больш як дваццацігадовай даўніны, свае складаныя дачыненьні з савецкім рэжымам:

“Для творчага чалавека калі ты, жывучы сярод людзей, застаесься самотным — сытуацыя няпростая... Рэч у тым, што няма заробку, ды і праца не належная…

Калі атрымаеце гэты допіс — закраніце пытаньне: як улада ў позьні савецкі пэрыяд скарыстоўвала псыхатропныя лекі, каб пасадзіць за краты не паводле палітычных матываў, а як злачынцу…

Я ў свой час з 1974-га да 1984 году адбыў ад званка да званка. І не на словах ведаю, што такое “духоўнасьць” там. Даўно б мае косьці прэлі ў Верхнякамскай тайзе, як, напэўна, і многіх іншых. Я не на словах ведаю, што такое псыхушка ва ўстанове УЖ 15/1…

Ісьці з моладзьдзю цяпер — ня тое здароўе... Вельмі добра спазнаў, што азначае паабяцаць і ня выканаць.

Калі ўспамінаю свой час і свае прыгоды там, прыходжу да высновы: мяне выратавала тое, што заступіў Андропаў і што добра разьвітая інтуіцыя. Тады ўся сыстэма “заціхарылася” і дала збой. Таму і да КДБ стаўлюся не адназначна, хоць і ўпэўнены, што за ім мноства злачынстваў. Усё гніе з галавы…

Цяпер вось узьнімаюць пытаньне аб карупцыі, але ніколі ня кажуць, што гэта барацьба найперш з самім сабой. А колькі ў нас такіх, хто гэта разумее?

...За што паважаю маладафронтаўцаў — што ня п’юць і ня паляць. Я не паліў ніколі, а піць кінуў у 56 гадоў — раблю “падрыў” падмурку дзяржавы. Нават піва не бяру, і знайшоў у сабе сілы. Гэта своеасаблівае мастацтва. І праца над сабой! Хоць у сэрцы два пратэзы, а столькі творчых задумак — здаецца, на ўвесь сьвет хопіць. Толькі б было меней дурняў, ды больш грошай у кішэні”.

Я зьвярнуў увагу на тую частку вашага, спадар Яцкевіч, ліста, у якой вы паведамляеце, што адмовіліся ад алькаголю. Іранічная заўвага пра “падрыў” падмурку дзяржавы — жарт, у якім шмат горкай праўды.

Сёньняшняя беларуская эканоміка ў многім трымаецца менавіта на “п’яных” рублях — на няспынным і некантраляваным росьце вытворчасьці й спажываньня піва, гарэлкі і алькагольных сурагатаў, якія вытворцы называюць “пладова-ягаднымі вінамі”, а людзі — “чарнілам”.

На ўзроўні прэзыдэнта праводзяцца адмысловыя нарады, чыноўнікі хваляцца, што вытворчасьць піва штогод расьце на 50 працэнтаў. Ім ставіцца задача ствараць усё новыя і новыя вытворчасьці.

А тым часам за восем месяцаў году толькі ў менскія шпіталі “хуткая дапамога” даставіла 22 тысячы атручаных алькаголем. У аддзяленьні таксыкалёгіі шпіталю хуткай дапамогі падлічылі: такіх пацыентаў у іх цяпер за месяц столькі ж, колькі было ў сярэдзіне дзевяностых за год.

Мэдыкі нават прапануюць браць грошы з такіх “хворых” — 100 тысяч рублёў за суткі. Ды толькі сумнеўна, што ўдасца іх лёгка спагнаць: апошнія рублі ў такіх людзей, як правіла, ідуць на выпіўку.

Ліст зь нямецкага гораду Сэгену, ад нашага слухача Івана Хахла, які падпісаўся як “гастарбайтэр”. Жывучы ў Нямеччыне і сустракаючыся са сьведкамі і ўдзельнікамі мінулай вайны, Іван часта задумваецца над яе прычынамі і наступствамі:

“Адзін мой даўні знаёмы ў свой час адседзеў тры гады ў лягеры ваеннапалонных пад Масквой. Ён у мяне неяк спытаўся, як быццам я быў адстаўным генэралам: “Чаму рускія амаль заўсёды кідалі сваіх салдат на нашы кулямёты без артпадрыхтоўкі?”

Мне было цяжка растлумачыць старому немцу сутнасьць савецка-камуністычнай рэчаіснасьці, дзе жыцьцё чалавека не каштуе ні капейкі. Мільён туды — мільён сюды: якая розьніца? Сталін у свой час налічыў 9 мільёнаў ахвяраў з савецкага боку; Хрушчоў падняў лічбу да 20 мільёнаў; Гарбачоў налічыў ужо 28 мільёнаў. А як на самай справе? Хто ведае?

Міжволі задумаесься: чаму Нямеччына, якая ваявала і на вялізных прасторах Расеі, і ў Афрыцы, і ў Італіі, і на Заходнім фронце, і на ўсіх морах і акіянах, Нямеччына, чые гарады былі дашчэнту зьнішчаны ангельска-амэрыканскай авіяцыяй, страціла 11 мільёнаў людзей; а Расея, ваюючы толькі на адным фронце, — 28 мільёнаў?”

Так, спадар Хахол, Сталін раздаваў маршальскія зоркі ня тым генэралам, якія бераглі сваіх салдат, а тым, якія бяз роздуму кідалі людзей на варожыя кулямёты.

З ахвярамі не лічыліся: важны быў пераможны вынік, а ня колькасьць чалавечых жыцьцяў, пакладзеных за тыя ўзятыя штурмам гарады, вёскі і безыменныя пагоркі.

Так было ня толькі падчас вайны. Усе так званыя “заваёвы сацыялізму” грунтаваліся на чалавечых ахвярах, на рабскай паднявольнай працы, на прыніжэньні людзей, мільёны якіх былі сьцертыя ў лягерны пыл на гіганцкіх будоўлях камунізму.

На заканчэньне ліст ад Мікалая Волчыка зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну. Слухач разважае пра некаторыя асаблівасьці масавай сьвядомасьці:

“Афіцыйная ідэалёгія з магутным апаратам чыноўнікаў і СМІ робіць сваю, так бы мовіць, “дэмакратыю па-беларуску”. Замбаваньне насельніцтва ўзмацняецца.

Так, калі інфармацыя дайшла да слухача і прымусіла разважаць — гэта добра. Але калі яна завалодала розумам — гэта вельмі дрэнна. Аднак жа не надакучвае беларусу спажываць сумнеўныя лічбы і перакручаныя факты з жыцьця Бацькаўшчыны. Ну, ня хоча беларус праўды жыцьця, ён ужо звыкся з адваротным!

Быцьцё абмяжоўваецца адным днём, а заўтра — ну, горш ня будзе. Піяраўскія фэсты “хлеба і відовішчаў” падсілкоўваюць фальшывы аптымізм і робяць разгрузку адмоўных эмоцыяў будзённасьці.

Дзіўна, але большасьці людзей не патрэбна нацыянальная ідэя. Нізкія заробкі спрыяюць разьвіцьцю ценевай эканомікі. Праблема дабрабыту больш актуальная, чым не зусім зразумелыя ідэі. Народ верыць у добрага дзядзьку, у старшыню, нарэшце, у Бацьку. Ён, народ, паслухмяны, яго вельмі задавальняе шальмаваньне дзеячаў апазыцыі.

Колькі часу патрэбна, каб ён нанава нарадзіўся? Напэўна, моладзі будзе складана паскорыць гэты працэс. Матэрыяльны складнік пакуль, на мой погляд, задавальняе беларуса. Так, моладзеваму супраціву вялікі дзякуй. Беларусь абавязкова будзе зусім іншай і абавязкова ў сям’і эўрапейскай цывілізацыі”.

Напэўна, спадар Волчык, ня варта абагульняць. Беларускае грамадзтва, як і любое іншае — рознае, з разнастайнымі поглядамі на жыцьцё й сьветаўспрыманьнем, з супярэчлівым стаўленьнем да ўлады і да шляхоў разьвіцьця сваёй краіны.

Іншая рэч, што свабодна выказваць свае думкі ў сёньняшніх беларускіх умовах не заўсёды бясьпечна, таму многія людзі альбо маўчаць пра тое, што насамрэч думаюць, альбо гавораць толькі тое, што адпавядае, так бы мовіць, “генэральнай лініі”.

Гэта датычыць ня толькі нейкіх афіцыйных трыбунаў, сходаў і публікацыяў, але ў шэрагу выпадкаў і прыватных размоваў на вуліцы, у чарзе, у грамадзкім транспарце.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG