Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пра Канаплёва на сэсіі казалі мовай нэкралёгаў”


Віталь Цыганкоў, Менск Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу абралі Вадзіма Папова сьпікерам замест Уладзімера Канаплёва. Чаму Аляксандар Лукашэнка ўказаў менавіта на гэтую асобу? Што могуць сказаць пра ніжнюю Палату беларускага парлямэнту акалічнасьці абраньня Папова? Аглядальнік Свабоды Віталь Цыганкоў гутарыць з палітычным аглядальнікам газэты “Белорусы и рынок” Паўлюком Быкоўскім.

Цыганкоў: “На пасаду старшыні Палаты Прадстаўнікоў быў абраны Вадзім Папоў, чалавек без палітычнай вагі, харызмы ды адкрытых амбіцыяў. Што павінны такі выбар сказаць грамадзтву?”

Быкоўскі: “Пра абраньне можна было казаць у Вярхоўным Савеце, а ў Палаце Прадстаўнікоў гэта шлюб па разьліку, калі ўлада разьлічвае, каго, за што і дзеля якой прычыны прызначаюць.

Гэтае прызначэньне больш цікавае адсутнасьцю ў залі Ўладзімера Канаплёва і тым, што ніхто з дэпутатаў не пацікавіўся нават, а дзе ён, уласна, знаходзіцца. Больш за тое: сэсія пачалася з добрых словаў, якія казалі пра Канаплёва. Гэтыя словы казалі ў такім накірунку, як звычайна пішуць нэкралёгі: “Ён быў нашым добрым сябрам”, “Ён быў зараджаны духам патрыятызму”. Я зараз не кажу пра сутнасьць эпітэтаў, а кажу пра тое, што яны гучалі ў мінулым часе. Таму нават рэмаркі Сяргея Забалотца – маўляў, “ня трэба так казаць, мы яшчэ сустрэнемся з Уладзімерам, ён ачуняе, вернецца да працы,” – гучалі як нейкае супакаеньне”.

Цыганкоў: “Ці можна сказаць, што “прызначэньне” Вадзіма Папова чарговы раз паказвае, што Палата Прадстаўнікоў – фармальна заканадаўчы орган – хутчэй нагадвае нейкі дэпартамэнт у Адміністрацыі Прэзыдэнта?”

Быкоўскі: “Падчас абмеркаваньня кандыдатаў на сьпікера часта паўтаралася, што Папоў будзе добра праводзіць лінію прэзыдэнта. Сапраўды, адгалосак таго, што гэта не самастойны заканадаўчы орган, а аддзел адміністрацыі – такое можна сказаць.

Але ў прынцыпе цяжка разьлічваць, што заканадаўчы орган у цяперашняй сыстэме ўлады можа быць самастойным. Фігура Канаплёва, як асабістага сябра прэзыдэнта зь юнацтва, які заўсёды быў прадстаўніком кіраўніка дзяржавы – фармальным ці нефармальным – гэта была моцная фігура, якая ўплывала ў тым ліку і на фармаваньне сьпісу праўладных кандыдатаў на выбарах. Зараз такога чалавека не існуе, параўнаць з Канаплёвым нікога немагчыма. Таму, хутчэй за ўсё, будзе шэрае існаваньне гэтага дэпутацкага корпусу, які можна будзе выкарыстаць як інструмэнт для любога павароту ўлады.”

• “У Папова цудоўная апаратная вывучка — ён добра разумее сваё месца”, 02.10.2007 • Вадзіма Папова абралі старшынём Палаты прадстаўнікоў, 2.10.2007 • Дэпутаты зоймуцца сьпікерам, бюджэтам і мовай, 2.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG