Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Камунікат” зьмяніў аблічча


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Беларуская інтэрнэт-бібліятэка “Камунікат” – адна з буйнейшых у сьвеце – цалкам зьмяніла свой выгляд і структуру. Цяпер інэрнэт-старонка бібліятэкі значна больш зручная для наведвальнікаў і да таго ж выглядае больш прывабна.

Стваральнік “Камунікату” – журналіст польскага радыё Беласток Яраслаў Іванюк – удасканальвае сваю інтэрнэт-бібліятэку ўжо 7 гадоў: у вольны ад працы час. На пачатку гэта была аднайменная старонка бюлетэню беларускай рэдакцыі радыё Палёнія, якая з часам пачала ператварацца ў інтэрнэт-бібліятэку.

“Я тады вырашыў сабраць на гэтай старонцы шмат гістарычных тэкстаў, перш за ўсё артыкулаў, якія друкаваліся ў Беларускім гістарычным зборніку, які выдае ў Беластоку Беларускае гістарычнае таварыства. Потым на старонку патрапілі ўсе матар’ялы гэтага таварыства. Аказалася, што паводле наведвальнікаў “Камнікату”, менавіта такіх матар’ялаў ў сеціве ім не хапала, што яны патрэбныя”, – кажа спадар Іванюк.

Цяпер на www.kamunikat.org больш за паўтысячы беларускіх кніг і часопісаў, у тым ліку і кнігі сэрыі “Бібліятэка Свабоды”, а да канца году беларускіх выданьняў на старонцы, паводле Яраслава Іванюка, будзе ня меней за тысячу. Увесь час у стварэньні інтэрнэт-бібліятэкі яму дапамагаюць беларусы з розных краінаў: Аляксандар Максімюк, Васіль Сёмуха, Уладзіслаў Яндзюк ды іншыя, а цяпер “Камунікат” атрымаў датацыю з польскага МЗС.

“Мы ад імя Беларускага гістарычнага таварыства падалі заяўку ў МЗС Польшчы ў праграму “Польская замежная дапамога 2007” і атрымалі адтуль сродкі, дзякуючы якім зьявіліся ўсе гэтыя сучасныя магчымасьці, і дзякуючы якім “Камунікат” да канца году будзе разьвівацца”, – працягвае Яраслаў Іванюк.

А мадэрнізацыя старонкі, іншы выгляд – усё гэта было зроблена хіба ня толькі дзеля таго, каб “Камунікат” лепш выглядаў?

“Новы “Камунікат” – гэта ня толькі новы выгляд, хаця й гэта таксама, але перадусім – новыя функцыянальныя магчымасьці. Цяпер значна прасьцей знайсьці нейкую кнігу, часопіс па аўтары, па загалоўку, годзе выданьня. Цяпер можна спраўдзіць, што наведвальнікі больш чытаюць і гэтак далей. Гэта было галоўнае, а ня выгляд”, – сказаў спадар Іванюк.

Ужо бліжэйшымі днямі на “Камунікаце” зьявяцца беларускія аўдыё-кнігі. Штодзённа на старонцы беларускай інтэрнэт-бібліятэкі www.kamunikat.org рэгіструецца каля тысячы наведваньняў.
XS
SM
MD
LG