Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ацэньваюць вынікі страйку ўлады і лідэры прадпрымальніцкага руху?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Беларусі адбыўся аднадзённы агульнарэспубліканскі страйк прадпрымальнікаў. Паводле старшыні аргкамітэту грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктара Гарбачова, у акцыі пратэсту ўзялі ўдзел каля 30 000 чалавек.

“Ня ведаю, хто там заяўляў 30 тысяч”

Прадстаўнік Дэпартамэнту па прадпрымальніцтву Міністэрства эканомікі Аляксандар Тапілін спаслаўся на тое, што абласныя выканкамы пакуль не падалі зьвесткі пра колькасьць удзельнікаў страйку:

“Магілёўскі аблвыканкам нам даслаў інфармацыю пра тое, што былі факты нявыхаду. Ну, там зьвязана з рознымі прычынамі. Дзесьці там прадпрымальнікі на хаўтурах, недзе прарвала трубы, не было вады. Нехта па прычыне хваробы. Такіх, што там страйкуюць, па Магілёўскай вобласьці не заяўлена. Па іншых аблвыканкамах мы толькі атрымоўваем інфармацыю. Так што ня ведаю, хто там заяўляў 30 тысяч”.

“Улады напужаныя. Вось чаму яны сёньня пайшлі па рынках”

Старшыня аргкамітэту грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў не пагаджаецца з такой ацэнкай:

“У адным Бабруйску каля 50 працэнтаў спынілася. Выстаўкі стаялі, ніколі раней не стаялі. Таму па Магілёўскай вобласьці – гэта поўны падман таксама. Цяпер будуць ізаляваць інфармацыю, скажаць яе”.

Паводле зьвестак з рэгіёнаў, улады вельмі нэрвова паставіліся да страйку прадпрымальнікаў. Чыноўнікі наведвалі рынкі і высьвятлялі хто не працуе і чаму. Віктар Гарбачоў сказаў:

“Улады, у прынцыпе, напужаныя. Вось чаму яны сёньня пайшлі па рынках. Яны хочуць ведаць рэальную сытуацыю, што будзе, калі гэты ўказ ня зьменяць. І самае страшнае для іх, што кансалідаваліся “Паркінгі”, “Зеркала”, “Купалаўскія” рынкі і так далей. Менск пачынае спыняцца, і іх гэта палохае. Яны плян зараз складуць – каго як зачыніць, каму што падкінуць. Таму мы гатовыя да ўсяго”.

“10 тысяч кажа – не, мы будзем як і раней з чаркізаўскай памыйкі вазіць невядома што”

Чыноўнікі даводзяць, маўляў, прадпрымальнікі ня хочуць працаваць па дакумэнтах, таму і не пагаджаюцца з тым жа ўказам №760. Прадстаўнік Менскага гарвыканкаму Аляксандар Каліноўскі заявіў падчас сустрэчы з удзельнікамі страйку:

“У Менску 17 з паловай тысяч юрыдычных асобаў. На іх працуе каля 170 тысяч чалавек. Большая палова зь іх працуе ў сфэры гандлю і грамадзкага харчаваньня. Гэта 80 тысяч чалавек. І спакойна яны возяць тавар. Па дакумэнтах, растаможваюць. Вас у Менску 40 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Каля 20 тысяч плацельшчыкаў адзінага падатку. Зь іх палова занятая ў сфэры гандлю. 10 тысяч індывідульных прадпрымальнікаў сёньня плацяць адзіны падатак і возяць тавар без дакумэнтаў. 80 тысяч працуе нармальна, па дакумэнтах растаможвае і так далей. 10 тысяч – кажа не, мы будзем як і раней з чаркізаўскай памыйкі вазіць невядома што, і так далей”.

“Яны таксама людзі і хочуць есьці”

Удзельнікі страйку асьцерагаюцца, што застануцца ўвогуле без працы. У Менску ля гандлёвага цэнтру “Паркінг” у страйку брала ўдзел прадпрымальніца Сьвятлана. Яна працуе ў гандлёвых цэнтрах “Рыга” і “Эўропа”:

“Тыя дэкрэты, якія выдалі наш урад, прэзыдэнт, не дазваляюць далей працаваць прадпрымальнікам. Той указ, які забараняе наймаць на працу, а ўладкоўваць толькі родных, прыніжае чалавека і яго правы. А што рабіць астатнім людзям, такому штату гандляроў? Што іх, звальняць? Яны таксама людзі і хочуць есьці. Мы дастаткова плацім падаткаў дзяржаве за права працаваць”.

На страйк прадпрымальнікаў у Менску прыехалі гарадзкія чыноўнікі, 2.10.2007 Фотарэпартаж са страйку прадпрымальнікаў, 2.10.2007
XS
SM
MD
LG