Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа пачаліся заняткі


Любоў Лунёва, Менск Гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа пачаў пяты навучальны год у нелегальных умовах. У 2003 годзе ліцэй ліквідавалі згодна з патрабаваньнем Міністэрства адукацыі з фармулёўкай “дзеля аптымізацыі навучальнага працэсу”. Ліцэістаў пазбавілі будынка, у якім цяпер месьціцца суд Цэнтральнага раёну Менску.

Сёньня ў ліцэістаў пачаліся заняткі. Паколькі вучні і настаўнікі летам знаходзяцца ў Польшчы, дзе яны сумяшчаюць вучобу і адпачынак, у верасьні працягваюцца вакацыі. Аналягічная сытуацыя і ўзімку: на Каляды, калі школьнікі адпачываюць, ліцэй зьяжджае ў Вільню і там мае магчымасьць вучыцца ў будынку літоўскага ліцэю зь лябараторыямі, спартовай заляй, абсталяванымі кабінэтамі.

Цяпер частка ліцэістаў разам з дырэктарам Уладзімерам Коласам знаходзіцца ў Польшчы на запрашэньне польскіх калегаў для ўдзелу ў сумесным праекце “Народны альбом”.

Ул.Колас: “Конкурс. У панядзелак зь пяці жадаючых узялі аднаго чалавека”

Гаворыць Уладзімер Колас:

“Нават ня ўсіх жадаючых прымаем. Конкурс. У панядзелак зь пяці жадаючых узялі аднаго чалавека. Адбор даволі суровы”.

Выкладчык ліцэю Лявон Баршчэўскі лічыць, што сёлета, нягледзячы на ўсе цяжкасьці нелегальнага існаваньня, стала лягчэй працаваць. Ён тлумачыць гэта тым, што за чатыры гады ўдалося выпрацаваць некаторыя рэчы, каб зьвяртаць на іх менш увагі.

“Вучоба ў ліцэі дазваляе засяродзіцца менавіта на вучобе і на пазакляснай дзейнасьці, паводле інтарэсаў саміх вучняў, а не па загаду начальства, як гэта цяпер у школах. Што тычыцца пэрспэктываў, то, безумоўна, пакуль існуе ў краіне сёньняшняя сыстэма падаўленьня, даносьніцтва, сыстэма падману, узьвядзеньня адукацыі да поўнай фармальнасьці і абесчалавечваньня адукацыі, гэтая патрэба будзе заставацца”.

Вучаніца ліцэю Паліна кажа, што цяпер не пайшла б у звычайную школу:

“Мне тут значна цікавей вучыцца, чым у школе і ня толькі з-за таго, што тут меншыя групы і падыход да настаўнікаў і іх да нас абсалютна іншы. Мне падабаецца ўдзельнічаць у пазаклясных мерапрыемствах. Цяпер мы ставім п’есу “Народны альбом”, езьдзім на розныя фэстывалі нават за мяжу. Мне вельмі падабаецца ўдзельнічаць у канцэртах, якія часам робяць самі навучэнцы ліцэя”.

Ліцэіст Зьміцер Галянаў падзяліўся сваімі плянамі:

“Я рыхтуюся быць ліцэйскім ды-джэем, таму што наш ды-джэй Генадзь Заяц хутка скончыць ліцэй. Ён на чацьвёртым курсе. Ён навучыў мяне некалькім ды-джэйскім прыёмам. Калі мы знаходзімся ў Польшчы, нам даюць магчымасьць ставіць дыскатэкі і ліцэістам яны падабаюцца. Ліцэісты ня толькі любяць вучыцца, але й адпачываць таксама”.

У ліцэі цяпер вучыцца каля 70 навучэнцаў. У першы год нелегальнага існаваньня іх было 120. Выпускнікі ліцэю вучацца ў прэстыжных эўрапейскіх і беларускіх унівэрсытэтах.

У.Колас: “Традыцыі ліцэю не дазваляюць вучню стаць дрэннай асобай”, 20.08.2007
XS
SM
MD
LG