Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэтычны фэстываль “Парадак словаў” адкрыўся ў бібліятэцы імя Пушкіна


Севярын Квяткоўскі, Менск У Менску распачаўся паэтычны фэстываль “Парадак словаў”. Цягам тыдня тры дзясяткі паэтаў зь Беларусі, Украіны і Расеі чытаюць свае вершы на розных творчых пляцоўках. Анансаванае адкрыцьцё імпрэзы ў Доме літаратараў перанесенае ў бібліятэку імя Пушкіна, бо арганізатарам нечакана адмовілі ў арэндзе залі ў будынку, які цяпер належыць не Саюзу пісьменьнікаў, а Адміністрацыі прэзыдэнта.

Фэстываль “Парадак словаў” адкрыўся выступам гурту “Партманэ”. Сярод выступоўцаў як вядомыя ў Беларусі паэты, такія як Адам Глёбус, Андрэй Хадановіч, Алесь Камоцкі, гэтак і маладыя творцы.

Імпрэзу распачаў госьць з Калінінграду Ігар Бялоў. Пасьля арыгінальнага дэклямаваньня па-расейску свой пераклад чытаў Андрэй Хадановіч:

“Я не сумняюся ані на хвілінку, што функцыянальна мой пераклад непатрэбны, бо вы ўсё зразумелі. Але, можа быць, мастацтва пачынаецца там, дзе яно не функцыянальнае і бескарыснае”.

Гэтаксама выступала паэтка са Львову Галіна Крук – з дапамогай перакладчыцы Марыйкі Мартысевіч.

Зь беларускіх паэтаў першым выступіў Адам Глобус, які на пачатку сказаў, што рыхтаваў выступ для Дому Літаратараў. Адам Глобус запытаўся ў публікі як выступаць, і заля папрасіла прамаўляць паэта так, як ён замысьліў ад пачатку:

“Вступ быў такі. Мне падабалася і падабаецца сцэна Дому Літаратараў. Бо там выступалі мае любімыя паэты: Максім Танк і Анатоль Сыс. Яны сыходзяць са сцэны, а гук застаецца. Спробы хоць бы наблізіцца да такога гучаньня, да сапраўднай паэзіі ў мяне ёсьць”.

Фэстываль “Парадак словаў” працягнецца да нядзелі 7 кастрычніка.

“Парадак словаў” не пусьцілі ў Дом літаратараў, 1.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG