Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску на 15 сутак арышту асуджаныя трое грамадзкіх актывістаў


Іна Студзінская, Менск Суд Цэнтральнага раёну Менску сёньня да 15 сутак адміністрацыйнага арышту засудзіў сябру аргкамітэту ў справе правядзеньня "Эўрапейскага маршу" Зьмітра Бародку, праваабаронцу Сьвятлану Гарохавік і прадпрымальніка Леаніда Навіцкага.

1 кастрычніка барысаўчане Зьміцер Бародка і Сьвятлана Гарохавік сустракалі ў Менску Леаніда Навіцкага, якога ў той дзень выпускалі са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на Акрэсьціна, дзе Навіцкі адбываў 10 сутак арышту. Каля 17-й гадзіны ўсіх трох затрымалі, адвезьлі спачатку ў Цэнтральны РАУС, потым у спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік. Абвінавачваньні стандартныя: вялі сябе з выклікам, груба лаяліся на адрас супрацоўнікаў міліцыі.

Студэнтка 4-га курсу факультэта прыкладной матэматыкі БДУ Сьвятлана Гарохавік, якую сьведкі-міліцыянты таксама абвінавачвалі ў грубай лаянцы, кажа:

“Не было такога ніколі. Я наагул ніколі не ўжываю лаянкі, і таму вельмі шкада, што гэтых людзей прымушаюць так сьведчыць і пісаць такія пратаколы”.

Судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Тацяна Паўлючук заслухала толькі сьведкаў-міліцыянтаў. Байцы палку міліцыі спэцыяльнага прызначэньня Сяргей Немагай, Аляксандар Круглікаў і Віталь Астроўскі ўчора, як яны тлумачылі ў судзе, (цытую) “несьлі службу па выяўленьні асобаў, якія распаўсюджваюць друкаваную прадукцыю антыдзяржаўнага характару”. Каля дому №11 па вуліцы Заслаўскай міліцыянты заўважылі двух хлопцаў і дзяўчыну, якія быццам заходзілі ў пад’езды і праз 3-5 хвілін адтуль выходзілі. Затрыманыя, паводле сьведчаньняў Немагая, Круглікава і Астроўскага прад’явіць дакумэнты адмовіліся, паводзілі сябе з выклікам, груба лаяліся ў адрас міліцыянтаў. Таму іх і затрымалі. Пасьля гэтага міліцыянты дазволілі Бародку даехаць да міліцыі на сваім аўтамабілі. Зьміцер Бародка сьцьвярджае, што затрымалі іх у іншым канцы горада, калі яны ехалі на машыне:

“Нас узялі каля стадыёну “Трактар”. Машыну “заблякаваў” міліцэйскі аўтамабіль, калі я вёз Леаніда дахаты. Мы ехалі ў Барысаў, і нас затрымалі”.

Сьведчыць Святлана Гарохавік:

“Мы ехалі на машыне ў горад Барысаў, дадому. Нас затрымалі супрацоўнікі ДАІ, пачалі патрабаваць дакумэнты, мы аддалі, потым падбеглі два чалавекі ў цывільным. Гэта было каля 17 гадзін. Потым адвезьлі ў РАУС, там пратрымалі каля чатырох гадзін. Прычым, са мной не было ніякіх размоваў. Забралі ўсе рэчы і пасьля 11-й ночы адвезьлі на Акрэсьціна”.

Але судзьдзя Тацяна Паўлючук прыняла да ўвагі толькі сьведчаньні міліцыянтаў. Судзьдзя палічыла, што штрафу будзе замала і асудзіла Леаніда Навіцкага, Зьмітра Бародку і Сьветлану Гарохавік на 15 сутак арышту. Прычым, абсалютна не ўлічваліся асобы асуджаных – часова беспрацоўны Леанід Навіцкі, да прыкладу, неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці, а Сьвятлану Гарохавік судзілі ўпершыню.

Грамадзкія актывісты асуджаныя да арышту 15 сутак, Менск, 2.10.2007; Сьвятлана Гарохавік
Сьвятлана Гарохавік

Грамадзкія актывісты асуджаныя да арышту 15 сутак, Менск, 2.10.2007
Сьведкі

Грамадзкія актывісты асуджаныя да арышту 15 сутак, Менск, 2.10.2007; Сьвятлана Гарохавік
Асуджаных вязуць адбываць пакараньне
XS
SM
MD
LG