Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 2 кастрычніка


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Форум парталу tut.by поўніцца водгукамі на сёньняшні страйк прадпрымальнікаў. Паводле арганізатараў страйку, у ім удзельнічала 30 тысяч прадпрымальнікаў з усёй Беларусі.

«30.000 усяго? А рэшту, значыць, усё задавальняе? Чакайце сёньня сюжэт па БТ пра несьвядомых 30.000 і сьвядомых 200.000, якія не пайшлі за хапугамі і правакатарамі...»

«Вы бачылі, каб у нейкай краіне падаткі не плацілі ды яшчэ і страйкавалі: маўляў, прымушаюць плаціць падаткі? Рэальна гэта не прадпрымальнікі, а звычайныя гандляры — нічога новага яны не прыдумалі і не вынайшлі, і ўжо з цяжкасьцю канкуруюць па коштах і выбары з крамамі. Страйкуйце! Крамы з радасьцю прымуць вашых пакупнікоў».

«Трэба зьвяртаць увагу на прычыну, а не на сьледзтва таго, да чаго прывялі гэтая прычыны. А прычына тут вельмі простая: і прадпрымальнікі, і іх наёмныя рабочыя ў свой час забілі на свае правы, праглынуўшы выкідоны ўлады».

«Выходзіць гэтым 30 тысячам трэба было, калі мы стаялі на плошчы ў сакавіку мінулага году. А то, блін, прачнуліся».

«Цікава, чаму страйкуюць толькі ІП-шнікі-гандляры? А як жа ІП, што працуюць у сфэры бытавых паслуг, у вытворчасьці мэблі, у будаўнічых і адстройных работах, у аграрным сэктары, аўдытары, уладальнікі "маршрутак", арганізатары ўрачыстасьцяў, архітэктары і інш.? Зьмены ў заканадаўстве датычаць усіх без выключэньня».

«Беларуская інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат» ператварылася ў разгалінаваны бібліятэчны сайт з каталёгам, пошукавай сыстэмай, падпіскай RSS і рэйтынгам выданьняў, — паведамляе «Наша Ніва» — Да ранейшых двух асноўных разьдзелаў “кнігі” і "часопісы" дадаўся разьдзел "артыкулы". Дагэтуль на новым сайце атрымалася сабраць больш за 500 беларускіх кніг і часопісаў. Але да канца 2007 году будзе іх больш за 1.000 — абяцае стваральнік сайту, беластоцкі беларус Яраслаў Іванюк». Дадатковыя грошы на разьвіцьцё гэтай беларускай электроннай бібліятэкі даў урад Польшчы ў рамках адной з праграм дапамогі беларускаму нацыянальнаму будаўніцтву.

«Беларусь на відэа: навіны і палітыка, аўтамабілі і спорт, мультфільмы, гумар і музыка онлайн, актуальныя і папулярныя відэаролікі і фільмы. Беларускі відэапартал, які абнаўляецца штодня», — вось які зьмест першага ў Беларусі відэа-парталу “Беларусь на відэа”. Дарэчы, сярод музычных ролікаў ужо сёньня можна паглядзець кліпы такіх выканаўцаў, як «N.R.M. », Зьміцера Вайцюшкевіча, «Старога Ольсы», «Чырвоным па беламу», «Крамы», «Без билета», этна-трыё «Тройца», «Ляписа Трубецкого»...

Таксама новы сайт “Сацыяльная сетка”, аўтары якога тлумачаць ідэю свайго праекту гэтак: «Гэта першая ў Беларусі «Сацыяльная сетка», унікальнай асаблівасьцю якой зьяўляецца пастаянна дзейны конкурс «Новыя твары краіны». Гэта шматфункцыянальны сэрвіс для зносінаў, самавыяўленьня і баўленьня часу. Ён дае магчымасьць карыстальнікам ствараць профілі, весьці блогі, разьмяшчаць фота і відэя і пры гэтым — выстаўляць любыя свае публікацыі для ўдзелу ў конкурсе ў розных намінацыях».

А блогер zion-by зьмясьціў фота афішы, якая запрашае на футбольны матч барысаўскага “БАТЭ” з гішпанскім “Вільярэалам”. Нармальная такая афіша, на якой вялікімі літарамі замест UEFA CUP надрукавана UEFA GUP...

Цікавы сайт – "Дасье вядомых людзей Беларусі", які зьмяшчае дасье на вядомых у Беларусі людзей, а таксама іх фотаздымкі. Я вырашыў праверыць: а ці ёсьць у сьпісе 649 асобаў на літару «П» зьвесткі пра нейкага Зьмітра Падбярэскага? Аказалася, ёсьць, адно што надзвычай скупыя. Маюцца і тры здымкі. Так што калі ў каго з вас узьнікне жаданьне праверыць сваю прыстунасьць у гэтым дасье, не абмініце сайт.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG