Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прысуд Андрэю Клімаву пакінулі бязь зьменаў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьмены прысуд Андрэю Клімаву, якога ў жніўні асудзілі на 2 гады зьняволеньня ў калёніі. Заўтра, 3 кастрычніка, былога дэпутата могуць адправіць у калёнію строгага рэжыму.

Сёньня ў Менскім гарадзкім судзе разгледзелі касацыйную скаргу Андрэя Клімава.

Нагадаю, 1 жніўня Цэнтральны суд Менску прызнаў былога дэпутата вінаватым у распаўсюджваньні праз інтэрнэт заклікаў супраць улады і асудзіў на два гады зьняволеньня ў калёніі.

Упершыню да апазыцыйнага палітыка ўжылі такую меру пакараньня, як зьняволеньне ў калёніі строгага рэжыму, — туды зьмяшчаюць рэцыдывістаў.

Паводле зьвестак з канцылярыі Менскага гарадзкога суду, прысуд Андрэю Клімаву пакінулі бязь зьменаў.

Як праходзіў разгляд скаргі? У канцылярыі суду пра гэта казаць адмаўляюцца. Адвакатка Валянціна Лятун, якая бараніла інтарэсы Андрэя Клімава, як і ягоныя сваякі, з журналістамі не кантактуе. Вядома толькі, што скаргу разглядалі за зачыненымі дзьвярыма. Закрыты быў і працэс у Цэнтральным судзе Менску.

Сябра і калега Клімава з Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Шынкарык мяркуе: вынік суду пацьвердзіў, што Андрэй Клімаў на кампраміс з уладай не пайшоў і па-ранейшаму не прызнае сябе вінаватым.

“Мяркую, Андрэй працягвае змагацца і робіць усё магчымае ў гэтых умовах. Гэта падкрэсьлівае ягоную прынцыповасьць, тое, што ён абсалютна мужны і самаахвярны чалавек”, — кажа Ігар Шынкарык.

Андрэя Клімава арыштавалі 2 красавіка, з таго часу ён знаходзіцца ў Менскім сьледчым ізалятары. Паводле закону, калі касацыйны суд пакінуў прысуд бязь зьмены, асуджанага могуць ужо на наступны дзень этапаваць у калёнію.

У Беларусі калёніі строгага рэжыму ёсьць у Ваўкавыскім, Барысаўскім, Івацэвіцкім раёнах. У дэпартамэнце выкананьня пакараньняў ня кажуць, куды накіруюць адбываць пакараньне Андрэя Клімава.

Арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Андрэя Клімава вязьнем сумленьня.


Дзень нараджэньня Клімаў сустрэў у Менскім сьледчым ізалятары, 17.09.07 Чаму ўлада маўчала пра прысуд Андрэю Клімаву?, 08.09.07
XS
SM
MD
LG