Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне акцыю пратэсту падтрымалі ня ўсе прадпрымальнікі


Радыё Свабода, Гомельшчына У Сьветлагорску акцыю пратэсту падтрымаў шэраг дробных бізнэсоўцаў рэчавага кірмашу “Першамайскі”, які працуе штодня. Не працавалі й стацыянарныя гандлёвыя пункты.

Апавядае сьветлагорская прадпрымальніца Ірына:

“Сёньня працэнтаў дваццаць прадпрымальнікаў працуюць, астатнія — страйкуюць. Стацыянарныя гандлёвыя памяшканьні ў дамах быту ўсе зачыненыя. Патрабаваньні мы выставілі й накіравалі ў інстанцыі. Гэта папераджальны аднадзённы страйк, наша акцыя пратэсту”.

У Рэчыцы не працаваў сёньня кірмаш на вуліцы Сьняжкова й каля паловы прадпрымальнікаў кірмашу “Славянскі”. У астатніх гандляроў быў звычайны працоўны дзень.

“Я, напрыклад, ня выйшаў на працу. Трэба, я думаю, прымусіць неяк зьвярнуць на сябе ўвагу хоць нейкай часткі чыноўнікаў, згуртаванасьць сваю паказаць”, — лічыць прадпрымальнік з Рэчыцы спадар Аляксей.

На думку страйкоўцаў, цяперашняя акцыя пратэсту была арганізаваная ня надта добра. Да таго ж ня ўсе дробныя бізнэсоўцы ўзялі ўдзел у страйку. Многім проста не хапіла разуменьня й мужнасьці, лічаць прадпрымальнікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG